Вы тут

На мове моладзі і без фармалізму


«Традыцыйныя формы работы з моладдзю працуюць далёка не заўсёды, таму неабходна шукаць новыя, больш эфектыўныя прыёмы. Мы павінны ісці ў інтэрнэт. Маладых трэба чуць, часцей запрашаць іх на дыялогавыя пляцоўкі, даваць ім магчымасць выказацца, быць адкрытымі да іх ініцыятыў. Трэба паскорыцца ў «раскручванні» цікавай тэматыкі», — такую думку агучыла на прэс-канферэнцыі, прысвечанай грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава.


Фота: pexels.com

«Сёння вельмі важна знайсці і выхаваць у маладзёжным асяродку лідараў, а мы будзем тымі, хто іх падтрымае і накіруе. Напрыклад, пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў дзейнічае Маладзёжны савет, у які абраныя 57 маладых людзей. Адна з функцый савета — быць сувязным звяном паміж уладай і моладдзю. Для нас важна ведаць, якім бачаць далейшае развіццё горада маладыя людзі», — падкрэслівае Вольга Чамаданава.

Адзін з унікальных гарадскіх маладзёжных праектаў — «Мінская змена». Ён накіраваны на фарміраванне грамадзянскай пазіцыі, сацыяльнай адказнасці, палітычнай культуры, раскрыццё творчага патэнцыялу студэнцкай моладзі навучальных устаноў Мінска. Яшчэ адна мэта праекта — выявіць лідараў з кола студэнцкай моладзі і прыцягнуць іх да вырашэння сацыяльна-эканамічных пытанняў жыццядзейнасці горада, а таксама сфарміраваць патэнцыяльны кадравы рэзерв для работы і практычнай дзейнасці ў органах дзяржаўнай улады. Праграма праекта ўключае некалькі этапаў. Удзельнікі праходзяць навучанне па праектным менеджменце, бізнес-планаванні, практыкумы і майстар-класы па арганізацыі праектнай дзейнасці, трэнінгі, накіраваныя на фарміраванне навыкаў камандаўтварэння і работы ў камандзе з прымяненнем сучасных тэхналогій; удзельнічаюць у дыялогавых пляцоўках. У маладых людзей ёсць магчымасць папрацаваць у цеснай звязцы з гарадской адміністрацыяй і атрымаць першы досвед кіраўніцкай дзейнасці. Фінальны этап — абарона інавацыйных праектаў, карысных для горада. Студэнты прапануюць свае ідэі па розных напрамках: маладзёжная палітыка, горадабудаўніцтва і архітэктура, экалогія і добраўпарадкаванне, адукацыя, медыцына, культура, спорт і турызм, развіццё малога бізнесу і іншых. Праект «Мінская змена» — комплексны і вельмі важны ў сучасных умовах.

А ў канцы 2021 года ў сталіцы запусцілі новы праект — М-стрым. Мінскі маладзёжны стрым — новы фармат зносін Мінгарвыканкама і сталічнай моладзі. Мяркуецца, што такія сустрэчы стануць рэгулярнымі. Чарговая пройдзе ў сакавіку ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. «Як высветлілася, не ўсе ведаюць пра існаванне гэтага музея, а менавіта адсюль і трэба распачынаць патрыятычнае выхаванне. Там прадстаўлены ўсе этапы станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы, гэта вельмі цікавае і знакавае месца, — падкрэсліла Вольга Чамаданава і дадала: «Сустракаючыся з моладдзю, я заўсёды атрымліваю задавальненне. Яны задаюць шмат пытанняў, выказваюцца адкрыта, прапануюць цікавыя ідэі. Сёння недастаткова сказаць, што я патрыёт, — трэба даказваць гэта рэальнымі справамі».

Дарэчы, а што значыць быць патрыётам? Ці ёсць адназначны адказ на дадзенае пытанне?

Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай расказаў, што падчас работы над праектам Праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2022—2025 гады было шмат дыскусій па згаданым пытанні. У выніку ў канчатковую рэдакцыю ўвайшлі наступныя тэрміны і азначэнні: «патрыёт — чалавек, які свядома суадносіць сваю дзейнасць з інтарэсамі краіны, ідэнтыфікуе сябе і сваю будучыню з народам, гісторыяй, культурай і гатовы стаяць на абароне інтарэсаў Айчыны»; «патрыятызм — духоўны здабытак асобы, характарызуе найвышэйшы ўзровень яе развіцця, усвядомленая штодзённая дзейнасць грамадзяніна на карысць Радзімы, народа, дзяржавы»; «патрыятычнае выхаванне — працэс, які грунтуецца на патрыятычных каштоўнасцях, накіраваны на ўсталяванне і ўмацаванне падмурка агульнасці і кансалідацыі, усведамленне адзінства грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў».

«Быць патрыётам, — падкрэслівае Аляксандр Кадлубай, — значыць любіць Беларусь, жыць і працаваць у сваёй краіне для яе дабрабыту, шанаваць беларускую культуру, а таксама паважаць дзяржаўную сімволіку Рэспублікі Беларусь».

На яго думку, самае недаравальнае ў правядзенні выхаваўча-патрыятычнай работы — фармалізм, калі з'яўляецца жаданне паставіць птушку і закрыць тэму.

Аляксандр Кадлубай паведаміў, што ў нашай краіне зарэгістравана каля 400 арганізацый, якія ажыццяўляюць маладзёжную палітыку, але рэальна на слыху дзейнасць толькі шаснаццаці з іх. Стратэгічнымі партнёрамі Міністэрства адукацыі выступаюць грамадскія аб'яднанні — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя, «Белая русь»...

Дарэчы, гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь будуць прадастаўляцца цяпер і ў галіне маладзёжнай палітыкі нараўне са сферамі навукі, адукацыі, аховы здароўя і культуры. Адпаведны ўказ падпісаў у канцы снежня 2021 года кіраўнік нашай дзяржавы. А Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Банка развіцця запусціў летась конкурс маладзёжных ініцыятыў. Яго мэта — ацэнка і адбор ініцыятыў, накіраваных на ўключэнне моладзі ў творчую дзейнасць і сацыяльную практыку, павышэнне грамадзянскай актыўнасці, раскрыццё патэнцыялу. Галоўны прыз — грант на рэалізацыю ідэі. Фактычна, у краіне быў пакладзены пачатак фарміравання грантавай сістэмы ў рамках маладзёжных ініцыятыў.

Яшчэ адзін новы маштабны рэспубліканскі патрыятычны праект БРСМ — «Ведай Беларусь», у рамках якога прайшлі серыя анлайн-квізаў, турнір па зборы пазлаў «Ведай Беларусь» і рэспубліканскі чэмпіянат па хуткаснай зборцы спілс-карты.

Адзін з новых кірункаў стратэгіі развіцця БРСМ — прававое выхаванне моладзі. Для дасягнення пастаўленых мэт Саюз моладзі плануе праводзіць навучальныя і інфармацыйныя мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне ўзроўню прававой адукаванасці і прававой культуры моладзі.

Таксама ў Год народнага адзінства прайшла рэспубліканская патрыятычная акцыя «Роднае — народнае», накіраваная на папулярызацыю дзяржаўных сімвалаў.

Своеасаблівай візітнай карткай БРСМ сталі адкрытыя дыялогі. Толькі ў Мінскай вобласці на працягу мінулага года было арганізавана 246 адкрытых дыялогавых пляцовак, на якіх уздымаліся пытанні самарэалізацыі моладзі ў прафесіі і творчасці, грамадскай рабоце, абмяркоўвалася новая стратэгія развіцця арганізацыі. Удзел у іх узяло больш як 6,5 тысячы чалавек.

Моцны ў Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі і такі напрамак, як валанцёрства. Яго валанцёры займаюцца добраўпарадкаваннем пахаванняў, аднаўленнем святыняў Беларусі, дапамагаюць у рэканструкцыі храмаў і добраўпарадкаванні прылеглай да іх тэрыторыі. Ці ж гэта не праява патрыятызму?

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.