Вы тут

Ідэі, якія не пакідаюць раўнадушным нікога


Матываванасць, згуртаванасць, упартасць і вера ў поспех — вось крэда каманды, якая прадставіла ў гранд-фінале рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» сваю распрацоўку — сэнсарную пальчатку для алічбавання жэстаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Над праектам працавалі вучаніцы Акцябрскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Лізавета ІВАНОВА і Эвеліна МАРОЗАВА пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы інфарматыкі Хрысціны Куставай. Дарэчы, іх ідэя перамагла ў намінацыі «Ахова здароўя» (медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, бія- і нанаіндустрыя).


Лізавета Іванова і Хрысціна Кустава: «Наша распрацоўка надзвычай актуальная для ўстаноў аховы здароўя».

— Наша ідэя заключалася ў тым, каб дапамагчы людзям з абмежаванымі магчымасцямі кантактаваць з тымі, хто не ведае мову жэстаў, — патлумачыла Лізавета Іванова. — Гэта надзвычай актуальна для ўстаноў аховы здароўя, прыёмных аддзяленняў бальніц, аптэк, сацыяльных устаноў, дзяржаўных органаў улады... Звычайна людзі, якія размаўляюць на мове жэстаў, пішуць тое, што ім трэба, на паперы ці на экране смартфона, каб іх зразумелі. Але як быць у экстранных выпадках, калі чалавеку патрабуецца неадкладная медыцынская дапамога? Добра, калі б такія пальчаткі мелі ў сваім арсенале брыгады хуткай дапамогі.

Сэнсарная пальчатка ўзаемадзейнічае са смартфонам з устаноўленай на ім мабільнай праграмай «EasySay», выкарыстоўваючы тэхналогію bluetooth. Жэсты распазнаюцца праграмай і выводзяцца на экран смартфона ў выглядзе тэксту.

У намінацыі «Нацыянальная бяспека, абарона ад надзвычайных сітуацый і авіякасміічныя тэхналогіі» перамагла каманда з Гомельскай сярэдняй школы № 30: вучань 9 класа Аляксандр ЛЁГКІ і яго настаўнік фізікі і інфарматыкі Аляксандр ГУЗАВЕЦ. Яны прадставілі дыстанцыйную руку для дапамогі супрацоўнікам МНС і сапёрам.

Аляк­сандр Лёг­кі дэ­ман­струе дыс­тан­цый­ную ру­ку для да­па­мо­гі ра­та­валь­ні­кам і са­пё­рам.

— Мы лічым наш праект вельмі актуальным, таму што плануем стварыць паўнавартаснага робата — маніпулятар з кісцевым захопам, здольны паўтараць за аператарам дакладна рухі яго кісці, — расказаў педагог. — На дадзены момант ёсць шмат небяспечных для жыцця заняткаў, калі патрабуецца дакладнасць ці магчымасць захопу аб'екта, напрыклад, пры абясшкоджванні бомбы, разграбанні завалаў і гэтак далей. Пры такой небяспечнай рабоце нават адна памылка можа пацягнуць цяжкія траўмы ці ўвогуле каштаваць жыцця, а паколькі аўтаматызаваць гэтыя працэсы амаль немагчыма, застаецца выконваць работу дыстанцыйна. Але для гэтага патрабуецца сапраўдная рука — максімальна набліжаная да анатамічнай чалавечай. І такая дыстанцыйная рука ў нас ужо ёсць.

Усе дэталі праекта ствараліся ў праграме для 3D-мадэлявання. Кісць выраблена на 3D-прынтары са зносаўстойлівага пластыку, які мадыфікаваны гліколем для большай даўгавечнасці. Зараз рука можа сгінаць кожны палец асобна ад астатніх, сціскаць невялікія аб'екты да пяці кілаграмаў. Яна працуе на адлегласці да 50 метраў. Яе рух забяспечваецца серваматорамі. На дадзены момант кантроль пальцаў адбываецца з дапамогай лінейных патэнцыяметраў, якія праз радыёмодуль перадаюць паказчыкі на плату кіравання Arduіno Nano. У перспектыве плануем стварыць робата, які будзе рухацца самастойна на шасі з дапамогай тэлеметрыі, кіравацца аператарам дыстанцыйна і перадаваць яму выявы ў рэальным часе.

Як падкрэслівае Аляксандр Гузавец, у адрозненне ад робатаў, якія выпускаюцца ў іншых краінах, яны змогуць забяспечыць найлепшы кантроль у параўнанні з класічнай кляшнёй маніпулятара. Кісць робата будзе дакладна паўтараць за аператарам у VR-шлеме рухі яго пальцаў і кісцей. Работнікі МНС ужо зацікавіліся гэтай распрацоўкай. Педагог са сваімі вучнямі ўдзельнічаюць таксама ў конкурсе робататэхнікі «Ратавальнік будучыні» і чакаюць яго фінальнага этапу.

Прыкладна з трох дзясяткаў дзяцей, што прыйшлі у «Школу юнага ветэрынара», зараз засталося толькі каля дзясятка. Верныя памочніцы ветэрынарных урачоў.

«Дабрыня выратуе свет» — дэвіз праекта, які прадставілі ў гранд-фінале дырэктар ветклінікі ў Лідзе «Кот Бегемот», галоўны ветэрынарны ўрач Павел ЖУЛЬПА і яго памочніцы — навучэнкі ўстаноў адукацыі горада. Праект перамог у намінацыі «Грамадства і сацыяльная сфера».

«Доктар «Пал Палыч», як называюць яго гаспадары гадаванцаў, якіх ён выратаваў, вядомы ў краіне сваімі аперацыямі па пратэзаванні канечнасцяў у жывёл. Апошнія могуць страціць лапы па розных прычынах: у выніку траўм, ампутацый ці стаць ахвярамі жорсткага абыходжання з боку чалавека. Першым яго пацыентам прыкладна два гады таму стаў дварняк Хопі. Гаспадар хацеў забіць сабаку і фактычна адсек яму лапу.

Потым пакінуў на ланцугу без дапамогі на два тыдні. Сабака сам сабе адгрыз пашкоджаную канечнасць. У клініку яго даставілі валанцёры. У выніку Хопі стаў першым сабакам у Беларусі з біянічным пратэзам. «Сёння бегае так добра, што проста не дагнаць, — усміхаецца Павел. — Не баліць, і ў сабакі ёсць надзейная апора замест страчанай лапы. Прызнаюся, для мяне гэта быў вельмі цікавы медыцынскі вопыт, першы складаны, выпакутаваны шлях да пратэзавання і вельмі дарагі ва ўсіх сэнсах пацыент» (сёння Хопі жыве ў Паўла).

Яшчэ адзін пацыент доктара — коцік Кузя з двума пратэзамі замест задніх лапак — быў наўмысна кінуты ў вогнішча і атрымаў тэрмічныя апёкі (напэўна, таму яго яшчэ называюць у клініцы Вугалёк).

Павел падкрэслівае, што праблему жорсткага абыходжання з жывёламі трэба вырашаць на заканадаўчым узроўні. А яго праект, прадстаўлены ў фінале, скіраваны на псіхалагічную рэабілітацыю дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

— Нашы пушыстыя падапечныя — асаблівыя, і дзеці — таксама асаблівыя, — тлумачыць ён. — Але калі малыя бачаць, якія каты і сабакі пазітыўныя, актыўныя, што адсутнасць лап, якія ім замянілі пратэзы, яны нават не заўважаюць і жывуць паўнавартасным жыццём, то атрымліваюць вялікі зарад энергіі і пазітыву. У іх з'яўляецца вера ва ўласныя сілы. Гэта дапамагае не здавацца. Гледзячы на тое, як рэагуюць на жывёл з пратэзамі дарослыя, мы вырашылі паказаць іх хлопчыкам і дзяўчынкам з Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Дзеці былі настолькі натхнёныя, што, гледзячы на іх, заплакалі нават мужчыны. Нашу ідэю ўжо падтрымаў фонд Аляксея Талая, мы знайшлі паразуменне і з боку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Ідэя вельмі добрая і не пакідае раўнадушным нікога. Пазітыўных момантаў павінна быць больш!

Павел Жульпа: «Нашы пушыстыя падапечныя пазітыўныя, актыўныя і жывуць паўнавартасным жыццём»

Дарэчы, дзяўчаты, якія дапамагаюць Паўлу ва ўсім і суправаджалі яго падапечных у Мінск, на фінал конкурсу «100 ідэй», з'яўляюцца выхаванцамі «Школы юнага ветэрынара», што дзейнічае пры ветклініцы. Гэта яшчэ адна важная сумесная з экалагічным цэнтрам сацыяльная ініцыятыва — спрыяць свядомаму выбару прафесіі. Прызнаецца, што сам ён стаў ветэрынарам... па волі выпадку. У медыцынскую ВНУ не паступіў, бо не хапіла балаў. Таму пайшоў вучыцца ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт на ветэрынара. Вырашыў, што гэта спецыяльнасць стаіць да медыцыны бліжэй за іншыя — там таксама трэба лячыць і выратоўваць жыцці, толькі не людзей. Але потым ні разу не пашкадаваў пра здзейснены крок. Ветэрынарыя яго адразу захапіла, яму пастаянна хочацца развівацца ў сваёй
прафесіі. Але так адбываецца далёка не заўсёды. Прыкладна з трох дзясяткаў дзяцей, што прыйшлі ў «Школу юнага ветэрынара», зараз засталося толькі каля дзясятка. «Добра, што прафесійны адбор адбываецца яшчэ на этапе вучобы ў школе..., — канстатуе Павел, — а атрымаць дыплом — зусім не азначае стаць высакакласным спецыялістам. Добра, калі ёсць магчымасць яшчэ да паступлення ўбачыць на свае вочы, дакрануцца і ўсвядоміць, з чым рэальна давядзецца сутыкнуцца ў будучай прафесіі».

Цікава, што ў намінацыі «Найлепшая бізнес-ідэя» таксама перамог праект, звязаны з хатнімі гадаванцамі. Яго аўтары — навучэнцы чацвёртага курса Гомельскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа Павел БАНДАРЭНКА і Вадзім ЧЫЖЭЎСКІ — распрацавалі шматфункцыянальную мабільную праграму для гаспадароў хатніх жывёл і GPS-трэкер для іх гадаванцаў. Месцазнаходжанне жывёліны і яе гаспадара фіксуюцца на інтэрактыўнай карце мясцовасці. Прылада валодае такімі якаснымі характарыстыкамі, як надзейнасць, дакладнасць вызначэння каардынат і хуткая іх адпраўка гаспадару, які згубіў свайго гадаванца.

Пра іншыя цікавыя праекты фіналістаў рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» мы плануем расказаць у наступных нумарах «Чырвонкі. Чырвонай змены».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».