Вы тут

Генштаб: УС Расіі вернуцца ў пункты дыслакацыі, калі з’явіцца неабходнасць


Падраздзяленні Узброеных Сіл Расіі вернуцца ў свае пункты пастаяннай дыслакацыі толькі тады, калі ў гэтым з’явіцца аб’ектыўная неабходнасць. Аб гэтым заявіў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Віктар Гулевіч на брыфінгу для ваенных аташэ, прымеркаваным да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл. Аб гэтым БелТА паведамілі ў Міністэрстве абароны.


«У сувязі з нарастаннем ваеннай актыўнасці ля знешніх граніц Саюзнай дзяржавы і абвастрэннем сітуацыі на Данбасе прэзідэнтамі Беларусі і Расіі прынята рашэнне праверку сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы прадоўжыць. Падраздзяленні Узброеных Сіл Расіі вернуцца ў свае пункты пастаяннай дыслакацыі толькі тады, калі ў гэтым з’явіцца аб’ектыўная неабходнасць і калі мы гэта самі вызначым. Гэта выключна наша ўнутраная справа», — сказаў Віктар Гулевіч.

Начальнік генштаба падкрэсліў, што ў немалой ступені гэта будзе залежаць і ад нашых заходніх калег. «Сілы і сродкі, якія былі размешчаны ва Усходнееўрапейскім рэгіёне, у тым ліку паблізу Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца адным з фактараў, якія ўплываюць на далейшае развіццё сітуацыі. Таму Беларусь мае права патрабаваць адводу створаных груповак войскаў ЗША і асобных краін — членаў НАТА ад граніц Рэспублікі Беларусь і Саюзнай дзяржавы і забяспечыць кантроль вываду войскаў мерапрыемствамі верыфікацыі», — дадаў Віктар Гулевіч.

Генштаб: Беларусь прытрымліваецца курсу на раўнапраўнае ўзаемавыгаднае ваеннае супрацоўніцтва

«Рэспубліка Беларусь прадаўжае прытрымлівацца нязменнасці курсу на раўнапраўнае ўзаемавыгаднае ваеннае супрацоўніцтва, удзел сумесна з іншымі дзяржавамі ў выкананні створаных міжнародных механізмаў забеспячэння глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, праводзіць зразумелую і прадказальную ваенную палітыку, а яе Узброеныя Сілы, з’яўляючыся асновай забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржавы, добра падрыхтаваны, укамплектаваны высокапрафесійным асабовым складам, адданыя Радзіме і здольныя нейтралізаваць увесь спектр узнікаючых пагроз — як знешніх, так і ўнутраных», — сказаў Віктар Гулевіч.

Паводле яго слоў, беларусы гатовы ўносіць свой уклад у справу па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі, аднаўленні парушаных сувязей і заўсёды адкрыты для такога ўзаемадзеяння.

Гулевіч: Супрацоўніцтва ў ваеннай сферы не можа разглядацца ў адрыве ад міждзяржаўных адносін

«Супрацоўніцтва ў ваеннай сферы не можа разглядацца ў адрыве ад агульнай рыторыкі і палітры міждзяржаўных адносін. Мы не прымаем дыктату і аднабаковых, якія ўшчамляюць беларускі бок, падыходаў. Палітыка па пашырэнні НАТА на Усход расцэньваецца намі як агрэсіўная і нічым не абгрунтаваная, — сказаў Віктар Гулевіч — Яна не забяспечвае стабільнасць ва Усходнееўрапейскім рэгіёне, а падвышае верагоднасць узброенага канфлікту».

Начальнік генштаба адзначыў, што адбываецца эскалацыя напружанасці. І не з тэрыторыі Беларусі. «Усё гэта прывяло да неабходнасці правядзення комплексу мер па стрымліванню ад такіх агрэсіўных праяў і пагрозы прымянення сілы ў адносінах да Рэспублікі Беларусь і Саюзнай дзяржавы ў цэлым», — падсумаваў Віктар Гулевіч.

Фота: БелТА, «Ваяр»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».