Вы тут

Іван Крупко: «Зямля павінна працаваць»


Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко правёў прамую лінію і прыём грамадзян у Рагачове.


Па дапамогу ў вырашэнні праблемных пытанняў да кіраўніка рэгіёна звярнуліся шэсць чалавек. Адны прыйшлі непасрэдна на прыём, іншыя агучылі свае звароты па тэлефоне. Першым на прамую лінію патэлефанаваў жыхар аграгарадка Урыцкае Гомельскага раёна. Мужчына распавёў, што ён і ўсе астатнія жыхары пяціпавярховіка пакутуюць з-за асацыяльных паводзін аднаго з суседзяў, які злоўжывае алкаголем. Па словах заяўніка, звароты да ўчастковага не прыносяць вынікаў. 

Іван Крупко даручыў адказным асобам вывучыць усе матэрыялы па гэтым пытанні і разабрацца ў сітуацыі.

Да губернатара з камунальным зваротам звярнулася жыхарка Гомеля. Паводле слоў Надзеі Міхайлаўны, другі год яна спрабуе аднавіць былы выгляд свайго жылля. Яе кватэру моцна затапіла з-за аварыі ў інжынернай сістэме дома. Прадстаўнікі ЖКГ зрабілі рамонт, але жанчыну яго якасць не задаволіла. Гамяльчанка заверыла, што з часам ад вільгаці ў кватэры ўзнялося падлогавае пакрыццё.

— Мне не трэба лішняга. Хачу вярнуць, як было, — пазначыла жанчына.

Як стала вядома падчас прамой лініі, КЖРЭУП «Цэнтральнае» плануе правесці незалежную экспертызу. Кіраўнік рэгіёна запэўніў, што сітуацыю дэталёва вывучыць. 

Жыхарка Рагачова, інвалід першай групы, паскардзілася, што не задаволеная аказаннем ёй медпаслуг. Паводле слоў жанчыны, у яе праблемы са здароўем доўжацца не адно дзесяцігоддзе, а прызначаныя медыкамі лекі не падыходзяць. Заяўніца таксама агучыла просьбу наладзіць у Рагачове працу сацыяльнага таксі. Усе магчымыя варыянты вырашэння агучаных праблем будуць знойдзеныя, запэўніў Іван Крупко.

Паступіла да губернатаруэа і дарожнае пытанне. Васіль Драздоў са Жлобіна папрасіў заасфальтаваць частку дарогі ад вёскі Хатоўня да дома-інтэрната ў вёсцы Пахар. Большую частку палатна ўжо заасфальтавалі, засталося — менш за паўтара кіламетра. Станам дарогі на гэтым маршруце не задаволеныя як работнікі ўстановы, якіх каля двухсот чалавек, так і наведвальнікі. 

Сітуацыю з гравійнай часткай дарогі растлумачыў генеральны дырэктар КПРСУП «Гомельаблдарбуд» Ігар Краўчанка. Па разліках спецыялістаў на кладку асфальту на гэтым участку спатрэбіцца каля 490 тысяч рублёў. Губернатар запэўніў, што рэзервы на рамонтныя работы адшукаюць. І калі не ў гэтым, дык у наступным годзе на гэтай дарозе з’явіцца асфальт. Пакуль жа гравійную дарогу часцей будзе апрацоўваць грэйдар.

Кіраўнік фермерскай гаспадаркі з Рагачова пацікавіўся надбаўкамі за рэалізацыю малака. Па словах старшыні аблвыканкама, для ўсіх, хто працуе ў вобласці, удзельнічае ў праграме падтрымкі аграбізнесу, дзейнічаюць адзіныя правілы.

— Усім гарантавана падтрымка для развіцця прапарцыянальна плошчы зямлі, — патлумачыў Іван Крупко.

Кіраўнік рэгіёна даў канкрэтныя даручэнні яшчэ па адным пытанні, агучаным фермерам, — выдзяленні дадатковага зямельнага ўчастку для нарыхтоўкі кармоў для статку буйной рагатай жывёлы. 

— Зямля павінна працаваць на кармы, на прадукцыю. Тым больш калі чалавек гатовы працаваць і мае для гэтага ўсе магчымасці. Падыдзіце да вырашэння пытання па-дзяржаўнаму, — звярнуўся да кіраўніцтва раёна Іван Крупко.

Жыхарка аграгарадка Балотня Рагачоўскага раёна Любоў Міхайлаўна прыехала на прыём, каб папрасіць дапамогі ў вырашэнні адразу некалькіх праблемных пытанняў. Яе і аднавяскоўцаў хвалюе працаўладкаванне мясцовага насельніцтва, нявыплата заработнай платы работнікам фермерскай гаспадаркі, якая закрылася. Акрамя таго вяскоўцы наракаюць на стан дарог у населеным пункце і адсутнасці крамы ў аграгарадку, зазначыла зяўніца. Падчас прыёму стала вядома, што прадаўца знайшлі, яна праходзіць навучанне. Неўзабаве гандлёвы аб’ект, такі неабходны жыхарам населенага пункта, зноў пачне працаваць. Па астатніх агучаных пенсіянеркай пытаннях кіраўнік вобласці даў даручэнне аператыўна разабрацца. 

Усе звароты ўзяты на кантроль.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота slova.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».