Вы тут

Лісты расійскага калекцыянера да беларускага экслібрысіста


У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца багаты фонд беларускага графіка Анатоля Мікалаевіча Тычыны (1897 — 1986). Сярод іншых матэрыялаў — літаральна сотні лістоў ад самых розных карэспандэнтаў. Калі б былі магчымасці ранейшых часін, напрыклад, 1970 — 1980-х гадоў, пэўна ж, пісьмы варта было б выдаць асобным кніжным томам. Ці нават у некалькіх тамах. І з назвай адпаведнай — «Лісты Анатоля Тычыны. Лісты да Анатоля Тычыны». У гэтай кнізе чытач (і заўтрашні, наступных пакаленняў — таксама) разгледзеў бы гісторыю не толькі цікавага мастака-адзінкі, судакрануўся б не толькі з яго светапоглядам, яго разуменнем амаль усяго XX стагоддзя, але і знайшоў бы атмасферу, убачыў бы партрэт стагоддзя, складзеныя з думак, меркаванняў дзесяткаў людзей, заклапочаных развіццём адной справы. Заклапочаных кніжным знакам і кнігай, кнігазнаўствам. Адзін з карэспандэнтаў беларускага мастака — калекцыянер Барыс Афанасьевіч Вілінбахаў.


Барыс Афанасьевіч Вілінбахаў.

Да 35-ці гадоў Вілінбахаў захапляўся філатэліяй. Акцэнт у калекцыі быў зроблены на паштовыя маркі Персіі. Гэтаму спрыяла і тое, што ў дзяцінстве ён жыў у Баку. У сярэдзіне 1920-х гг. малады чалавек — сярод арганізатараў Пскоўскага Губернскага аддзела Усерасійскага таварыства філатэлістаў. Пачынае Вілінбахаў збіраць яшчэ і боны. Працуе над росшукам дакументаў пра іх друк у архіве. Пра свае знаходкі піша ў часопіс «Советский коллекционер». А ў 1930 годзе Барыса Афанасьевіча пераводзяць у Ленінград. Адбываюцца знаёмствы са збіральнікамі кніжных знакаў. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны калекцыя Вілінбахава склала 7000 знакаў. Барыс Афанасьевіч служыў выкладчыкам у ваенным вучылішчы і быў эвакуіраваны з Ленінграда. Калекцыя, якая захавалася ў блакадным горадзе, перажыла ўсе выпрабаванні. У 1950 годзе Вілінбахава абралі Вучоным сакратаром секцыі калекцыянераў Ленінградскага дома вучоных. І заставаўся экслібрысіст на гэтай грамадскай пасадзе да сваёй смерці ў 1969 годзе. Калекцыя Вілінбахава налічвала 35 000 экслібрысаў. Ён лічыўся адным з буйнейшых збіральнікаў кніжнага знака ў Савецкім Саюзе...

Відаць, Анатоль Мікалаевіч Тычына першым напісаў Вілінбахаву. Бо ў лісце ў Мінск ленінградскі калекцыянер 8 студзеня 1958 года піша: «Паважаны Анатоль Мікалаевіч! Ваш ліст з’явіўся для мяне прыемнай нечаканасцю. Пра Вас і Вашу працу над кніжным знакам я ведаў ужо даўно. Вялікая частка Вашых прац у гэтым накірунку ёсць у маім зборы, які ўключае ў сябе звыш 15 000 дарэвалюцыйных і савецкіх знакаў. Кніжачка пра Вашы кніжныя знакі таксама мне знаёмая, але, на жаль, адсутнічае ў маёй экслібрысцкай бібліятэцы. Паведаміце, калі ласка, на якіх умовах я яе змагу атрымаць ад Вас. 

А тое, што Вы збіралі кніжныя знакі, для мяне навіна. 

Паколькі я працую над укладаннем „Гісторыі збіральніцтва кніжных знакаў у Расіі і СССР“, то вельмі прашу паведаміць мне наступныя дадзеныя пра сябе...» І далей: «Дасланыя Вамі кніжныя знакі будуць экспаніравацца на выстаўцы...» Так у студзені 1958 пачалося ліставанне паміж вядомым і аўтарытэтным калекцыянерам экслібрысаў і вядомым у асяроддзі збіральнікаў кніжнага знака мастаком-экслібрысістам. Дарэчы, Тычына і Вілінбахаў — равеснікі, абодва нараджэннем з 1897 года... Магчыма, і гэта спрыяла тактоўным, роўным зносінам. Хаця, зразумела, што з боку Барыса Афанасьевіча яны былі найперш досыць дзелавымі, скіраванымі на папаўненне калекцыі... 

З ліста Вілінбахава ад 31 студзеня 1958 г.: «...Вялікі, вялікі дзякуй за Вашу кніжку. Яна да гэтага часу знаходзілася ў ліку адсутных у мяне. Рады быў і атрымаць звесткі, якія я прасіў...» Размова — пра кнігу Аляксандра Шлюбскага «Exlibris’ы А. Тычыны», выдадзеную ў 1928 годзе. Дарэчы, бібліяграфічная каштоўнасць гэтай працы падштурхоўвае да рашэння аб яе перавыданні. Ці здзейсніцца гэты клопат зараз, у бліжэйшыя гады?.. Перавыданне гэтай лаканічнай працы лагічным было б з дадаткамі — артыкуламі 1920-х гг., прысвечанымі беларускай кніжнай графіцы, яе краязнаўчаму характару. 

Барыс Афанасьевіч адпраўляе ў Мінск брашуру С. Сільванскага «Кніжныя знакі Н. С. Бом-Грыгор’евай», якая была выдадзена ў Маскве ў 1932 годзе. Жывапісец, графік, Надзея Сяргееўна Бом-Грыгор’ева (1884 — 1974) была аўтарытэтным мастаком-экслібрысістам. Была ганаровым членам Маскоўскага клуба экслібрысістаў. Яе працы знаходзяцца ў зборах музеяў Расіі, постсавецкіх краін. Наклад дасланай у Мінск кніжачкі — 300 экзэмпляраў... Разам з працай, прысвечанай легендарнай экслібрысістцы, Вілінбахаў дасылае свайму карэспандэнту і некалькі кніжных знакаў. «...Думаю, што большасці з іх у вас няма. Вы пішаце, што ў Вас ёсць у дублетах Вашы старыя працы на рознай паперы і некаторыя працы беларускіх мастакоў. Дасылайце ўсё, што зможаце. Вазьму ўсё, паколькі мне трэба крыху разнастаіць свой абменны фонд...» І далей у лісце ад 31 студзеня чытаем: «... Хацелася б, каб вы прадоўжылі працаваць над кніжным знакам. Гэта павялічыла б колькасць новых кніжных знакаў і дало б Вам магчымасць, шляхам абмена, павялічыць свой збор...»

У лісце ад 15 лютага 1958 г. узнікае цікавая для калекцыянераў тэма — фатаграфічны кніжны знак. «...Дзякую за дасланыя кніжныя знакі. Некаторыя <...> папоўнілі мой збор, а астатнія патрапілі ў дублеты. Калі ёсць яшчэ што-небудзь, дасылайце, спатрэбіцца. Увогуле, фатаграфічны кніжны знак непажаданы і доўгі час такі за кніжны знак не лічыўся. Але нішто не вечна пад Месяцам і зараз даводзіцца даць яму права грамадзянства. Яго паклікала да жыцця дзікая палітыка гарлітаў, якія не давалі дазвол на друк кніжных знакаў. Вось тут і прыйшла на дапамогу фатаграфія. І зараз ёсць дастатковая колькасць такіх кніжных знакаў і з гэтым даводзіцца лічыцца. <...> Дасылаю Вам 54 кніжных знакі. Буду вельмі рады, калі яны Вам спатрэбяцца...»

У верасні 1958 Б. Вілінбахаў афіцыйна як вучоны сакратар секцыі калекцыянераў Ленінградскага Дома вучоных запрашае А. Тычыну прыняць удзел у чарговай справаздачнай выстаўцы кніжных знакаў (экслібрысаў), выкананых у 1958 годзе. Захоўваецца сярод іншай эпісталярыі і запрашэнне паўдзельнічаць у выстаўцы і ў 1960 годзе са знакамі, выкананымі ў 1959 г. Лісты з першых ужо гадоў эпісталярных стасункаў калекцыянера і мастака пераконваюць у тым, што гэтая сувязь спрыяла развіццю экслібрысістыкі ў Беларусі. Вілінбахаў падштурхоўваў, запрашаў да ўдзелу ў выстаўках, рабіў пэўныя падказкі, зыходзячы са свайго вопыту, як арганізаваць выстаўку ў Мінску, якім павінен быць каталог, даваў ацэнку кніжным знакам беларускіх творцаў. 15 мая 1960 г.: " Вельмі парадавала мяне тое, што ў Вас арганізуецца выстаўка экслібрысаў і, у асаблівасці, тое, што мяркуецца выданне каталога яе. Гэта ж вельмі важны момант у прапагандзе экслібрыса. Пераканаўча прашу Вас, калі ён выйдзе ў свет, даслаць мне 10 экзэмпляраў. Разлік за іх зраблю адразу ж... <...> Не зусім разумею Вашы хістанні наконт каталога. Мне думаецца, што каталогі нашых цяперашніх выставак, ва ўмовах поўнай адсутнасці экслібрыснай літаратуры, павінны быць па магчымасці болей поўнымі, каб быць не толькі памяткамі выстаўкі, але і дапаможнікамі для збіральнікаў. Таму горача рэкамендую каталог выдаць па ўзору нашага..." Барыс Афанасьевіч тактоўна патлумачвае: «... Канешне, не таму, што ён „наш“, а таму, што ў ім ёсць усе неабходныя дадзеныя...» Вілінбахаў і дае парады адносна таго, хто з калекцыянераў вядзе сябе дастойна пры абмене. «За них ручаюсь головой» — гэтак характарызуе ленінградскі карэспандэнт Паўла Барысавіча Горцава і Леаніда Аляксандравіча Літошанку. Стасункі Тычыны з Горцавым, мяркуючы па лістах, што захоўваюцца ў БДАМЛІМ, доўжыліся з 1960 па 1973 гг. 

На некаторых лістах Вілінбахава ёсць пазнакі Анатоля Мікалаевіча, зробленыя алоўкам. Пра тое, якія кніжныя знакі і колькі іх адпраўлена ў Ленінград. У лістападзе 1961 г. Анатоль Мікалаевіч адправіў экслібрысы Шушкевіча, Пушчы і Баркоўскага па 3 асобнікі кожны. У красавіку 1963-га мастак адсылае 10 знакаў. Напрыканцы красавіка ў тым самым 1963-м годзе — запрашальны білет, афішу, выразку публікацыі з «ЛіМа». 

17 студзеня 1963 года Б. Вілінбахаў удакладняе масштаб сваёй калекцыі на 1 студзеня 1963 г.: «... У мяне было 24 420 шт.» У лісце за 4 чэрвеня 1963 г. калекцыянер падкрэслівае важкасць сувязі з беларускай тэмай праз Тычыну... «...Спадзяюся, што Вам удасца ў гэтым годзе выканаць некалькі кніжных знакаў. Бо Вы ж з’яўляецеся адзіным, на жаль, прадстаўніком у гэтай галіне графікі ў Беларусі». 6 ліпеня — амаль праз месяц — і выключная, зразумелая калекцыянерам трывога: «... Спужала мяне паведамленне, што Вы перадалі свой збор кніжных знакаў бібліятэцы. Ці значыць гэта, што Вы спынілі збіраць кніжныя знакі? Калі так, то вельмі, вельмі шкада. Бо гэта значыць, што Вы згубілі цікаўнасць да іх і што ў Мінску яны зусім заціхнуць. А Беларусь жа і так не вылучалася экслібрыснымі поспехамі, аднаго Вас на рэспубліку было малавата. Хацеў бы думаць, што тут нешта не так. Напішыце мне як мага хутчэй і, магчыма, супакоіце мяне...» 29 ліпеня 1963 г. Барыс Афанасьевіч узрадавана піша, што «Ваш ліст мяне супакоіў. А то я ўжо думаў, што мы страцілі Вас як экслібрысіста, а кожная такая страта вельмі адчувальная для нашага, як ні кажы, нешматлікага брацтва. Вельмі рады, што Вы працуеце над кніжнымі знакамі і мы хутка іх убачым...» І ўжо дасылае Анатолю Мікалаевічу адрасы аўтарытэтных экслібрысістаў — Яўгена Мікалаевіча Мінаева, Эрыха Прыймана, Якава Ісаакавіча Бердзічэўскага, Сяргея Кірылавіча Хіжняка. 

У 1964 годзе прадметам ліставання становіцца кангрэс у Кракаве. З перапіскі становіцца вядомым, што выпадкова, карыстаючыся толькі тым, што знаходзіўся ў Варшаве ў гасцях у родзічаў, удзельнікам аўтарытэтнага форума экслібрысістаў стаў літоўскі калекцыянер Шапіра. Відавочна, што размова — пра паліграфіста Восіпа Ізраілевіча Шапіру з Вільнюса. «...Ён там дэманстраваў літоўскія кніжныя знакі, — піша Вілінбахаў. — Не ведаю, якія з іх. Гэта вельмі сумна, паколькі яны ў сваёй большасці даволі нізкай якасці. 

Хацелі ехаць на кангрэс даволі многія людзі, але ніхто не атрымаў дазволу. 

Увогуле атрымалася нядобра. Ва ўдзельнікаў кангрэса склалася ўражанне, што ў СССР кніжны знак стаіць на такім узроўні, што і паказваць яго сорамна...» 

У 1969 годзе Барыса Афанасьевіча Вілінбахава не стала... Ён, адзін з самых вялікіх калекцыянераў-экслібрысістаў на прасторах Савецкага Саюза, не дажыў да зорнага часу ў развіцці беларускага кніжнага знака... Анатоль Тычына пражыў доўгае жыццё. Памёр мастак і калекцыянер экслібрысаў у 1986 годзе... У 1972 у Мінску выйшла яго і Віктара Шматава кніга «Беларускі кніжны знак». 

А што да Барыса Вілінбахава, то з рода ленінградскага калекцыянера (Вілінбахавы занесены ў радаслоўныя кнігі Яраслаўскай і Віцебскай губерняў) — герой Барадзінскай бітвы, камандзір Нясвіжскага карабінерскага палка Іван Афанасьевіч Вілінбахаў (1794 — 1928), дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі Афанасій Пятровіч Вілінбахаў (1831 — 1917)... Сын калекцыянера — Вадзім Барысавіч (1924 — 1982) — гісторык, першы старшыня Камісіі па анамальных з’явах Рускага геаграфічнага таварыства, унук — Георгій Вадзімавіч (нарадзіўся ў 1949 годзе) — старшыня Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі, дзяржаўны герольдмейстар Расіі, намеснік дырэктара Дзяржаўнага Эрмітажа па навуковай працы... 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.