Вы тут

Генерал-маёр Леанід Касінскі: Сапраўдны патрыятызм ідзе ад сэрца


У Пасланні беларускаму народу і парламенту Прэзідэнт вельмі шмат гаварыў пра цану міру і незалежнасці. Сёння, ва ўмовах неспакойнай ваенна-палітычнай абстаноўкі ў свеце, у тым ліку каля нашых граніц, мы вымушаны адстойваць сваю незалежнасць, а таксама прыкладаць шматлікія намаганні для таго, каб наша краіна па-ранейшаму заставалася мірнай і спакойнай.


Беларусы, як ніхто, ведаюць, што такое вайна. Падзеі, якія адбываліся на нашай шматпакутнай зямлі ў пачатку 1940-х, ніколі не павінны сысці ў нябыт, бо, як сказаў кіраўнік дзяржавы, крыніца нашых каштоўнасцяў — гістарычная памяць. Гісторыя становіцца цацкай у руках палітыкаў. Ёй спрабуюць маніпуляваць, гістарычнай няпраўдай разбураюць тое, што стваралася многімі дзесяцігоддзямі, а галоўнае, сутыкаюць ілбамі народы, якія гадамі жылі ў міры і сяброўстве.

Год гістарычнай памяці, аб'яўлены Прэзідэнтам, а таксама запланаваныя ў яго межах мерапрыемствы, павінны расставіць усе акцэнты. Многія ключавыя моманты, звязаныя з нашым мінулым, якое так шчыльна пераплятаецца з днём сённяшнім, будуць замацаваны ў абноўленай Канстытуцыі. Чаму мы, нашчадкі пакалення пераможцаў, сёння абавязаны стаяць на варце гістарычнай праўды і памяці, а таксама як выхоўваць сучасных патрыётаў, «Звяздзе» расказаў памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёр Леанід Касінскі.

— Леанід Віктаравіч, 15-ы артыкул Канстытуцыі дапоўнены палажэннем, якое сведчыць аб тым, што «дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Чаму сёння ўзнікла неабходнасць заканадаўчага замацавання Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў Асноўным Законе краіны?

— Унясенне гэтага палажэння ў Асноўны Закон заканамернае, і ў гэтым няма нічога звышнатуральнага. Мяняюцца рэаліі, зусім іншая геапалітычная абстаноўка, сыходзіць пакаленне ветэранаў, усё менш становіцца тых людзей, якія ведаюць гістарычную праўду і не давяраюць скажонай інфармацыі, напісанай у інтэрнэце. Мы і раней, у Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, заяўлялі, што фальсіфікацыя гісторыі з'яўляецца пагрозай нацыянальнай бяспецы краіны. Сёння гэта набывае асаблівую актуальнасць з улікам тых умоў, калі з усіх бакоў на нас вядзецца гібрыднае ўздзеянне, якое накіравана менавіта на размыванне гістарычнай праўды, пэўных межаў у свядомасці моладзі. Напэўна, прыйшоў час навучыцца абараняць тое, што мы стварылі, і не трэба саромецца гэтага рабіць. Мы павінны зберагчы памяць аб подзвігу нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, перадаць яе маладому пакаленню.

— Гэты год аб'яўлены Годам гістарычнай памяці. Дзяржаўныя органы, ведамствы, грамадскія аб'яднанні, проста неабыякавыя людзі паступова ўключаюцца ў работу па захаванні памяці аб падзеях, у першую чаргу, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Якіх мерапрыемстваў чакаць ад Міністэрства абароны?

— Узброеныя Сілы, у тым ліку ваеннае ведамства, заўсёды з'яўляліся пэўным апірышчам захавання гістарычнай памяці, асабліва гэта датычыцца гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Усе асновы выхаваўчай, інфармацыйна-прапагандысцкай работы, сацыякультурнай дзейнасці ва Узброеных Сілах грунтуюцца на выхаванні ваеннаслужачых на подзвігах удзельнікаў вайны, тых людзей, якія далі нам права жыць у самастойнай дзяржаве, незалежнай Беларусі, проста жыць. Калі б яны не здзейснілі свае подзвігі, напэўна, мы сёння не існавалі б. Як дзяржава — дакладна. Для нас усё гэта не новае, аднак сёння ў гэтым кірунку мы шукаем новыя формы, метады работы: як з асабовым складам, так і з насельніцтвам. У мінулым годзе мы сталі ініцыятарамі арганізацыі ваенных пляцовак у ходзе святкавання такіх памятных дат, як Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці і інш. І гэта было не толькі ў сталіцы, мы ахапілі практычна ўсю Беларусь. Аналіз публікацый у СМІ і тых водгукаў, якія ваеннае ведамства атрымала — і ад органаў мясцовай улады, і проста ад неабыякавых людзей, — паказаў, што такая форма работы цікавая насельніцтву, у першую чаргу, падрастаючаму пакаленню. Да 9 мая пачне сваё FM-вяшчанне ваеннае радыё, у эфіры якога будуць узнімацца і пытанні захавання памяці, і патрыятычнага выхавання. Запланавана правядзенне гістарычных рэканструкцый, адкрыццё новай экспазіцыі ў дзяржаўным музеі гісторыі Узброеных Сіл. Асаблівай увагі патрабуе пытанне ўвекавечвання памяці ўдзельнікаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, герояў сучаснай Беларусі.

— У справе ўвекавечвання памяці тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, ваенным ведамствам праводзіцца вялікая работа. Ці спраўляецца з такой каласальнай нагрузкай 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён, які адзіны ва ўсёй краіне мае права займацца пошукавай дзейнасцю?

— Летась ваеннаслужачыя 52-га батальёна правялі пошукавыя работы на 81 аб'екце. 13 аб'ектаў з іх былі вызначаны ў межах крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай па фактах генацыду. У выніку пошукавай работы за мінулы год мясцовым органам улады для перапахавання былі перададзены астанкі амаль 1400 ваеннаслужачых і звыш дзвюх тысяч мірнага насельніцтва. Вызначаны імёны 42 чалавек, са сваякамі 15 загінулых удалося звязацца (астанкі 10 чалавек перададзены для пахавання на Радзіме).

За больш чым 26-гадовую гісторыю стварэння ўпраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, а таксама 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна тыя архівы па месцах пахаванняў ваеннаслужачых, якія знаходзіліся ў ваенным ведамстве, мы практычна адпрацавалі. У нас нават былі думкі аб скарачэнні штатнай колькасці пошукавага батальёна, але ў сувязі са зноў выяўленымі фактамі ў выніку работы Генпракуратуры (падняты вялізны пласт інфармацыі, частка якой дагэтуль была засакрэчана як у нас, так і ў Расійскай Федэрацыі) мы дадаткова набралі ў батальён яшчэ адзін пошукавы ўзвод. Ранейшай штатнай колькасці батальёна не хапае, каб адпрацаваць усе аб'екты, устаноўленыя Генеральнай пракуратурай. Прадметы, якія выяўляюцца на месцах раскопак, сведчаць аб тым, што людзей знішчалі бязлітасна. У пачатку 1990-х гадоў чамусьці многія з аб'ектаў, дзе мы знайшлі астанкі мірных жыхароў, падаваліся як месцы, дзе быццам бы НКУС расстрэльвала ворагаў савецкай улады. Боепрыпасы, знойдзеныя ў пахаваннях, размяшчэнне цел і многія іншыя факты сведчаць аб тым, што гэта справа рук нямецкіх акупантаў.

— Прадстаўнікі пошукавых атрадаў не раз выступалі з ініцыятывай удзельнічаць у раскопках. Некаторыя (у прыватнасці магілёўскі пошукавы клуб «Віккру», які нядаўна атрымаў з рук Прэзідэнта прэмію «За духоўнае адраджэнне») не першы год прымаюць удзел у гэтай высакароднай справе, аднак абавязкова ў прысутнасці прадстаўнікоў ваеннага ведамства. А што перашкаджае дазволіць пошукавым аб'яднанням ажыццяўляць раскопкі самастойна? Гэтым самым яны значна аблегчылі б працу вайскоўцам...

— Да нас неаднаразова звярталіся актывісты, прадстаўнікі пошукавых атрадаў з просьбай удзельнічаць у раскопках. Я, шчыра кажучы, праціўнік таго, каб клубы, асабліва тыя, у якія ўваходзяць школьнікі, выконвалі пошукавыя работы на мясцовасці самастойна. У першую чаргу, гэта выклікана пытаннямі бяспекі. Чалавечае жыццё не мае цаны, а жыццё дзіцяці — тым больш. Як правіла, дзеці менш асцярожныя, чым дарослыя, якія маюць ужо пэўны жыццёвы вопыт. Ваеннаслужачыя 52-га пошукавага батальёна да раскопак рыхтуюцца як тэарэтычна, так і практычна. Перш чым ваеннаслужачы будзе дапушчаны да выканання задач у палявых умовах, ён атрымлівае прышчэпкі. Гэта звязана з тым, што мы сёння не можам гарантаваць, што ў пэўным пахаванні не будзе астанкаў, якія нясуць у сабе небяспеку чумы або сібірскай язвы.

Па-другое, на месцах раскопак пастаянна выяўляюцца выбухованебяспечныя прадметы. Вельмі не хацелася б, каб хлопцы і дзяўчаты, якія з'яўляюцца членамі гэтых пошукавых клубаў, былі траўмаваны або, не дай бог, загінулі. Мы неаднаразова казалі, што ўсе работы павінны выконвацца толькі пад наглядам вопытных спецыялістаў. Дзяцей лепш прыцягваць да пытанняў вывучэння месцаў баёў, гісторыі таго ці іншага месца. На тых участках, дзе гэта небяспечна (аб чым сведчыць праведзеная разведка), мы зможам прыцягваць да раскопак юных пошукавікаў. Гэта датычыцца і дарослых людзей, якія спрабуюць зрабіць свой унёсак ва ўвекавечванне памяці нашых продкаў.

— У гэтым кантэксце вельмі дарэчы яшчэ адна важная навацыя Асноўнага Закона краіны — «праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа з'яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь». Чаму такое ўласцівае большасці беларусам пачуццё, як патрыятызм, патрабуе сёння заканадаўчага замацавання?

— Патрыятызм — крыніца непахіснасці любой дзяржавы, якая падсілкоўвае незалежнасць, суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць, здольнасць ісці наперад. Многія чамусьці звязваюць патрыятызм толькі з людзьмі ў пагонах. А патрыёт — не толькі чалавек у пагонах. Гэта і настаўнік, і пекар, і хлебароб, і трактарыст... Чаму мы сёння прыходзім да таго, што ў Асноўным Законе замацоўваем гэты пастулат? Тая работа, якая вядзецца супраць нас, накіравана на знішчэнне гістарычнай памяці, а разам з ёй і пачуцця патрыятызму. Сёння многія з тых, хто супраць нас, спрабуюць размыць межы паміж патрыятызмам і нацыяналізмам. І прыклады гэтага мы выразна можам бачыць на вопыце тых каляровых рэвалюцый, якія адбываліся на постсавецкай прасторы, у тым ліку ў нас у 2020 годзе. На фоне размыцця гэтых межаў паміж патрыятызмам і нацыяналізмам у многіх людзей, асабліва ў моладзі, узнікае пачуццё моды на патрыятызм, але не на сапраўдны, а лжывы, паказны. Калі ў 2020 годзе людзі хадзілі па вуліцах з бчб-сцягамі і крычалі, што яны патрыёты, многія з іх не разумелі, што стаіць за гэтым сцягам, якая яго гісторыя і куды іх вядуць. Калі патрыятызм становіцца модай, гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя. Сапраўдны патрыятызм ідзе ад сэрца. Патрыёт — не той, хто гучна крычыць аб гэтым, а той, хто сваімі справамі, учынкамі робіць нешта карыснае для сваёй краіны, для яе будучыні. Патрыёт — не той, хто пытаецца, што яму краіна дала, а той, хто задаецца пытаннем, што ён можа зрабіць для краіны дзеля таго, каб заўтра яна была мацнейшай, прыгажэйшай, развівалася. Тым, хто яшчэ не ўсвядоміў, хто такі патрыёт, я рэкамендаваў бы прачытаць аповесць Васіля Быкава «Сотнікаў», а хто лянуецца чытаць — паглядзець фільм па матывах твора «Узыходжанне».

— Найбольш эфектыўнай школай патрыятызму на працягу многіх дзесяцігоддзяў з'яўляецца армія. Сёння пытанне службы ва Узброеных Сілах стаіць як ніколі востра...

— Пытанне службы ў арміі для маладога чалавека было заўсёды актуальнае. Армія — асаблівы ўклад жыццядзейнасці, звязаны з вялікай колькасцю абмежаванняў. Воінская служба спалучана з асаблівай небяспекай. Абараняць Радзіму — надзвычай адказная місія. Малады чалавек, які да прыходу ў армію не быў паглыблены ў пэўны аб'ём адказнасці або нёс яе толькі за сябе, трапляе ў асаблівы асяродак, дзе з першых дзён нясе адказнасць не толькі за сябе, але і за тых, хто яго акружае, за сям'ю, краіну. Выконваючы свае паўсядзённыя абавязкі ў адпаведнасці з пасадай, якую ваеннаслужачы займае, малады чалавек не заўсёды ўсведамляе, што ад яго залежыць бяспека краіны. Адслужыць для мужчыны заўсёды было важна: тыя навыкі — практычныя, побытавыя, псіхалагічныя, якія ён атрымае ў выніку зносінаў у гэтым асяродку — ён не атрымае больш нідзе. Гэта ўнікальны вопыт. Сярод навабранцаў мы праводзім сацыялагічнае апытанне. Паўтараем яго праз год-паўтара (у залежнасці ад таго, колькі каму прызначана служыць), калі малады чалавек пакідае межы воінскай часці. Ён, ужо незалежны ад Узброеных Сіл, ананімна адказвае прыкладна на тыя ж пытанні, якія яму прапаноўваліся ў пачатку службы. Параўноўваючы гэтыя вынікі, бачым, як мяняецца светапогляд маладых людзей, у тым ліку і стаўленне да абароны краіны, погляд на патрыятызм. Больш чым 46 % маладых людзей кажа аб тым, што асноўнай школай патрыятызму для яго з'яўляецца армія, 43 % выбірае сям'ю. Гэта два асноўныя інстытуты, якія фарміруюць патрыётаў краіны.

— Калі дазволіце, пра асабістае. У вашым працоўным кабінеце на бачным месцы вісіць партрэт вашага дзеда-франтавіка, яго ўзнагародны ліст. Не магу не спытаць пра яго лёс...

— Мой дзед, Аляксей Аляксандравіч Касінскі, прайшоў усю вайну. У маі 1941 года быў прызваны на тэрміновую службу. На фронце — з першых дзён вайны. Служыў у разведцы: ад радавога да камандзіра разведвальнай роты дайшоў да Берліна. На адным з расійскіх тэлеграм-каналаў, які спецыялізуецца на тэме разведкі і ваенна-марскога флоту ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нядаўна выпадкова знайшоў фотаздымак свайго дзеда, праўда, ужо ў вельмі шаноўным узросце. Артыкул, у якім змяшчаўся фотаздымак, быў прысвечаны ўнікальнаму пошуку разведчыкаў, які ажыццяўляўся на тэрыторыі Польшчы на рацэ Нараў. Гэтую аперацыю здзейсніла разведвальная група, якой кіраваў мой продак. Дагэтуль падобны пошук спрабавалі ажыццявіць іншыя разведчыкі, але беспаспяхова. З задачай бліскуча справіўся малодшы лейтэнант Касінскі, ні адзін разведчык не загінуў. Уся разведгрупа, уключаючы дзеда, была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга. Майму продку вельмі пашанцавала: гэта ўнікальны выпадак, калі чалавек усю вайну прайшоў у разведцы і, нягледзячы на чатыры раненні, застаўся жывы. Дзед памёр, калі мне было сем гадоў. Пры жыцці ён вельмі шмат удзяляў мне увагі, вельмі хацеў, каб я стаў ваенным. Цікавае супадзенне: у 28-й арміі, з якой у свой час ён дэмабілізаваўся, я пачынаў сваю службу.

Вераніка КАНЮТА


Поўны тэкст Канстытуцыі чытайце тут

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.