Вы тут

Вертыкальныя фермы — спроба прымірэння гарадскога і сельскага жыцця


По прагнозам ААН, да 2050 года насельніцтва Зямлі складзе 9,7 млрд чалавек і прыкладна дзве траціны будуць жыць у гарадах. Са сталым узростам ліку жыхароў нашай планеты ўсё вастрэй робяцца праблемы вырошчвання прадукцыі, аднаўлення ўрадлівых земляў, забруджання прэснай вады. Дастаўка харчавання ў гарады з сельскай мясцовасці каштуе нятанна і павялічвае вугляродны след. Таксама неспрыяльныя ўмовы надвор’я могуць загубіць ураджай і сарваць дастаўкі, што выкліча істотны ўзрост попыту на харчаванне. Таму тэма забеспячэння эка-ўстойлівага харчавання ў гарадах робіцца ўсё больш актуальнай.


Адным з вырашэння дадзенай праблемы з’яўляецца ўдасканаленне існуючых сельскагаспадарчых тэхналогій вырошчвання гародніны і садавіны ў гарадах. І для гэтага не трэба прыдумляць нешта новае. Досыць зірнуць у мінулае, пераняць досвед, мадэрнізаваць яго і скарыстаць. Напрыклад, як нашы продкі спраўляліся з праблемай недахопу ўрадлівых земляў ці вымушаным перасяленнем? Шляхам выкарыстання метадаў гідра- і аквапонікі.

Ад Вісячых садоў да гародаў на стэлажах

Архітэктурная практыка задоўга да з’яўлення вертыкальных фермаў выпрацавала мноства прыёмаў ды прынцыпаў, што рэалізуюць ідэю інтэграцыі архітэктуры і прыроды. Метады гідрапоннай гадоўлі раслін ужывалі яшчэ найстаражытныя цывілізацыі. Падвесныя сады Семіраміды ў Вавілоне, плывучыя сады ацтэкаў у Мексіцы, гідрапонныя збудаванні ў Старажытным Кітаі... Гадоўлю раслін у вадзе апісваюць егіпецкія іерагліфічныя запісы.

У XIX стагоддзі навукоўцы і садоўнікі эксперыментавалі з рознымі метадамі гідрапонікі. Патэнцыйнае выкарыстанне складалася ў вытворчасці свежых прадуктаў у няворыўных раёнах свету. У 1915 годзе земляроб Гілберт Эліс Бэйлі прыдумаў тэрмін «вертыкальная сельская гаспадарка» і напісаў кнігу з такой жа назвай. Ён сцвярджаў, што сельская гаспадарка ў кантраляваным вертыкальным асяроддзі забяспечыць эканамічныя і экалагічныя выгады. Напачатку 1930-х навуковец Уільям Фрыдэрык Герыке стаў піянерам гідрапонікі ў Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі. У 1980-х шведскі фермер Ацэ Олсон прапанаваў вертыкальную сельскую гаспадарку ў якасці сродку вытворчасці гародніны ў гарадах. Ён вынайшаў спіральную сістэму рэек для гадоўлі раслін. 

Хмарачосы для пятрушкі

Новы метад вырашэння праблемы задавальнення ўзросту попыту на харчаванне ў гарадах складаецца ў распрацоўцы і ўкараненні вертыкальных аграпрамысловых будынкаў — вертыкальных фермаў.

Гэта сучасны трэнд сельскай гаспадаркі... у гарадах. Канцэпцыя вертыкальных фермаў дапускае культываванне раслін і свойскай жывёлы ў вышынных будынках на тэрыторыях гарадскіх раёнаў, дзе адсутнічаюць даступная зямля і прастора. Па сутнасці гэта высокааўтаматызаваныя аграпрамысловыя комплексы змешанага выкарыстання, якія могуць сумяшчацца з функцыяй жытла ці існаваць асобна, размяшчаючыся ў адмыслова спраектаваным вышынным будынку.

Для паўнавартаснага функцыявання такіх фермаў трэба на 90 % менш вады і ўдвая менш угнаенняў. Пры гэтым ураджайнасць гародніны, зяленіва, ягад, грыбоў удвая вышэйшая.

Асноўны прынцып ужывання метадаў гідра- ці аквапонікі на вертыкальных фермах складаецца ў выкарыстанні, у тым ліку паўторным, прыродных рэсурсаў і біяраскладаемых адкідаў, каб закальцаваць экалагічны ланцужок і мінімізаваць шкоду, што наносіцца навакольнаму асяроддзю, а таксама для магчымай нармалізацыі экасістэм.

Рацыянальнае выкарыстанне тэрыторый, эканомія часу на арганізацыю гаспадаркі, поўны кантроль кліматычных умоў чалавекам, магчымасць гадаваць вітамінную гародніну проста ў горадзе — усё гэта дазваляюць рабіць сучасныя тэхналогіі.

Такім чынам, вертыкальныя фермы — спроба прымірэння гарадскога і сельскага жыцця для фармавання эка-гарадоў будучыні.

Гэта цікава

Mirai Corp у Японіі — самая вялікая вертыкальная ферма ў свеце плошчай 25 000 м2. Для працы ёй трэба на 40 % меней энергіі, на 80 % меней угнаенняў і на 99 % меней вады, чым звычайнай. А прадукцыйнасць павялічылася ў 100 разоў — у дзень там вырошчваюць 10 000 галовак латуку.

AeroFarms у ЗША — адна з самых вялікіх вертыкальных фермаў у свеце — месціцца ў будынку былога сталеліцейнага завода ў Нью-Джэрсі. Дзякуючы глыбокаму разуменню біялогіі раслін, кампанія сёння гадуе больш за 550 розных гатункаў садавіны ды гародніны. Мясцовым раслінам не патрабуюцца сонечнае святло і зямля, а таксама ёй трэба ў 20 разоў меней вады, чым традыцыйнай ферме.

Насельніцтва планеты экспаненцыйна расце, і галоўным чынам у гарадскіх раёнах, тым часам як у глабальным маштабе мае месца нястача харчовых рэсурсаў.

Вертыкальныя фермы неўзабаве стануць неад’емнай часткай жыцця ў гарадах па ўсім свеце. Хатняя вертыкальная ферма адрозніваецца ад прамысловай толькі меншымі памерамі.

Яўген АБАРАНАК

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?