Вы тут

Чамаданава: Самае галоўнае, што ніхто не маўчыць


Эксперты зверылі гадзіннікі ў абмеркаванні важных пытанняў жыцця грамадства і вырашэнні надзённых праблем беларусаў. На базе інфармацыйнага агенцтва «Мінск-навіны» прайшло чарговае пасяджэнне «Дэпутацкага клуба», першае ў новым годзе. Як заўважыў мадэратар сустрэчы генеральны дырэктар агенцтва «Мінск-навіны» Андрэй Крывашэеў, сустрэча прысвечана абмеркаванню самых актуальных тэм.


Фота: pixabay.com

Натуральна, без увагі ўдзельнікаў дыскусійнай пляцоўкі не засталася самая важная на сёння агульнанацыянальная тэма — падрыхтоўка да правядзення Канстытуцыйнага рэферэндуму і тыя грамадскія абмеркаванні, якія праводзяцца па ўсёй краіне.

Андрэй Крывашэеў звярнуў увагу, што людзі актыўна абмяркоўваюць праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. І, што цікава, у кожнай сацыяльнай групы свае пытанні і інтарэсы. «Працоўныя калектывы больш цікавяць сацыяльныя пытанні, устойлівасць і стабільнасць эканомікі, арэнднае жыллё, пытанні аховы здароўя, захаванне гістарычнай памяці. «Але чым маладзейшая аўдыторыя, з якой размаўляеш, тым больш палітызацыі тэмы Канстытуцыі. Моладзь цікавяць пытанні пераходных палажэнняў, Усебеларускага народнага сходу, дзейнасці Прэзідэнта, парламента, мясцовай улады», — падкрэсліў ён.

З Андрэем Крывашэевым пагадзілася і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава. Яна акцэнтавала ўвагу на важнасці дыялогавых пляцовак для агульнага абмеркавання змяненняў у Канстытуцыю. «Калі мы толькі пачалі праводзіць дыялогавыя пляцоўкі, галоўным пытаннем было навошта ўносіць змяненні ў Канстытуцыю?. На наступнай пляцоўцы людзі ўжо цікавілся, чаму, напрыклад, паўнамоцтвы паміж Прэзідэнтам і парламентам раздзяляюцца менавіта такім чынам, а не іншым. Працоўныя калектывы больш абмяркоўваюць сацыяльныя пытанні, іх хвалюе захаванне сямейных каштоўнасцяў. Па сваіх сустрэчах я магу сказаць, што моладзь цікавіцца палітычнымі пытаннямі. Нават цытуюць, зачытваюць некаторыя артыкулы. Тое, што ў насельніцтва ёсць заклапочанасць змяненнямі Канстытуцыі, гэта відавочна, у гэтым нават не даводзіцца сумнявацца», — заявіла яна.

Па словах Вольгі Чамаданавай, самае галоўнае, што людзі не маўчаць і не саромеюцца выказвацца. Яна прывяла прыклад грамадскіх прыёмных, якія пачалі працаваць 30 снежня. І, нягледзячы на навагоднія святы, людзі ішлі ў першую чаргу з пытаннямі і прапановамі, а не скаргамі ці асабістымі зваротамі. «Як толькі пачынаеш казаць, што час дыктуе, што Асноўны Закон краіны павінен прайсці праз змены, людзі пераключаюцца на падзеі 2020 года. Вельмі шмат увагі засяроджана на тых падзеях. Напрыклад, у сувязі з гэтым многія факусіруюцца на гарантаванні інфармацыйнай бяспекі, захаванні персанальных даных. Самае галоўнае, што ўсе нашы дэпутаты, палітолагі ўцягнуты ў работу з насельніцтвам і ніхто не адмаўляе людзям у адказах на іх пытанні», — падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец звярнуў увагу, што людзей у большай ступені хвалююць змены, звязаныя з рэалізацыяй канстытуцыйных правоў і свабод. Асабліва — правоў і свабод, якія датычацца сацыяльна-эканамічнай сферы. «І ў гэтым плане хацелася б нашых грамадзян супакоіць. Агульнасусветныя стандарты не толькі захоўваюцца ў аўтэнтычным выглядзе, у якім увайшлі ў Канстытуцыю ў 1994 годзе, больш за тое, яны пашыраюцца з улікам напрацаванай за чвэрць стагоддзя правапрымяняльнай практыкі, у тым ліку на канстытуцыйна-прававым узроўні, у частцы пашырэння сацыяльных гарантый», — заявіў ён.

Гэта новая форма барацьбы з дзяржавай

Кіраўнік Аналітычнага цэнтра EcooM Сяргей Мусіенка заявіў, што стаўленне беларусаў да змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю змянілася пасля падзей у Казахстане: «Людзі зразумелі, што ўносіць змены і прапановы ў дакумент лепш, чым мець пасля спаленыя машыны і разбітыя вітрыны. Гэта як прышчэпка. Той жах, які мы бачым у Казахстане, мог быць і ў нас, мы былі на мяжы. Таму не варта расслабляцца, падзеі ў Казахстане павінны нас ацверазіць і мабілізаваць».

Па словах Андрэя Крывашэева, падзеі ў Казахстане не могуць пакінуць беларусаў безудзельнымі. «Гэта спроба дзяржаўнага перавароту, гэта не вывучаныя, на жаль, Казахстанам беларускія ўрокі 2020 года. Мы павінны зрабіць высновы з гэтых крывавых і трагічных падзей нашага саюзніка. Тым больш што Беларусь адправіла туды частку міратворчага кантынгенту ў складзе міратворчых сіл АДКБ», — заявіў ён.

Падрабязна аб сітуацыі ў Казахстане выказаўся аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, аналітычны аглядальнік Аляксей Аўдонін. Паводле яго слоў, тое, што адбываецца цяпер у Казахстане — зусім не вынік сацыяльнага канфлікту, выкліканага павышэннем цэн на газ. Гэта не аксамітная рэвалюцыя, не мірныя пратэсты, а дзеянні высокаарганізаваных тэрарыстычных груповак, арыентаваных на хуткі, вокамгненны захоп асноўных гарадоў, ключавых цэнтраў, лагістычных вузлоў. «Гэта сведчыць аб тым, што на Казахстане былі апрабаваны новыя тэхналогіі захопу ўлады. Калі б гэтыя тэхналогіі былі выкарыстаны ў нас ці ў іншай постсавецкай краіне, вынік быў бы зусім іншы. Тыя, хто распрацоўваў спецаперацыю ў Казахстане, улічылі вопыт і з сітуацыяй у Беларусі ў 2020 годзе, і ўкраінскі, і іншых аксамітных рэвалюцый на постсавецкай прасторы. Гэта новая форма барацьбы з дзяржавай і ўстанаўлення кантролю над тымі ці іншымі тэрыторыямі. І ў дадзеных умовах важна забяспечыць такі механізм кіравання дзяржавай, які б пры любых абставінах мог выстаяць, утрымаць уладу», — растлумачыў ён.

Асноўная мэта — камфорт грамадзян

Цікавай тэмай для абмеркавання экспертамі стала кватэрнае пытанне, якое мінчан не сапсавала, але хвалюе. «Нядаўна быў прыняты бюджэт горада, а таксама прайшлі дзве нарады на ўзроўні Прэзідэнта, дзе абмяркоўвалася развіццё сталіцы з пункту гледжання архітэктуры, транспарту, жылля для патрэбы, развіцця гарадоў-спадарожнікаў», — падкрэсліў Андрэй Крывашэеў. Удзельнікі «Дэпутацкага клуба» абмеркавалі камфортнасць пражывання жыхароў сталіцы, стан аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры і іншыя аспекты горадабудаўніцтва. «Ёсць выразная стратэгія развіцця гарадскіх тэрыторый да 2030 года. Асноўная мэта ўлады ў гэтым кірунку — камфорт грамадзян. Мы ставім перад сабой дзве задачы: забяспечыць зручнасць у месцы пражывання (мікрараёнах) і камфорт перамяшчэння гараджаніна да працоўнага месца. Што да першай пазіцыі, то будзе яшчэ раз праведзена ацэнка размяшчэння сацыяльных аб'ектаў — дзіцячых садоў, школ. Калі раней горадабудаўнічы падыход быў прапісаны нарматывам (так званая крокавая даступнасць гэтых аб'ектаў у межах 500 м), то зараз ад гэтай катэгорыі будзем адыходзіць, таму што мяняецца паняцце крокавай даступнасці. Мабільнасць насельніцтва павысілася настолькі, што крокавая даступнасць ацэньваецца ўжо не адлегласцю, а часам да прыбыцця ў той ці іншы пункт. Вось гэтую адзнаку мы правядзём і занясём яе ў генплан, які абнаўляецца. Магчыма, таму памяняюцца арыенціры па будаўніцтве дзіцячых садоў і школ, іх размяшчэнні. Другая пазіцыя — час прыбыцця на працоўнае месца. Калі ацэньваць так, як гэта робіцца ў свеце, то камфортным лічыцца час прыбыцця ад дома на работу за 35—40 хвілін або да 1,5 гадзіны, калі пражываеш у іншым населеным пункце. З гэтага і будзем зыходзіць», — расказаў першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Дзмітрый Мікулёнак. Таксама ён звярнуў увагу на арэнднае жыллё, якое для многіх з'яўляецца эфектыўным спосабам вырашэння жыллёвага пытання. Паводле яго слоў, арэндныя дамы ў Мінску працягнуць будаваць, але з новаўвядзеннямі. «Па рашэнні гарадскіх улад прыярытэтна на такое жыллё могуць прэтэндаваць настаўнікі, медыкі, ваенныя. У большасці будзем выдзяляць арэндныя кватэры ў пэўных дамах па ўсім горадзе, каб было зручна дабірацца на працоўнае месца дадзеным катэгорыям спецыялістаў. Пункты забудовы вызначаны, яны знаходзяцца ў кварталах жылой забудовы ў Кастрычніцкім, Фрунзенскім, Маскоўскім раёне, у далейшым будуць разглядацца Першамайскі і Партызанскі», — расказаў Дзмітрый Мікулёнак.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Ігар Камароўскі заявіў, што дзяржава дабілася сур'ёзных поспехаў у будаўніцтве сацыяльнага жылля. «Разам з тым, калі жыхары сталіцы хочуць пабудаваць камерцыйнае жыллё, то некаторыя з іх сутыкаюцца з нядобрасумленнымі забудоўшчыкамі. І як у гэтым выпадку абараніць гараджан ад даўгабудаў, як застрахаваць людзей, якія ўступаюць у долевае будаўніцтва, — гэта вельмі сур'ёзнае сацыяльнае пытанне», — сказаў ён.

Удзельнікі «Дэпутацкага клуба» закранулі і фарміраванне Мінскай агламерацыі і тэрыторыі, якія могуць у яе ўвайсці. У прыватнасці, вялікі інтарэс выклікала пытанне аб наданні пасёлку Бараўляны статусу горада. Дзмітрый Мікулёнак заўважыў, што калі разглядаць Мінск як ядро агламерацыі, то Бараўляны для сталіцы не з'яўляюцца нейкім прывабным кавалкам, бо там ужо ўсё развілася, сфарміравалася і ўплываць на гэтую тэрыторыю сталічныя ўлады не могуць.

Вакцынацыя абароніць

Не засталася без увагі ўдзельнікаў «Дэпутацкага клуба» тэма вакцынацыі падлеткаў ад каранавіруснай інфекцыі, якая праводзіцца ў краіне. Дэпутат Мінгарсавета, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ленінскага раёна — галоўны ўрач Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Віктар Жукоўскі падкрэсліў, што вакцынацыя — важная частка барацьбы з ковід-інфекцыяй. Пры гэтым, для таго каб атрымаць добры эфект ад прышчэпачнай кампаніі, трэба вакцынаваць як мага больш людзей, асабліва з уразлівых груп. «Вакцынацыя ад каранавіруса абароніць ад цяжкіх ускладненняў. Гэта галоўнае. І дзяцей прывіваць трэба. Цяпер вакцынуем 12—17-гадовых, а ў перспектыве, магчыма, будзем прышчэпліваць і ў больш малодшым узросце. Як ад грыпу (прышчэпліваюць з 6 месяцаў. — Заўв. аўт.)», — сказаў эксперт.

Віктар Жукаоўскі заявіў, што беларуская мадэль барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй даказала сваю эфектыўнасць. Па яго словах, рана ці позна ковід будзе пераможаны, як грып, які стаў сезонным захворваннем.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?