Вы тут

Зверыць час па царскіх гадзінніках з Дуброўна


Развіццё ўязнога турызму — адзін з прыярытэтаў Віцебшчыны ў бягучай пяцігодцы. Тут шмат што можна ператварыць у прывабны турыстычны прадукт, у тым ліку для жыхароў няблізкіх краін. Напрыклад, швейцарцам будзе цікава пабываць на Дубровеншчыне. І не толькі таму, што там у чыстым полі пабудавалі адно з самых стыльных казіно, але і таму, што швейцарцы калісьці куплялі гадзіннікавыя механізмы менавіта тут. А вы ведалі?


Дзякуючы Пацёмкіну

Калісьці ў Дубровенскім краі, які мяжуе з Расійскай Федэрацыяй, выраблялі кішэнныя гадзіннікі. Мала хто пра гэта ведае за межамі раёна, а між тым, гадзіннікавая прадукцыя з Дуброўна вядомая на ўвесь свет. У прыватнасці, рукатворны цуд з далёкага мінулага можна ўбачыць у піцерскім «Дзяржаўным Эрмітажы». На зваротным баку надпіс: «Фабрыка Дубровенская». Той гадзіннік з беларускай глыбінкі можна назваць узорам механізацыі з вялікай літары. Самага пераборлівага эстэта парадуе тое, як ён выглядае: белы эмалевы цыферблат, змешчаны ў корпус, зроблены з серабра...

А пачыналася вытворчасць у кацярынінскія часы. Менавіта ў Дуброўне ў другой палове XVІІІ стагоддзя адкрылася першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі гадзіннікавая фабрыка — і адна з першых у тагачаснай Расіі. Дуброўна тады належала найсвятлейшаму князю Рыгору Пацёмкіну, фаварыту імператрыцы Кацярыны ІІ.

Мясцовыя музейшчыкі і краязнаўцы з вялікім задавальненнем і гонарам расказваюць пра «гадзіннікавае» мінулае. У прыватнасці, пра немца Пятра Нардштэйна, з пераезду якога са сталіцы Расіі ў горад літаральна пачаўся новы час. Імператрыца-асветніца запрасіла яго разам з іншымі іншаземнымі спецыялістамі развіваць расійскую вытворчасць механізмаў для вызначэння часу. Спачатку Нардштэйн вучыў азам гадзіннікавай справы вучняў спецыялізаванага класа Акадэміі мастацтваў.

Першыя гадзіннікавыя мануфактуры ўжо дзейнічалі ў Санкт-Пецярбургу і Маскве. Але... непрыбыткова. Нардштэйн у лісце калегам на радзіму пісаў, што яго папярэднікі працавалі са стратамі. Пацёмкін вырашыў правесці эксперымент, каб высветліць, што патрэбна для выгаднай вытворчасці. І Нардштэйн знайшоў адказ.

Падарунак майстра

Выбар прыпаў менавіта на Нардштэйна яшчэ і таму, што ён распрацаваў аўтарскую канструкцыю кішэннага гадзінніка і атрымаў адпаведны патэнт у Шведскай каралеўскай акадэміі навук. Прыехаў ён у Расію ў 1766 годзе.

Дарэчы, попыт у Расіі на гадзіннікі быў вялікі, бо іх да адкрыцця ўласнай вытворчасці імпартавалі. Каштавалі яны вельмі дорага. Гэтым і дыктавалася патрэба наладзіць прыбытковую айчынную гадзіннікавую вытворчасць.

Імператрыца, якая запрасіла майстра на аўдыенцыю, была ў захапленні ад падарунка Нардштэйна — цудоўнай прыгажосці пярсцёнка-гадзінніка.

Фабрыку ў Дуброўне немец узначаліў праз 20 гадоў пасля выкладчыцкай работы ў Санкт-Пецярбургу. Інвестар Пацёмкін выдаткаваў 12 тысяч рублёў (на той час вялікая сума грошай). Вытворчасць была з асаблівасцю: станкі запускаліся пры дапамозе спецыяльнай прылады, якая, у сваю чаргу, рухалася пры дапамозе вады. (На іншых вытворчасцях было нажное кіраванне абсталяваннем.)

Нардштэйн укараніў і ўласную сістэму арганізацыі працы. Яго папярэднікі вучылі майстэрству стварэння гадзінніка больш-менш адукаваную моладзь з гарнізонных школ для дзяцей салдат. Ён жа ўзяў непісьменных юных сялян. Забяспечыў іх усім неабходным за ўласны кошт.

У Нардштэйна не было права атрымліваць без пошліны замежнае абсталяванне. Але гэта не перашкодзіла яму наладзіць выраб канкурэнтаздольнай прадукцыі. Праз некалькі гадоў фабрыка ў Дуброўне пачала працаваць прыбыткова. Выраблялі не толькі кішэнныя гадзіннікі, але і насценныя, сонечныя, карпусы для гадзіннікавых механізмаў, самі механізмы, інструменты рознага прызначэння і іншае.

Ідэя фэсту

На жаль, сёння ў райцэнтры няма гадзіннікавага прадпрыемства. Ідэя, дарэчы, лунае ў паветры. Калі б знайшоўся інвестар, ды каб добрую маркетынгавую кампанію правесці...

Тутэйшыя не забылі цікавыя факты з мінулага. І ў гонар таго, што Дубровеншчына калісьці была гадзіннікавым краем, некалькі гадоў таму ўстанавілі ў цэнтры гарадка памятны знак. Грацыёзная вежа адразу ж стала месцам для спатканняў, і, безумоўна, даволі арыгінальным турыстычным пунктам. Вышыня дубровенскага «біг-бэна» — каля трынаццаці метраў. На чатырох баках замацаваныя стыльныя гадзіннікі, дыяметр кожнага — метр. Яны адны з самых дакладных ва ўсёй краіне, бо функцыянуюць са спадарожнікавай сінхранізацыяй. Карэкціроўка ходу механізма з космасу дазваляе паказваць рэальны час з дакладнасцю да мілісекундаў.

Неаднойчы агучвалася і ідэя арганізаваць у Дуброўне фестываль гадзіншчыкаў. Падзея можа атрымацца карыснай і цікавай для наведвальнікаў. У час смартфонаў даведвацца пра час па гадзінніку — прыкмета не толькі высокага статусу, але і добрага густу.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.