Вы тут

Новую машыну хуткай дапамогі і легкавы аўтамабіль падарылі на днях медыкам Карэліцкага раёна


Новую машыну хуткай дапамогі і легкавы аўтамабіль падарылі на днях медыкам Карэліцкага раёна. Крыху раней сёлета ўрачы Райцаўскай амбулаторыі таксама атрымалі «хуткую», а налета, як мяркуюць мясцовыя ўлады, у раёне з’явіцца яшчэ адна карэта для неадкладнай дапамогі.


Адну машыну набылі з грашовай дапамогай гаспадарак раёна, другую — за бюджэтныя сродкі, заўважыў, перадаючы ключы ад новага транспарту галоўнаму ўрачу раённай бальніцы, Генадзь ШАТУЕЎ, старшыня Карэліцкага райвыканкама:

— Аўтапарк нашай хуткай дапамогі жадаў лепшага, і новыя машыны ўмацуюць раённую бальніцу. Транспарт будзе пераразмяркоўвацца паміж карэліцкай і мірскай паліклінікамі. У гэты складаны час ваш калектыў паказвае сябе як працалюбівыя і нераўнадушныя прафесіяналы.

Аўтамабіль аснашчаны ўсім неабходным для камфортнай работы медыкаў. Вышыня яго — 1,8 метра, у машыне ёсць крэсла-каталка з функцыяй руху ўперад-назад і фіксацыяй, месца для кіслародных балонаў, а таксама рэнтгенанегатыўныя насілкі і крэсла-каляска.

— Гэта падарунак не толькі медыкам, але і жыхарам. Наш раён маленькі, але ж тут жывуць працавітыя людзі, якія дастойны якаснай, камфортнай і своечасовай медыцынскай дапамогі, — падзякавала за карысны падарунак галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Данута СКВАРАДА.

Усяго за год у мясцовую бальніцу і паліклініку паступіла больш як 20 адзінак тэхнікі і абсталявання амаль на паўмільёна рублёў. Гэта, прынамсі, электракарыдыёграф, які імгненна расшыфроўвае кардыяграму і ставіць дыягназ, партатыўны УГД, які лёгка ўзяць з сабою да цяжка хворых у рэанімацыі, каб не транспарціраваць іх на даследаванне. А яшчэ апарат для гемадыялізу, інфузійныя помпы, кіслародны канцэнтратар і іншыя карысныя і неабходныя рэчы.

Многае падчас пандэміі стала для ўрачоў неабходнасцю. Напрыклад фібрабронхаскоп, які дазваляе ачышчаць ад макроты лёгкія пацыентаў, якія доўгі час знаходзіліся на кіслароднай падтрымцы. А атрыманы зусім нядаўна кліпатар дазваляе спыняць крывацёк з верхніх аддзелаў страўнікава-кішачнага тракту. Наклаўшы кліпсу, можна пазбегнуць поласцевай аперацыі, падкрэсліла карысць і своечасовасць атрыманага абсталявання галоўны ўрач.

Налета мясцовыя ўлады мараць трапіць у інвестыцыйную праграму, каб завяршыць рамонт і мадэрнізацыю станцыі гемадыялізу аддзялення хуткай дапамогі. І абяцаюць, што будзе выдзелена 100 тысяч на рамонт аддзялення дзённага стацыянару.

Ірына СІДАРОК, фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.