Вы тут

Сенатары на пасяджэнні сесіі Савета Рэспублікі ўхвалілі змены ў Падатковы кодэкс


У прыватнасці, прапанаваныя змяненні і дапаўненні арыентаваны пераважна на вырашэнне практычных пытанняў падаткаабкладання, далейшае спрашчэнне парадку вылічэння і выплаты падаткаў і паляпшэнне падатковага адміністравання. Пры гэтым карэкціроўкі Падатковага кодэкса ўлічваюць базавыя і дадатковыя меры. Шэраг мер накіраваны на стымуляванне дзелавой актыўнасці і павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці. Таксама навацыямі прадугледжаны сістэмныя змены ў дачыненні да падыходаў да падаткаабкладання самазанятых грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і мікраарганізацый.


Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў паведаміў, што асноўнымі мерамі фіскальнага характару з’яўляюцца індэксацыя ставак падаткаў, устаноўленых у беларускіх рублях.

У прыватнасці, індэксуюцца зямельны і экалагічны падаткі, падатак за здабычу прыродных рэсурсаў, падаходны падатак з фізічных асоб у фіксаваных сумах і іншыя падаткі. Стаўкі падатку на ігральны бізнес, індэксацыя якіх не ажыццяўлялася на працягу апошніх трох гадоў (2019 — 2021 гады), павялічваюцца на 10 працэнтаў.

Таксама на прагнозны індэкс росту намінальнай заработнай платы будуць скарэктаваны льготы і вылікі па падаходным падатку і стаўкі на падакцызныя тавары.

Так, законапраектам прадугледжана павелічэнне ставак акцызаў на тытунёвыя вырабы (у сярэднім на 15 %), на іншыя падакцызныя тавары (спірт, спіртазмяшчальную, алкагольную і слабаалкагольную прадукцыю).

Таксама ўводзяцца акцызы на вадкасці для электронных сістэм курэння і нетабачныя нікатынаўтрымліваючыя вырабы.

Распрацоўшчыкі законапраекта прапануюць дадатковыя меры: увядзенне з 1 ліпеня 2022-га абавязку па вылічэнні і выплаце ПДВ замежнымі арганізацыямі і прадпрымальнікамі пры электронным дыстанцыйным продажы тавараў.

— Цяпер акрамя звычайных гандлёвых арганізацый на рынку Беларусі прысутнічаюць замежныя арганізацыі (Wildberries, OZON, AliExpress і іншыя), якія рэалізуюць пакупнікам тавары дыстанцыйна праз электронныя гандлёвыя пляцоўкі. Такія тавары дастаўляюцца пакупнікам з-за мяжы кур’ерскімі службамі, праз пункты выдачы альбо з дапамогай паштовых адпраўленняў, — нагадвае міністр фінансаў. — Аднак у адрозненне ад звычайнай рэалізацыі тавараў, выплата ПДВ у бюджэт Рэспублікі Беларусь не ажыццяўляецца з прычыны адсутнасці механізму спагнання гэтага падатку.

Ён паведаміў, што ў рамках адаптацыі падатковай сістэмы да новых лічбавых мадэляў вядзення бізнесу прапануецца спаганяць ПДВ пры электронным дыстанцыйным продажы тавараў замежнымі суб’ектамі. Для гэтага яны павінны станавіцца на ўлік у падатковыя органы, прадстаўляць падатковую дэкларацыю па ПДВ і выплачваць падатак у бюджэт.

Таксама адмяняецца льгота па падатку на нерухомасць у дачыненні да кватэр у шматкватэрных жылых дамах. 

— Гэта забяспечыць аднастайны падыход у падаткаабкладанні ўладальнікаў індывідуальных будынкаў, у тым ліку ў сельскай мясцовасці, якія ўжо сёння з’яўляюцца плацельшчыкамі гэтага падатку, з уладальнікамі нерухомасці ў шматкватэрных дамах, — падкрэсліў Юрый Селіверстаў. 

Паводле яго слоў, такая мера пашырыць рэсурсныя магчымасці мясцовых бюджэтаў, за кошт сродкаў якіх ажыццяўляецца добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый, замена ліфтаў і выкананне іншых работ.

Дарэчы, для пенсіянераў, шматдзетных сем’яў і інвалідаў льгота захаваецца.

Як падлічылі ў Мінфіне, падатак на нерухомасць на стандартную кватэру плошчай 60 «квадратаў» у год складзе ад 27 рублёў у райцэнтрах да 48,6 рублёў у сталіцы, што супастаўна з падатковай нагрузкай на ўладальнікаў жылых дамоў.

— Пры гэтым у 2022 годзе грамадзяне будуць выплачваць толькі авансавы плацеж у памеры 50 працэнтаў ад вылічанай за год сумы, а астатнюю частку падатку (за вылікам авансу) заплацяць у 2023 годзе, — адзначыў міністр фінансаў.

Паводле яго слоў, аналагічныя падыходы будуць рэалізаваны па жылых дамах і зямельных участках фізічных асоб.

Міністр адзначыў, што з 2022 года выплата маёмасных падаткаў будзе праводзіцца за фактычны час валодання аб’ектамі нерухомасці і зямельнымі ўчасткамі, гэта значыць, падатак за бягучы год будзе неабходна заплаціць у наступным. Гэта выключыць неабходнасць пераразлікаў, якія распаўсюджаныя ў цяперашні час.

Таксама законапраектам пашыраецца магчымасць прымянення льгот па падатку на нерухомасць і зямельным падатку за кошт прадастаўлення права на іх атрыманне льготнымі катэгорыямі (пенсіянерамі, інвалідамі I і II групы, непаўналетнімі дзецьмі, асобамі, прызнанымі недзеяздольнымі) па-за залежнасці ад факту сумеснай рэгістрацыі з працаздольнымі грамадзянамі.

Як падкрэсліла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі на эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец, профільная камісія падтрымлівае падыходы па ўдасканаленні заканадаўства ў падатковай сферы.

Яна спынілася на асобных момантах.

— Што датычыцца адмены падатковай ільготы для ўладальнікаў кватэр, — паводле ацэнкі Міністэрства фінансаў — гэта дадатковыя даходы мясцовых бюджэтаў у памеры 21 мільёна рублёў, якія можна будзе накіраваць на добраўпарадкаванне, рамонт дарог і жылога фонду, — звярнула яна ўвагу. — Пры гэтым ільгота для пенсіянераў, шматдзетных сем’яў і інвалідаў захоўваецца. Таксама пашыраецца магчымасць прымянення льготы для пенсіянераў незалежна ад факта сумеснай рэгістрацыі з працаздольнымі членамі сям’і.

Сенатар таксама паведаміла, што як член Міжведамаснай камісіі па вызваленні юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў ад адміністрацыйных спагнанняў і выплаты пеняў, не па чутках ведае, што не ўсе суб’екты гаспадарання своечасова і ў поўным аб’ёме пералічваюць у бюджэт суму падыходнага падатку. 

— Прадстаўленне асобнай падатковай дэкларацыі, што прадугледжваецца праектам Закона, дасць магчымасць падатковым органам аператыўна спаганяць суму якая адсутнічае, а суб’ектам гаспадарання пазбегнуць выплаты пеняў, — кажа старшыня профільнай камісіі.

Акрамя таго, Пастаянная камісія падтрымлівае прапанаваную адмену незапатрабаваных падатковых ільгот. 

— Мы лічым, што трэба сыходзіць ад маштабнага неабгрунтаванага льгатавання. Так, у 2020 годзе агульны памер падатковых ільгот склаў 8,6 млрд рублёў, а ў 2021 годзе паводле ацэнкі — 9,5 млрд рублёў. Гэта 5,6 % да ВУП, — патлумачыла сенатар. — Усе льготы, якія прадстаўляюцца, павінны быць строга арыентаваны на дасягненне канкрэтнага эфекту: эканамічнага, інвестыцыйнага, сацыяльнага, дэмаграфічнага. Неабдуманая палітыка ў сферы льгот толькі спараджае ўтрыманства. Асобныя суб’екты гаспадарання і грамадзяне ўспрымаюць гэта як належнае, але забываюць, што бюджэт мае абмежаваны рэсурс.

Яна звярнула ўвагу і на асобны блок навацый, прадугледжаны ў Падатковым кодэксе, які датычыцца падаткаабкладання малога бізнесу.

— Можна доўга разважаць аб мэтазгоднасці новых падыходаў, але я прывяду такія лічбы. З 2016 года колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў павялічылася з 236 да 270 тысяч чалавек, або на 14 %. Разам з тым іх уклад у даходы мясцовых бюджэтаў у выглядзе падаткаў прырос усяго на 0,2 працэнтнага пункта (павялічыўся з 2,1 да 2,3 %), а ў абсалютным выражэнні — з 430 да 628 мільёнаў рублёў.

Яна пераканана, што празмернае спрашчэнне працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі ІП (якая сёння дзейнічае па заяўным прынцыпе) і дзеючая для іх сістэма падаткаабкладання прывялі да нядобрасумленнай канкурэнцыі ІП з юрыдычнымі асобамі, як за кошт рознай падатковай нагрузкі, так і меншых адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

— Таму мы падтрымліваем прапанаваныя змены, якія прадугледжваюць у тым ліку і лічбавізацыю падаткаабкладання малога бізнесу, самазанятасці, — кажа Таццяна Рунец. 

Рэзюмуючы свой выступ яна адзначыла, што распрацоўшчыкі законапраекта, у тым ліку парламентарыі, пастараліся, каб падатковая сістэма стала больш празрыстай, простай і зразумелай.

— Разам з тым, змяненне «правілаў гульні» ў падатковай сферы заўсёды адчувальна для эканомікі, асабліва для прадпрымальнікаў, — падкрэсліла сенатар. — Паколькі 2022 год з’яўляецца свайго кшталту пераходным перыядам, вельмі важная ацэнка рэгулюючага ўздзеяння, на падставе якой можна было б упэўнена сцвярджаць, што гэтыя змены не прывядуць да негатыўных сацыяльна-эканамічных наступстваў і будуць спрыяць дасягненню заяўленых мэт.

Яна звярнулася да калег з рэкамендацыяй ухваліць законапраект «Аб змене законаў па пытаннях падаткаабкладання», з чым яны і пагадзіліся.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.