...Гэтую праўдзівую гісторыю расказваў нехта з работнікаў нашага Беларускага радыё. Магчыма — пра легендарнага Ілью Кургана. А, зрэшты, не так важна прозвішча... Факт, што гэта быў прафесійны дыктар — з ведамі, з вопытам работы. Да таго ж, тэкст перад эфірам ён не раз прачытаў і перад мікрафонам памыліцца проста не мог. Але… Праўду кажуць, што нават ліс, хітруга, і той у пастку трапляе. Вось і дыктар: у руках трымаў тэкст апавядання, бачыў першыя словы: «Танула кабета...», а вымавіў чамусьці: «Танула... кабыла». Тут жа зразумеў, што абмовіўся, што памыліўся! Тут жа выправіўся, сказаў у працяг: «А побач — танула кабета». І далей па тэксце, без ніводнай запіначкі, ужо да канца...
Дачытаў апавяданне — як быццам зрабіў сваю справу, а страх усё роўна застаўся, бо нехта ж мог заўважыць гэту прыкрую недакладнасць, данесці начальству, а ўжо яно... Выкліча на дыван? Аб'явіць вымову? Пазбавіць прэміі?..
Дыктар чакаў чаго заўгодна, толькі не гэтага: у рэдакцыю з усіх куткоў Беларусі паляцелі пісьмы, змест якіх зводзіўся да аднаго: добра, кабету, якая танула, выратавалі. А што ж з кабылай? Яна ці жывая?
Цяпер нават не верыцца, што былі такія часы: людзі слухалі радыё, думалі над тым, што пачулі, хваляваліся за лёс герояў (нават мастацкіх твораў)... Людзі і сапраўды пісалі — на радыё, тэлебачанне... Нямала пісем ішло і на адрас «Звязды».
З той пары вельмі шмат што змянілася. І не змянілася: ва ўсякім разе «прароцтва» аб тым, што праз 20 гадоў не будзе ні кніг, ні кіно, ні тэатра, ні газет, дзякуй богу, не спраўдзілася — нават праз 40. Людзі па-ранейшаму ходзяць у кіно і тэатры, па-ранейшаму чытаюць — у тым ліку «Звязду». І нават пішуць пра яе цікавыя лісты. А, зрэшты, мяркуйце самі.
«Бягуць дзянькі,
у садзе — восень,
Не за гарамі і снягі...
Але нязменна
мне прыносяць
Газеты нумар дарагі».
З такіх прывітальных радкоў пачынае свой ліст спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў. Яна ж прызнаецца, што чым болей часу выпісвае і чытае «Звязду», тым больш яна падабаецца. І далей (даслоўна): «Не падумайце, што мне няма з чым параўноўваць — даносіць пошта і іншыя выданні. Але ўсё нейкае не тое. «Звязда» для мне — тэлевізар я наогул не ўключаю — адзіная бадай крыніца сур'ёзнай інфармацыі. Тут падрабязнасці пэўных падзей, разважанні пра надзённае, змястоўныя гутаркі і артыкулы на розныя тэмы. Ёсць над чым падумаць, паразважаць. Прачытаўшы, заўсёды звяртаю ўвагу на прозвішчы аўтараў. Сярод іх апошнім часам з'яўляюцца незнаёмыя — магчыма, новых маладых журналістаў, якія робяць газету яшчэ больш цікавай.
Дзякуй, «Звязда», і так трымаць!»
Прыкладна той жа лейтматыў і ў лісце спадара Букоўскага з Глыбоччыны: «Звязда» і сапраўды родная газета на роднай мове, бо яе (са жніўня 1917-га!) чыталі яшчэ прадзеды. Чыталі, што важна, на той жа мове, што і размаўлялі. А таму і праз добрыя сто гадоў разгортваеш свежы нумар газеты і нібы чуеш пяшчотны голас маці, суцяшальны — бабулі, абнадзейлівы — сваёй першай настаўніцы... Як ні круці, а слова — роднае — заўжды з чалавекам, аж пакуль ён жыве».
І жыць — дададзім — спадзяецца... Нягледзячы ні на што.
«Як ні засцерагайся ад гэтага каварнага віруса, а падчапіць усё роўна можаш», — канстатуе спадарыня Таццяна Новік з Клецка. Яна ж паведамляе, што з самага пачатку пандэміі прыслухоўвалася да рэкамендацый спецыялістаў, выконвала іх, прычым правільна, але, як піша, гэта не дапамагло — захварэла. «Шчасце яшчэ, што нашы медыкі (нізкі паклон ім!) навучыліся змагацца з невядомай, каварнай хваробай, і, калі не запусціць яе — своечасова пачаць лячэнне, ёсць шанцы паправіцца, вярнуцца да звычайнага жыцця».
Спадарыня Таццяна, дзякаваць богу і ўрачам, гэта ўжо зрабіла: жыве дома, займаецца прывычнымі справамі, сярод якіх... «Яшчэ лежачы ў бальніцы, я старалася па магчымасці праглядаць «Звязду», цяпер — чытаю».
Дарагія словы! Ці не так?
Багаты на іх і ліст спадарыні Ніны Бурко з Бярэзіншчыны. «Не мной заўважана, што ўсё добрае ў жыцці праходзіць хутка. Ну, сапраўды, азірнуцца не паспелі, як цёплае лета змянілася не вельмі халоднай восенню: дні кароткія, у садзе-агародзе работ няма, каранавірус абмежаваў зносіны з людзьмі... А значыць, усё болей часу цяпер на іншыя любімыя заняткі».
У яе хаце, як прызнаецца шаноўная Ніна Мацвееўна, гэта чытанне, у тым ліку — свежай прэсы. Сям'я пастаянна выпісвае сваю раёнку і «Литературную газету», дзве рэспубліканскія, некалькі часопісаў. Ёсць што чытаць.
«Помню, у маладосці, — чытаем у лісце, — мне пашчасціла пазнаёміцца з творчасцю таленавітай журналісткі і вельмі мудрай жанчыны Таццяны Тэс. Яе прозвішча я шукала ў кожным нумары газеты «Известия»...
Ці ёсць падобныя аўтары ў выданнях, якія выпісваю сёння? На шчасце, ёсць. І найперш тут трэба сказаць пра газету «Звязда», якая прыцягвае чытачоў, па-першае, роднай беларускай мовай, а па-другое, нават знешняй прыгажосцю дзякуючы здымкам Анатоля Клешчука, Яўгена Пясецкага...
Але ж павярхоўнае знаёмства з адным-двума нумарамі газеты, набытымі чалавекам на поштах ці ў гандлёвых шапіках, наўрад ці што дасць. Каб зразумець, што такое «Звязда», трэба пачытаць яе хоць бы месяц. І такім чынам даведацца пра яе дадаткі і пастаянныя рубрыкі. Па чацвяргах, напрыклад, чакаць «Сямейную газету» і «Чырвонку», па пятніцах — «Мясцовае самакіраванне», па суботах — «Жырандолю», па серадах — «Краіну здароўя», «Што людзі пішуць»...
Лісты ў «Звязду» — не толькі аб тым, што адбываецца ў гарадах і вёсках, што хвалюе... У іх свае меркаванні, расповеды пра цікавых людзей, успаміны аб перажытым. У тым ліку — вясёлыя...
Помню, як некалі ў бібліятэцы гартала падшыўку «Звязды», як натрапіла на рубрыку «...Народ на провадзе!», як чытала і нібы дыхала свежым вясновым паветрам.
Менавіта «вясёлыя гісторыі чытачоў», уразіўшы гумарам, сваёй прастатой, праўдзівасцю і адшліфаваным сказам, назаўжды прывязалі мяне да газеты, «прымусілі» выпісаць, а потым і нешта ўспомніць, даслаць у рэдакцыю.
Прыдумвала і подпісы да конкурсных здымкаў — калі больш удалыя, калі менш... А потым здаралася ўбачыць свае радкі ў газеце, прычым у трошкі папраўленым, больш дасканалым выглядзе... Мне, як і многім іншым аўтарам-чытачам, дапамагала вядучая рубрыкі і тым самым заахвочвала да новага супрацоўніцтва, да безумоўнай падпіскі на газету...
У ёй, апроч згаданых рубрык, я заўсёды чытаю «Неасабісты суб'ектыў» Алены Ляўковіч, «Нефармат» Святланы Яскевіч, артыкулы Людмілы Рублеўскай, Наталлі Талівінскай, Надзеі Нікалаевай...
Дарэчы, гады тры таму я, помню, трапіла ў бальніцу і ад іншых хворых пачула, што ў палаце паблізу — журналістка «Звязды». Мне пашчасціла пазнаёміцца і пагутарыць з гэтай вельмі інтэлігентнай усмешлівай жанчынай, пачуць ад яе словы падтрымкі. Уласна, іншага ад «Звязды» я і не чакала», — прызнаецца спадарыня Бурко.
І яшчэ некалькі цытат: «Нягледзячы на ўзрост і дрэннае надвор'е, я сам пакіраваў на пошту, каб прадоўжыць падпіску на «Звязду», — піша спадар Васіль Пяшэвіч з вёскі Юркевічы Жыткавіцкага раёна. — У аддзяленні сувязі прынялі мяне душэўна, усё зрабілі-аформілі. А заадно я пацікавіўся там, колькі ж нас засталося падпісчыкаў на «родную газету на роднай мове»? Аказалася, я — апошні. Раней, дакладна ведаю, выпісвалі школа, бібліятэка, сельскі Савет... Цяпер — адзін, але падпісчык з 1971 года».
Здымаем капялюш, як той казаў! І шчыра дзякуем — за адданасць, за вернае сяброўства, якое пачынаецца... Хто ж ведае, з чаго?
«Некалі раней я чытала «Звязду» час ад часу, — піша спадарыня Наваенка з Глыбоччыны. — А вось пастаяннай падпісчыцай стала гады тры таму. Падабаецца газета і мовай сваёй, і зместам. Многія матэрыялы прымушаюць задумацца, асобныя — пасмяяцца, а то і пахвалявацца. Мяркуючы па публікацыях, журналісты газеты па-ранейшаму выязджаюць у камандзіроўкі, размаўляюць з людзьмі, бываюць на розных мерапрыемствах — рызыкуюць сваім здароўем і, напэўна ж, хварэюць... Раней я нават не здзівілася б, калі б газета стала прыходзіць не пяць разоў на тыдзень, а калі-нікалі — чатыры, калі б пагоршыўся змест. Аж не! Нягледзячы на гэты каварны вірус, у «Звяздзе» ўсё, здаецца, на ранейшых месцах: актуальная інфармацыя, карысныя парады, любімыя рубрыкі.
Дарэчы, некалі я чытала кнігу «Мои университеты» пад рэдакцыяй Аляксандра Снегірова. У ёй пад адну вокладку сабраныя шэсць апавяданняў пісьменнікаў і 34 — праўдзівыя гісторыі ад рэальных людзей. Я падумала: а чаму б і «Звяздзе» не выдаць вось такую народную кнігу? Яе, думаю, з радасцю раскупілі б, бо гэта сапраўды цікава.
Я буду марыць, — піша Зоя Максімаўна, — што такая кніга з'явіцца. А мары часам збываюцца».
Што праўда, тое праўда. Спадарыня Наваенка, наколькі ведаем, рыхтуе да выдання сваю, прычым не першую, кнігу. Гісторыі са звяздоўскага «Проваду» складуць там цэлы раздзел.
І яшчэ адна добрая навіна: калі ўсё будзе добра, выйдзе ў свет і важкі том вершаў, напісаных спадаром Іванам Астроўскім.
У пачатку двухтысячных у «Звяздзе» была рубрыка, прысвечаная народнаму фальклору. Іван Іванавіч, дасылаў туды творы і такім чынам, як прызнаецца, зрабіў... першы крок да Парнаса.
Каб адчуць, як далёка зайшоў, можна згадаць ужо, здаецца, крылатае:
На кантрактныя ўмовы
Пераходзьце, мужыкі,
Пад кантролем будуць словы,
Пад замкамі языкі.
Або:
Чорт падбіў завесці дачу,
На дурную галаву,
Я за ёй жыцця не бачу
І ўжо кінуць не магу.
У кнізе каля трохсот старонак!
Піша Іван Іванавіч на беларускай, рускай і нават англійскай мовах. Усё ў залежнасці ад сітуацый, ад тых, хто будзе чытаць ці слухаць. Прызнаецца, што вершы не «выседжвае» — кладзе на паперу тое, што прыходзіць само па сабе.
Зрэшты, творчасць гэтага безумоўна таленавітага аўтара «Звязды» — тэма асобная. Тут і зараз трэба пра іншых і аўтараў, і чытачоў. «Больш як 46 гадоў я пастаянна выпісвала «Звязду», — прызнаецца Ніна Іванаўна з Карэліччыны. — Цяпер усё часцей вагаюся, бо газета дастаткова дарагая і рэкламы ў ёй вельмі шмат».
Што сказаць на вось гэта?
Хіба тое, што ў матэрыяльным плане «Звязда» жыве, відаць, таксама, як яе чытачы. Гэта значыць, што і нашы найшчырэйшыя жаданні — у тым ліку ніжэйшай цаны на падпіску і, адпаведна, большых тыражоў — не супадаюць, на жаль, з нашымі магчымасцямі. Адмаўляцца ад рэкламы пры такіх абставінах, згадзіцеся, неяк не разумна. Гэта па-першае, па-другое...
Многія з дарослых дзяцей дапамагаюць цяпер сваім бацькам — бяруць на сябе аплату патрэбных лекаў, дроў, камунальных паслуг — таго, што сапраўды неабходна... Дык, можа, у гэты пералік варта было б уключыць падпіску на газету? І чаму б не на роднай мове?
Ёсць і па-трэцяе — яшчэ адзін ліст. «Звязда» і сапраўды газета дарагая, — піша спадарыня Вайтковіч з Мінска, — мае суседкі выпісваюць таннейшыя. Але ж яны і атрымліваюць іх радзей, і самі кажуць, што чытаць там няма чаго. А я ў сваёй знаходжу і нешта для душы, для розуму і роздуму, смешныя гісторыі, новыя рэцэпты, цікавыя цытаты, нават рэкламу. Дзякуючы ёй, наша сям'я некалі выбрала для сябе прадукцыю Маладзечанскага і Слуцкага хлебазаводаў, Ашмянскага і Ваўкавыскага мясакамбінатаў, «малочку» з Пастаў».
Нехта выбраў іншае ці проста згарнуў нецікавыя старонкі — на карысць цікавых. Яны ў газеце па-ранейшаму ёсць і, напэўна ж, будуць, бо і сапраўды «шмат зорак у «Звяздзе», кожная свеціць па-свойму»...
Пошту чытала
Валянціна ДОЎНАР
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.