Той месяц быў няпросты: адаптацыя дзяцей да школы пасля летніх канікул, мы з мужам Аляксандрам пасля водпуску і без грошай стараліся зарабіць больш і практычна не бачыліся. Нашы зносіны перайшлі ў тэлеграм-чат і там зводзіліся да пастаноўкі задач і пошуку іх рашэння на карысць сям'і. Муж сыходзіў з дому раніцай, а прыходзіў, калі я і дзеці ўжо спалі.
Мы стараліся не маркоціцца. Саша час ад часу пакідаў мне салодкія сюрпрызы ў халадзільніку і жартаваў, што жанаты на спячай прыгажуні. Я ж гатавала на вячэру яго любімыя стравы, якія ён мог пакаштаваць, на жаль, ужо толькі халоднымі. Неўзабаве сэрцы нашы ўзбунтаваліся, і мы вырашылі, што б там ні было, выпіць кавы з раніцы разам. Для гэтага мне трэба было ўстаць на гадзіну раней, а мужу выйсці на работу на паўгадзіны пазней. Наш тэлеграм-чат заціх, адкладваючы ўсе нявырашаныя пытанні на час кававага спаткання. Але сямейнае жыццё па-ранейшаму бурліла. Днём мне патэлефанавалі са школы і расказалі пра далёка не ўзорныя паводзіны дзесяцігадовай дачкі Улі. Аказалася, у гэты дзень у яе была кантрольная па матэматыцы, і яна доўга адмаўлялася аддаваць сшытак настаўніку. Ужо ўвечары, успамінаючы аб гэтым, Уля гучна плакала. Ёй хацелася атрымаць высокую адзнаку, але два выкананыя заданні з пяці абяцалі максімум шасцёрку. Я сядзела побач з малой і гаравала разам з ёй амаль гадзіну. Потым мы прыдумлялі, як выправіць адзнаку, як у наступны раз больш спакойна рэагаваць на няўдачу. Нашу гутарку перапыніў сын Мішка. Ён быў абураны паводзінамі пяцігадовай сястры Меланні, якая ціхенька заходзіла да яго ў пакой, пакуль ён рабіў урокі, і спачатку выносіла катоў, якія мірна спалі ў яго на ложку, потым знесла яго падушку, далей коўдру, у рэшце рэшт прыйшла чарга заплечніка, з якога пачалі знікаць сшыткі і кнігі — усё гэта суправаджалася гучным смехам з аднаго боку і не менш гучным лямантам з іншага. Калі Мішкава цярпенне скончылася, ён прыйшоў да мяне, патрабуючы тэрміновай расправы над шкодніцай. Мелаша пакорліва вярнула яму ўсе рэчы і нават спрабавала (беспаспяхова) прымусіць катоў зноў легчы на Мішаў ложак.
Было зразумела, што ёй хацелася ўвагі. Прапанавала малой разам прыгатаваць вячэру. Мелаша так старанна рэзала памідоры на салату, што незнарок параніла пальчык. Ранку апрацавалі, слёзы выцерлі, салацік дарабілі. Неўзабаве мы ўсе павячэралі і сталі ўкладвацца спаць. І калі малыя ўжо былі ў ложку, я раптам усвядоміла, што сямнаццацігадовая дачка Аляксандра вернецца позна, толькі каля адзінаццаці. Яна вучыцца і падпрацоўвае ў кафэ, а сёння якраз яе змена. Разумела, што раніцай у мяне кававае спатканне з мужам, але не дачакацца дачкі не магла... Ужо скрозь сон я пачула, як муж вярнуўся з работы, але сіл устаць не было.
Я прачнулася ад святла ліхтарыка, накіраванага мне ў твар.
— Мааам, у мяне праблемы... Не магу заснуць. У мяне нейкія плямы на баку. А раптам гэта лішай?
Я вылезла з ложка, і мы крадком прабраліся на кухню. Там уключылі святло і сталі разглядаць плямкі на скуры.
— Я не дэрматолаг, але гэта больш падобна на тое, што ты пераціснула рамянём сваё далікатнае цельца.
— Але я пераапранулася ўжо даўно, а яно не праходзіць.
— Давай так: да раніцы не пройдзе — пойдзем да лекара...
Я паглядзела на гадзіннік. Была палова другой ночы.
— Не хвалюйся, думаю, нічога страшнага. Хутчэй за ўсё раніцай плямак не будзе.
Мы разышліся па пакоях. Я толькі пачала засынаць, як раптам пачула ўсхліпванне, якое даносілася з Улінага пакоя. Яна высокачуллівае дзіця, і, відаць, у выніку перажытага падчас кантрольнай стрэсу ёй прысніўся кашмар. Супакоіўшы дачушку, вярнулася ў спальню. Паглядзела на соннага мужа і падумала, што раніцай за кубачкам кавы пажартую, што зараз па праве магу звацца жонкай спячага прыгажуна.
Праз гадзіну Мелаша захацела ў прыбіральню, а потым папіць вады. Калі малая зноў была ў ложку, гадзіннік паказваў палову пятай раніцы. Праз паўгадзіны сустрэча. Можа, не класціся... Не, крышачку паляжу.
На наступны дзень чат зноў ажыў. Муж кпіў з мяне, што паўгадзіны патраціў на спробы ўгаварыць мяне падняцца і выпіць з ім кавы. Я згаджалася, абяцала ўстаць праз хвіліну, але... так і не ўстала.
— Ці згодна ты выпіць са мной кавы заўтра?
— Так, калі толькі раптам...
— Не турбуйся, я на заўтра ўзяў выхадны, каб быць упэўненым, што ні ў цябе, ні ў мяне не ўзнікне «толькі раптам».
У нашым жыцці было і яшчэ будзе шмат спатканняў, кароткіх і доўгіх, рамантычных і не вельмі, разам з дзецьмі і без іх. Галоўнае — здолець зберагчы гэта ўтульнае жаданне — выпіць кавы разам.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.