Вы тут

Як стварылася легендаранае творчае аб'яднанне «Няміга-17»


Сёлета споўнілася 35 гадоў з моманту стварэння творчага аб’яднання «Няміга-17». Гэтай падзеі была прысвечана выстаўка ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва». У экспазіцыі прадставілі творы жывапісу Альгерда Малішэўскага, Алеся Цыркунова, Мікалая Бушчыка, Леаніда Хобатава, Сяргея Кірушчанкі, Анатоля Кузняцова, Зоі Літвінавай, а таксама скульптуры Тамары Сакаловай і Галіны Гаравой.


Творчае аб’яднанне «Няміга-17» з’явілася ў няпросты час, але здолела зрабіць свой немалы ўнёсак у развіццё беларускага мастацтва ХХ — ХХІ стагоддзяў. Дзевяць беларускіх мастакоў стварылі той падмурак, які з цягам часу ўзмацняўся новымі яго ўдзельнікамі. 

— Небходна адзначыць ролю двух мастацтвазнаўцаў — Ірыны Стальной і Валерыя Буйвала, якія арганізоўвалі выстаўкі аб’яднання ў краіне і за яе межамі. Дарэчы, за актыўную выставачную дзейнасць і развіццё культурных адносін паміж Францыяй і Беларуссю Ірына Стальная, Зоя Літвінава і Галіна Гаравая нават былі ўзнагароджаны ордэнамі французскага ўрада «За дасягненні ў літаратуры і мастацтве», — расказаў Мікалай Паграноўскі, старшыня секцыі крытыкі і мастацтвазнаўства Беларускага саюза мастакоў, куратар праекта «Няміга-17».

Актыўная выставачная дзейнасць суполкі «Няміга-17» доўжылася да 2002 года. Менавіта тады ў залах Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве адбылася апошняя агульная выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя творы тых жа Мікалая Бушчыка, Зоі Літвінавай, Анатоля Кузняцова, Сяргея Кірушчанкі, Леаніда Хобатава, скульптуры Галіны Гаравой і Тамары Сакаловай. Але хоць выстаўка ў Траццякоўскай галерэі мела вялікі рэзананс, яе ўдзельнікі пасля гэтага вырашылі разысціся. 

— Так здараецца, і гэта не адзіны выпадак, калі творчыя аб’яднанні распадаюцца. Аднак «Няміга-17» пасеяла добрае насенне на беларускай глебе мастацтва, — адзначыў Мікалай Паграноўскі. — Удзельнікі гэтага аб’яднання з самага пачатку сваёй дзейнасці не прымалі артадаксальнае разуменне рэалізму, імкнуліся вызначыць сваё месца ў кантэксце сучаснага беларускага мастацтва ХХ стагоддзя і дадаткова ўзялі на сябе абавязак аднавіць перапыненыя маляўнічыя пошукі беларускіх майстроў 1920-х гадоў.

А вось сакуратар праекта «Няміга-17» Ганна Маліноўская падкрэсліла тую акалічнасць, чаму гэтую выстаўку важна было правесці менавіта сёлета. Так, у цэлым яна прымеркаваная да юбілею аб’яднання. Аднак юбіляры ёсць і сярод мастакоў творчага саюза. Сяргею Кірушчанку сёлета споўнілася 70 гадоў, таксама адзначалася 80-годдзе з дня нараджэння Галіны Гаравой. І зусім не здарма на выстаўцы прадставілі творы мастакоў як перыяду «Нямігі-17», так і іх сённяшнія творы.

Між тым работы ўдзельнікаў гэтага аб’яднання захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, мастацкім фондзе Беларускага саюза мастакоў, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, ёсць яны ў прыватных зборах у Францыі, Італіі, Іспаніі, Аўстрыі, Ізраілі. 

— У музейных калекцыях работ аўтараў «Нямігі» дастаткова шмат, — гаворыць першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч. — Гэта — унікальна, таму што творчае аб’яднанне ішло крыху ўразрэз з афіцыйнай філасофіяй мастацтва, асабліва ў канцы 1980-х гадоў. Але з’ява стала настолькі папулярнай і яркай, што музейныя работнікі проста не маглі прапусціць яе міма сябе. Музеі набывалі творы ўдзельнікаў «Нямігі-17» і цяпер гэтыя работы досыць поўна ў іх прадстаўлены. 

Што датычыцца творчай манеры ўдзельнікаў аб’яднання, то ёй уласціва падкрэсленая ўвага да выразнасці і сімволікі колеру. «Няміга» прыўнесла ў беларускі жывапіс цікавасць да экспрэсіўнай, багатай нюансамі формы і метафарычнай мовы. Уласна кажучы, сімвалічная і сама назва групы. Менавіта на вуліцы Няміга ў Мінску знаходзілася майстэрня, дзе зарадзілася ідэя аб’яднання. Так называлася і не існуючая цяпер рака, на чыіх берагах у 1067 годзе адбылася гістарычная бітва паміж дружынамі полацкага і кіеўскага князёў. З бітвай на Нямізе звязана і першае ўпамінанне аб горадзе Менску ў старажытных летапісах. Так што, выбіраючы імя для аб’яднання, мастакі імкнуліся падкрэсліць сваю сувязь з глыбіннымі пластамі нацыянальнай гісторыі і культуры. Важны і такі факт: станаўленне «Нямігі» адбывалася ў першыя гады перабудовы, калі творчых работнікаў у рэспубліках былога Савецкага Саюза асабліва хвалявала праблема нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці. 

І яшчэ. Гэта цяпер авангардам у выяўленчым мастацтве нікога не здзівіць. Больш за тое, многія маладыя мастакі нават злоўжываюць сваёй не вельмі зразумелай прыхільнасцю да гэтага кірунку. Іншая справа, калі ацэньваеш авангардныя эксперыменты ў жывапісе або ў графіцы амаль паўвекавой даўнасці. Зрэшты, дзесьці толькі ў 1980–1990-х гадах беларускі авангард становіцца адкрытай альтэрнатывай афіцыйнаму мастацтву.

Менавіта тады ў структуры Саюза мастакоў Беларусі пачалі фарміравацца секцыі не па відах мастацтва — жывапіс, графіка, скульптура, — як было раней, а па інтарэсах або ідэйных прынцыпах. Так і з’явілася «Няміга-17» — аб’яднанне прыхільнікаў фармальнага пачатку ў мастацтве. З каталога 1988 года паводле выстаўкі «Няміга-17»: «Мастакі адмаўляюць разуменне мастацтва як ілюстрацыі палітычных лозунгаў. Мастацтва не можа і не павінна апускацца да ролі каментатара ўжо ідэалагічна асэнсаванага — яму належыць выводзіць чалавека да асэнсавання новых патрэб, фарміраваць новы, заўтрашні стыль жыцця». Нарэшце, індывідуальнасць у мастацтве ўдзельнікі групы «Няміга-17» разумеюць не як эгаістычнае, адвольнае самавыяўленне. Індывідуальнасць, як і ва ўсіх сферах жыцця, з’яўляецца спосабам вызначэння, спосабам стварэння і развіцця грамадскай патрэбнасці, лічылі яны.

Сустракаючыся з работамі мастакоў «Нямігі», прыходзіш да думкі: вядома ж, майстры! Моцныя, сталыя. Асобы — кожны ў сваім свеце творчых памкненняў. І пры ўсім тым — ёсць паміж імі нейкая агульнасць духу.

Цяпер ім ужо пераважна за шэсцьдзясят, а то значна болей. У галоўным, думаю, гэта шчаслівыя людзі: яны свабодныя працаваць у мастацтве так, як ім хочацца. Няма над імі ні кіраўніцтва, ні «сацыяльнага заказу» дадзенай хвіліны, ні моды, прыдуманай кімсьці. Аднак, даведаўшыся пра іх мінулае, адзначаеш: доўгім і няпростым быў шлях да гэтай свабоды.

«Няміга» — з пакалення, названага ў крытыцы «сямідзясятнікамі». Натуральна ёсць псіхалагічная непадобнасць паміж імі і лідарамі мастацтва 1960-х гадоў. Абставіны паглыбілі гэтую розніцу да ўзаемнага адмаўлення. Малодшых не прыцягвала публіцыстычнасць творчасці «шасцідзясятнікаў», па перавазе літаратурны характар іх вобразнасці, адсутнасць сапраўднай цікавасці да абнаўлення мовы, што, на думку прадстаўнікоў новай плыні, вядзе да страты якасці пластычнага выказвання. Пазбягаючы творчага дыялогу, старэйшыя аддалі перавагу тактыцы даўгачаснага і паслядоўнага выцяснення маладых з грамадскага жыцця мастацтва. Малодшыя, само сабою, не жадалі мірыцца са становішчам маргіналаў. Пэўны шанц абараніць свой статус у культуры дала ім ідэя, якая якраз і нарадзіла аб’яднанне «Няміга». Ідэя нацыянальна-рамантычная па прыродзе, яна несла ў сабе стымул для арыгінальных жывапісных пошукаў — у поўным узбраенні прафесійнай школы выяўленчага мастацтва нанава звярнуцца да паэтыкі беларускага фальклору, народнай творчасці, сялянскіх рамёстваў.

Такі рух захоўваў усю паўнату актуальнасці для Беларусі. Уздым нацыянальнай школы ў 60-я гады меў свае асаблівасці. У адрозненне, скажам, ад Украіны, Малдавіі, новыя павевы ў мастацтве краіны жывіліся, у асноўным, не шматвяковай фальклорнай спадчынай, а трагічнай памяццю ваеннага мінулага. Таму для выяўленчага мастацтва яшчэ і ў 80-я ўсю сілу чароўнасці захоўвалі музыка белага колеру і пляценне нітак сялянскага ткацтва, арнаменты і іншыя пластычныя матывы, характэрныя для вышыўкі, традыцыйных вырабаў з гліны, дрэва, мігатлівае золата беларускай саломкі... Словам, выразныя сімвалы фальклорнага мыслення ва ўсім іх багацці. Маскоўскія «сямідзясятнікі» гавораць у гэты час аб асваенні «сусветнага музея», аб «карнавальнай» танальнасці ўспрымання жыцця. Іх жа таварышаў у Мінску займае, хутчэй, іншае. Можна назваць гэта спробай нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Толькі варта нагадаць, што група, якая складвалася, уключала не адных беларусаў: тут апынуліся прышэльцы з розных канцоў былога СССР, аж да Сібіры і Далёкага Усходу. Няміга, якая захоўвае сваю назву яшчэ ад глыбокіх часоў «Слова аб палку Ігаравым», — рэчка пад адным з цэнтральных кварталаў сучаснага Мінска, дзе вырас нават не так даўно дом з майстэрнямі мастакоў, — была ўспрынята імі ў якасці гістарычнага, геаграфічнага і культурнага сімвала, з якім звязалі свае творчыя намеры ўдзельнікі аднайменных выставак.

Быццам слухаючы рух часу, ім мроіліся жывапісныя бачанні вясковага дзяцінства, фальклорных паданняў, адлюстраваных у карцінах-песнях, карцінах-прытчах. Гэта былі, само сабою, карціны без аповеду аб кранальных вясковых закаханых і, тым больш, без анекдотаў, якімі цешылі публіку задзірыстыя маскоўскія прымітывісты. Як правіла, фабула тут далікатна прасвечвала ў стыхіі фарбаў, бо мэтай аўтараў было яшчэ і разуменне саміх сябе. У Мінску мог нарадзіцца стыль жывапіснай паэтыкі, афарбаваны, зразумела, у колеры свайго месца і часу. 

Аднак гэта быў, верагодна, магчымы, але занадта ідылічны варыянт. Рэчаіснасць вырашыла інакш. Здарылася, што ў самым канцы беларускага мастацкага жыцця савецкага часу рух Зоі Літвінавай, Галіны Гаравой і Тамары Сакаловай, Мікалая Бушчыка і Анатоля Кузняцова з Сяргеем Кірушчанкам ужо не сустрэў разумення ні ў іх асяроддзі, ні ў культурных начальнікаў. Наадварот, тое поле, дзе яны з любоўю спадзяваліся вырасціць свае ўсходы, бурна пачало прарастаць пустазеллем. Сувенірны шырспажыў у жывапісе, шыкоўны побыт модных салонаў густа накіраваліся на выстаўкі, сваёй назойлівай стракатасцю вызначаючы стыль здабываемай незалежнасці.

Ідэалістам «Нямігі» засталося адно: ісці ў нейкім іншым напрамку. Іх новы выбар павінен быў стаць і аказаўся крытычна цяжкім, тым больш, за плячамі засталося ўжо не адно дзесяцігоддзе стараннай прафесійнай работы. Выбар быў такі ж нялёгкі для любога таленавітага мастака ў постсавецкай рэальнасці, што ў Маскве, што ў Мінску, што ў Пецярбургу... Па швах затрашчала літаральна ўсё, што да сярэдзіны жыцця аказалася лепш або горш пабудавана, што давала хоць бы адносную творчую стабільнасць. У прынцыпе перад нашымі «сямідзясятнікамі» абвал савецкай сістэмы пакінуў зусім невялікую прастору выбару, зыходзячы з прыярытэтаў, якія існавалі ў рамках замежнай і айчыннай кан’юнктуры або, прасцей, плацежаздольнага попыту на іх творчыя намаганні.

Гэта зусім не значыць, быццам яны адхіліліся ад чалавечага, страцілі чуласць да жыцця людзей, здольнасць чуць і хваляваць многіх з нас, знаходзіць апору і выклікаць водгук у арганізме жывой культуры. Аднак да працэсу творчасці яны падышлі як мастакі-адкрывальнікі. Яны імкнуцца прыўнесці нешта істотнае, імі прадчувальнае, але намі яшчэ не асэнсаванае, не чаканае і не ўбачанае. 

Мікалай Бушчык, магчыма, параўнальна недалёка адышоў ад свету сваіх ранніх пейзажаў, сімвалічных таінстваў прыроды і планетарнай гармоніі. Аднак яго чыстыя, зіхатлівыя колеравыя сугуччы ствараюць уражанне, быццам зямныя стыхіі зліваюцца з палыханнем духоўнага космасу. Галіна Гаравая — сапраўдны скульптар, здольны выявіць скрытую душу дрэва, каменю або металу. Любоўнае пачуццё інтымнага судотыку дзвюх чалавечых істот у яе творчасці магло суседнічаць з пранікненнем у бязмоўны свет звяроў або птушак, з непаўторным адчуваннем характару самых дзіўных персанажаў нашага быцця. З гонарам, захапленнем і пяшчотай яна была здольная захапіцца прыгажосцю мноства феноменаў жыцця, абвастраючы яе ў сваіх пластычных кампазіцыях колеравымі акцэнтамі цудоўнай, ідучай ад народнага ўспрымання яркасці і нязвыклай стомленаму воку свежасці. Так узнікае асаблівая міфалогія майстра, які ў адзіны круг збірае малое і вялікае, жывёлу і чалавека ў непаўторнай іх самабытнасці. 

Яшчэ два ўдзельніка групы — Анатоль Кузняцоў і Леанід Хобатаў — выбралі метад абстракцыі. Але, зноў-такі, у сваіх шуканнях яны цалкам самабытныя. Наогул сэнс абстрактна-сімвалічных вобразаў можна ў пэўнай ступені адчуваць, але апісваць яго справа амаль безнадзейная, таму што тут усё будуецца на вельмі зыбкіх і суб’ектыўных асацыяцыях, якія, да таго ж, плывуць, вібрыруюць у залежнасці ад нашага настрою. Здаецца, Кузняцова вабяць вялікія прасторы, дзе лунаюць разнастайныя сілы прыроды, сярод якіх чалавек спрабуе адрозніць і музыку ўласнага сэрца, свае лірычныя станы, і мігаценне ранішняга краявіду, і хвалюючы прыліў фарматворчай волі. І ўсё гэта — у парывах ветру, палыханні колеравых маланак, усплёскаў, промняў, а часам — у метадычнай і карпатлівай рабоце ўтаймавання гэтых стыхій дысцыплінай жывапіснай паверхні палатна. Абстракцыя Кузняцова падаецца метафарай жыцця артыста, яго фантазіяй у паядынку пэндзля з мітуснёй бясконцасці за сценамі яго майстэрні. У сваю чаргу Леанід Хобатаў — гэта своеасаблівы архітэктар прыроднай існасці... 

Мысленна збліжаючы падобныя назіранні, хочацца гаварыць аб нейкай філасофіі светаразумення майстроў «Нямігі». Ім выпала жыць у няпростую пару. І тая апора, якую яны знайшлі для сябе ў надзеі на будучыню, — гэта апора на стваральныя стыхіі прыроды, здаровыя асновы векавечнага ўкладу чалавечага жыцця. Кожны на свой лад, яны прыпадаюць да зямлі. Яны не расказваюць наіўныя байкі, яны зараджаюць і натхняюць сваіх гледачоў зямной першароднай сілай. І ў гэтай рабоце, як мне падаецца, самай высокай магутнасцю і мудрасцю напоўнена творчасць Зоі Літвінавай, найбольш сталага майстра суполкі «Няміга».

Мастак рэдкага тэмпераменту, першапачаткова схільная да задум вялікага размаху, Літвінава ў поўнай меры прайшла шлях стыхійнага захаплення язычніцкай сілай жыцця. Яе палотны, якія так часта апяваюць сцэны народнага свята, атрымалі шырокую вядомасць яшчэ ў савецкія гады. Працавала яна і ў якасці манументаліста: выхадам да новага разумення чалавека зямлі для яе сталі, хутчэй за ўсё, габелены па сялянскіх матывах мяжы 80–90-х гадоў. Паступова, аднак, у гульні жыццёвых сіл прыроды Зоі Літвінавай стаў адкрывацца вышэйшы рэлігійны сэнс. Яе пачалі наведваць здагадкі аб бясконцай складанасці, супярэчлівай разнастайнасці светапарадку, а таксама душэўна-маральнай істоты чалавека. Зоя Літвінава і сёння часцяком не здраджвае сваім любімым матывам рытуальнага танца, які прыйшоў у еўрапейскае мастацтва новага часу ад Матыса, Пікасо, Ганчаровай. 

У гэтых яе разважаннях мастачка паднялася, нарэшце, да містыкі хрысціянства. Да таямніцы веры, любові і ахвярнай гібелі, сімволікі ўз’яднання ўсяго існага на зямлі. І тут мы падыходзім да адной з інтымных падрабязнасцяў мастацкай мовы Зоі Літвінавай. У сцэнах не толькі свят, але і страсцей, апавядаючы нярэдка аб самых складаных маральных і філасофскіх калізіях гісторыі чалавецтва, яна пралівае на адлюстроўваемыя фігуры мяккае залатое святло. Быць можа, гэта ззянне веры і любові яе да чалавека. І той самы высокі, ясны лірызм, якім сагравае яе і яе таварышаў сімвалічная Няміга, па берагах якой вяршылася гісторыя пакаленняў продкаў.

Наогул творчасць гэтых мастакоў існуе ў прасторы мадэрнісцкай традыцыі ў мастацтве. Далягляды іх шляху можна вызначыць словамі: форма, экспрэсія, духоўнасць. 

У адрозненне ад Літвінавай практычна ўсе астатнія ўдзельнікі аб’яднання працуюць сёння ў прасторы беспрадметнага мастацтва, захоўваючы пры гэтым даволі трывалыя сувязі з рэальнасцю — галоўнай крыніцай сваіх уражанняў і творчых імпульсаў. Адмова ад фігуратыўнасці шмат у чым была заканамернай, абумоўленай логікай эвалюцыі іх мыслення, жаданнем адысці ад літаратурнасці, як чужога прыродзе выяўленчага мастацтва фактару. Яны імкнуцца ўвасабляць сваю ідэю наконт карціны свету, выкарыстоўваючы, перш за ўсё, унутраныя вобразна-пластычныя рэсурсы жывапісу і скульптуры.

У кожнага з гэтых мастакоў былі свае заахвочвальныя матывы і свой шлях да таго ці іншага рашэння. Мікалай Бушчык у ранніх фігуратыўных работах у большай меры, чым іншыя яго калегі, быў засяроджаны на праблеме нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці ўласнай творчасці, на візуальнай канкрэтнасці таго або іншага бытавога сюжэта ці пейзажнага матыву. У карцінах мастака апошніх гадоў відавочнае імкненне да пашырэння даляглядаў бачання і выхаду да тэм наднацыянальнага характару, якія сёння набылі для яго першарадную важнасць, да ўсведамлення сябе і сваёй творчасці ў кантэксце агульначалавечых каштоўнасцяў. А такім чынам — і да пошукаў іншай вобразнасці і іншай мовы. Абстрактная форма дапамагла яму разняволіцца, дала не толькі свабоду самавыяўлення, але і вывела на ўзровень новай, паводле самога Бушчыка, канкрэтнасці мастацкага выказвання. 

У яшчэ большай меры імпульсіўны і імправізацыйны жывапіс Анатоля Кузняцова. Ён адным з першых у «Нямізе» прыйшоў да абстракцыі і вызначыўся ў сваіх прыёмах работы з пачуццёва-пластычным матэрыялам. Зрэшты, Кузняцоў называе свой жывапіс не абстрактным, а беспрадметным, падкрэсліваючы менавіта яго пачуццёвую аснову. На яго думку, абстрактнае мастацтва прадугледжвае наяўнасць нейкай абстрактна выверанай канцэпцыі, а гэта абсалютна чужое яго творчай прыродзе. 

Безумоўна, пры ўсёй імпульсіўнай непасрэднасці ў жывапісе Кузняцова прысутнічае і пэўны арганізуючы момант, які аб’ядноўвае пластычны лейтматыў. Аднак і выбудоўванне суадносінаў колеравых плям, і пошук рытмікі руху «лёгкіх» і «цяжкіх» паверхняў, прасторавых хадоў, і фактурная гульня ажыццяўляюцца ў яго выключна на інтуітыўным узроўні. Гэтак жа інтуітыўна праяўляе мастак і такую якасць сваёй крэатыўнай свядомасці, як стварэнне прыгажосці, да якой ніколі, увогуле, свядома не імкнецца, але якую шануе як эквівалент найвышэйшай гармоніі, якая не страціла ў наша стагоддзе для яго глыбокага сэнсу і актуальнасці.

У свеце мастацтва часам адбываюцца дзіўныя рэчы. Паліттэхналогіі ўсё актыўней пранікаюць на яго тэрыторыю, размываючы межы мастацтва і ператвараючы яго ў дакументацыю тых або іншых з’яў і падзей жыцця, а мастака — у публіцыста, палітыка, сацыёлага, якога ўсё менш і менш цікавяць пытанні эстэтыкі. Праблемы формы і прыгажосці адсоўваюцца на далёкі план, саступаючы месца пафасу разваг аб працэсах бягучага моманту.

Як бачым, мастакі «Нямігі» сваімі пошукамі вечных, а не імгненных каштоўнасцяў і ісцін як у мастацтве, так і ў жыцці, ізноў не ў струмені. Але гэта іх ужо не хвалюе. І зусім не ад бяссілля, бо плыць супраць цячэння, захоўваючы баланс душэўных і фізічных сіл, намнога цяжэй і небяспечней, чым проста аддацца на волю гэтаму цячэнню. Перад намі вельмі моцныя ў сваёй пазіцыі асобы, якія разумеюць акт мастацтва як індывідуальную актыўнасць і індывідуальную адказнасць. Дарэчы, гэтая тэндэнцыя ўсё выразней пачынае праглядацца ў сучасным сусветным мастацкім працэсе, і, магчыма, менавіта з гэтых пазіцый узнікнуць у далейшым нейкія новыя напрамкі і новыя магістральныя ідэі. У святле ж гэтай тэндэнцыі акрэсліваюцца і далейшыя шляхі мастакоў «Нямігі». 

Вось як тлумачыць сёння свой удзел у аб’яднанні «Няміга-17» вядомы беларускі мастак Мікалай Бушчык:

— Тады, у васьмідзясятых, мастацтва перайшло ў бок хвалявання. Яно стала больш прапаноўваць тэмы перажыванняў, тэмы эмацыянальнага ўспрымання прадметаў: у тым выглядзе, як ты іх адчуваеш або хочаш іх у нейкае пачуццё ператварыць. Нешта сіняе зрабіць чырвоным, а побач падабраць іншыя нязвыклыя колеры. І разам гэта створыць альбо сітуацыю драмы, альбо сітуацыю лірыкі, альбо сітуацыю нейкага хвалюючага перажывання. З-за гэтага, дарэчы, змяніліся самі задачы і падыходы ў мастацтве, пачынаючы з дзясятых, дваццатых гадоў ХХ стагоддзя: возьмем творчасць Пятрова-Водкіна, супрэматыстаў з Малевічам, мастакоў ужо трыццатых гадоў, Канчалоўскага... Я бяру мастацтва блізкае, не закранаючы Еўропу. А там былі Матыс, Ван Гог, якія працавалі адэкватна са сваімі ўражаннямі і вобразамі. Вядома, мастацтва стала больш пластычнае, мастакі сталі шукаць адпаведны стыль, які адлюстройваў бы настрой. І сёння мастак шукае рытмамі, святлонапружаннем такія станы на палатне, якія прымушаюць хвалявацца. Вядома, многае адбываецца на ўзроўні падсвядомасці, асацыятыўнасці, паколькі мастак з мноства бачнага выбірае самае актыўнае і характэрнае, тое, што адлюстроўвае менавіта пачуццё або эмоцыю. І гледачы разумеюць і цягнуцца да такога выяўленчага мастацтва. Яны гавораць: «Вось гэта сапраўды падобна». У іх пачынае абуджацца творчае ўяўленне разам з мастаком. Гэта дае ім большае задавальненне, чым глядзець проста на нейкі пэўны канкрэтны прадмет або рэальны пейзаж. Адсюль і нараджаецца зусім іншы напрамак у маляўнічасці, дзе мастацтва пачынае набываць стыль. Кожны мастак выпрацоўвае свой стыль, які дапамагае яму ствараць прастору такой, якой ён бачыць і разумее яе. Гэтым мастакі і адрозніваюцца адзін ад аднаго.

— Усё ж такі, як бы вы акрэслілі менавіта свой стыль?

— Я, безумоўна, магу даць тлумачэнне самому сабе. Хоць больш ёмістае абазначэнне дадуць калі-небудзь мастацтвазнаўцы. Альбо хтосьці з аматараў мастацтва. Я ў сваіх работах імкнуся да таго, што ў выніку стварае адчуванне радасці і спакою, настрою, які прыводзіць чалавека ў добрую, жыццесцвярджальную гармонію. 

Так, Мікалай Бушчык не мяняецца ў творчасці з гадамі. Вось як ён фарміруе сваё сучаснае творчае крэда:

— Мне падаецца, сёння мастакі падзяліліся на два напрамкі ў творчасці. Адны працуюць на чорнае, а другія — на светлае. Я працую на светлае. Мяне цікавіць тое, якая мая радзіма ў яе цудоўным Божым тварэнні. Усё дрэннае — дрэнныя настроі, дрэнныя ўчынкі — гэта будуем мы самі. Усе нашы незадавальненні вынікаюць толькі з неадпаведнасці нашых жаданняў таму, што адбываецца, вось і ўсё. Навошта, каму гэта трэба? Кожны павінен справіцца з самім сабою, і з чарнатой унутры сябе. У творчасці я хацеў бы сцвярджаць прыгажосць, гармонію, чысціню раніцы і вечара, летняга ліўню або цудоўнага зімовага снегападу. Вось калі гэта атрымліваецца, мяне гэта больш захапляе.

Яны розныя — удзельнікі творчага аб’яднання «Няміга», аксакалы беларускага авангарда. Па-рознаму выказваюць у творах свае думкі, адчуванні. Яны індывідуальныя — чым выклікаюць цікавасць да сябе. 

У беларускім мастацтве адчувальны моцны ўплыў такога феномена, як «мастацкая супольнасць», багатая на фармальныя ці вобразныя пошукі і эксперыменты. Мастацкі авангард праявіўся ў жывапісе, архітэктуры, дызайне, музыцы, тэатры і кіно. Ён паўплываў на ўвесь стыль жыцця ХХ стагоддзя. Вось чаму асэнсаванне мастацтва і культуры Беларусі ў яе авангардных праявах застаецца актуальным і цяпер, у ХХІ стагоддзі, як спасціжэнне вытокаў сучаснай культуры.

Веніямін МІХЕЕЎ

Фота аўтара

Друкуецца ў часопісе «Беларусь.Belarus»

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».