Вы тут

Што трэба ведаць беларусам пры стварэнні інтэрнацыянальнай сям'і


Беларусы могуць пабрацца шлюбам з суграмадзянамі, замежнікамі і нават асобамі без грамадзянства як у сваёй краіне, так і за яе межамі. Айчыннае заканадаўства не мае абмежаванняў на гэты кошт. Галоўнае, каб жаніх і нявеста былі вольныя (не мелі афіцыйных другіх шлюбаў), дзеяздольныя і не з'яўляліся блізкімі сваякамі. Летась, напрыклад, 7 % ад агульнай колькасці шлюбаў у Беларусі былі з замежнікамі і асобамі без грамадзянства. Тым не менш, збіраючыся злучыць лёс з іншаземцам, акрамя вялікага кахання і жадання, трэба мець яшчэ ўяўленні аб сваіх правах і абавязках у інтэрнацыянальным шлюбе, тым больш калі ў такой сям'і яшчэ плануюцца дзеці. Пра некаторыя асаблівасці шлюбу з замежнікамі расказала Алена СЕМЯНЮК, кансультант упраўлення натарыята і ЗАГСаў Міністэрства юстыцыі.


Фота: pixabay.com

Раса, рэлігія, грамадзянства — не перашкода

Павелічэнне міграцыі насельніцтва, свабодны ўезд і выезд беларусаў за мяжу (без уліку пандэмічных абмежаванняў), развіццё асабістых і дзелавых кантактаў — усё гэта спрыяе ўзнікненню сямейных адносін з удзелам іншаземнага элемента, упэўненая спецыяліст:

— Беларусы маюць права ўступаць у шлюб без абмежаванняў па прыкмеце расавай ці рэлігійнай прыналежнасці. Пры гэтым важна памятаць, што шлюб — не простая фармальнасць, а важны юрыдычны факт. Заключэнне шлюбу, па-першае, спрыяе павышэнню пачуцця адказнасці адно перад адным і перад сям'ёй, што ствараецца. Па-другое, рэгістрацыя шлюбу азначае прызнанне яго дзяржавай.

Кожная краіна самастойна вызначае парадак заключэння шлюбу з іншаземнымі грамадзянамі, які адлюстроўваецца ва ўнутраных заканадаўствах дзяржаў і абавязацельствах, якія прымае на сябе краіна пры заключэнні або далучэнні да міжнародных дагавораў. Згодна з артыкулам 11 Канстутыцыі Беларусі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі нашай краіны карыстаюцца тымі ж правамі і свабодамі, а таксама выконваюць тыя ж абавязацельствы, як і беларусы.

Тым не менш, распаўсюджанасць сямейных адносін, якія ўскладнены іншаземным элементам, патрабуе надзейных гаратный правоў грамадзян у шлюбна-сямейных адносінах на тэрыторыі Беларусі, падкрэсліла Алена Семянюк:

— Артыкулам 228 Кодэкса аб шлюбе і сям'і прадугледжана, што іншаземныя грамадзяне і асобы без грамадзянства карыстаюцца ў Беларусі тымі ж правамі, як і беларусы, а таксама нясуць такія ж абавязацельствы. Форма і парадак заключэння шлюбу вызначаюцца заканадаўствам Беларусі незалежна ад грамадзянства асоб, якія жэняцца. Ва ўсіх выпадках шлюб павінен рэгістравацца органам ЗАГС, які абяруць маладыя.

Тым не менш, замежны жаніх ці нявеста — не панацэя і не гарантыя доўгага і шчаслівага жыцця. Збіраючыся выйсці замуж за іншаземца або ажаніцца з іншаземкай, варта памятаць пра адрозненні менталітэтаў, заканадаўстваў краін і наяўнасць шлюбных аферыстаў, параіла спецыяліст:

— На жаль, нават калі шлюб бяруць па ўзаемным каханні, нярэдка ён заканчваецца разводам. А гэта заўжды доўгі і складаны юрыдычны працэс, звязаны з вырашэннем пытанняў падзелу маёмасці, выхавання дзяцей і вызначэння іх месцажыхарства. Таму, перш чым захапіўшыся каханнем, выскачыць замуж ці ў момант ажаніцца, лепш пракансультавацца з адвакатам і высветліць акалічнасці сямейна-шлюбнага заканадаўства краіны, з грамадзянінам якой вы збіраецеся ўзаконіць адносіны ці ў якой збіраецеся жыць.

Юрыдычны, грамадзянскі, царкоўны

Сучасная сям'я перажывае якасныя змены, звязаныя з глабальнымі сацыяльнымі працэсамі індустрыялізацыі і урбанізацыі, якія былі неўласцівыя традыцыйнаму грамадству. Сёння адбываецца трансфармацыя сям'і як сацыяльнага інстытута, змяняюцца некаторыя яе функцыі, пераразмяркоўваюцца сямейныя ролі.

— Сёння ўжо можна весці гаворку пра існаванне трох відаў шлюбу. Аднак варта памятаць, што шлюб, здзейснены па рэлігійных абрадах, а таксама фактычныя шлюбныя зносіны не прыводзяць да прававых наступстваў, — адзначыла прадстаўніца Мінюста.

Юрыдычны шлюб — саюз, мэта якога — стварэнне сям'і. Ён заключаецца з выкананнем пэўных правіл заканадаўства і выклікае ўзаемныя асабістыя і маёмасныя правы і абавязацельствы сужэнцаў.

Грамадзянскі шлюб — працяглае адкрытае сумеснае пражыванне мужчыны і жанчыны ў незарэгістраваным на законных падставах шлюбе, нават калі яны вядуць сумесную гаспадарку і выхоўваюць агульных дзяцей. Такі шлюб стварае толькі зносіны мацярынства і бацькоўства (калі апошняе прызнана добраахвотна ці праз суд). Такія адносіны маюць не паўнавартасны, а толькі пэўны набор правоў, напрыклад, права дзіцяці наследаваць спачыну абодвух бацькоў. Сужыцелі (юрыдычна называць іх сужэнцамі нельга) не могуць, згодна з законам, наследаваць маёмасць адно аднаго.

Царкоўны шлюб — шлюб, які не прыводзіць да юрыдычных наступстваў з пункту гледжання дзяржавы і рэгулюецца толькі нормамі ўнутрыцаркоўнага права.

Перакладчыка — можна, прадстаўніка — нельга

Каб зарэгістраваць заключэнне шлюбу, трэба прадставіць у загс пэўныя дакументы: сумесную заяву аб рэгістрацыі заключэння шлюбу; пашпарты ці іншыя дакументы, якія сведчаць асобы заяўнікаў; дакумент, які пацвярджае аплату.

— У заяве аб рэгістрацыі заключэння шлюбу павінна быць пацверджана ўзаемная згода асоб, якія бяруцца шлюбам; дасягненне імі шлюбнага ўзросту; адсутнасць перашкод для заключэння шлюбу (прычыны немагчымасці заключэння шлюбу вызначаны ў Артыкуле 19 Кодэкса); указана, ці бралі жаніх і нявеста шлюб раней і ці ёсць у іх агульныя дзеці, — падкрэсліла Алена Семянюк.

Іншаземныя грамадзяне і асобы без грамадзянства (за выключэннем асоб, якія маюць статус бежанца або прыстанішча ў Беларусі) дадаткова павінны прадставіць наступныя афіцыйныя паперы: дакумент аб адсутнасці зарэгістраванага шлюбу з іншай асобай, выдадзены кампетэнтным органам дзяржавы пастаяннага пражывання іншаземца ці асобы без грамадзянства; дакумент аб адсутнасці зарэгістраванага шлюбу з іншай асобай, выдадзены кампетэнтным органам дзяржавы грамадзянскай прыналежнасці іншаземца (у выпадку, калі замежнік не пражывае на тэрыторыі дзяржавы грамадзянскай прыналежнасці); дакумент, які пацвярджае спыненне папярэдняга шлюбу (выдаецца кампетэнтным органам дзяржавы, на тэрыторыі якой шлюб быў скасаваны). У выключных выпадках могуць спатрэбіцца і іншыя дакументы.

— Калі іншаземец ці асоба без грамадзянства не валодаюць дзяржаўнымі мовамі Беларусі, рэгістрацыя акта грамадзянскага стану адбываецца ў прысутнасці перакладчыка, які пацвердзіў свой прафесійны ўзровень адпаведнымі дакументамі, — удакладніла спецыяліст. — Калі асоба, якая бярэ шлюб, не можа з'явіцца ў загсе для падачы сумеснай заявы з уважлівых прычын, то сапраўднасць яе подпісу на сумеснай заявае павінна быць засведчана ў парадку, вызначаным урадам Беларусі. Узаемная згода на шлюб заключаецца ў асабістай прыстунасці асоб, якія жэняцца. Рэгістраваць заключэнне шлюбу праз прадстаўніка забаронена. Калі жаніх ці нявеста ўтаілі абставіны, якія перашкаджалі заключэнню шлюбу, выкрыццё гэтага факта стане падставай для прызнання шлюбу несапраўдным.


Даведка

Шлюб рэгіструецца не раней чым праз тры дні і не пазней чым праз тры месяцы пасля звароту. У выключных выпадках (цяжарнасць, нараджэнне агульнага дзіцяці) шлюб можна заключыць хутчэй, нават у дзень звароту. Шлюбы паміж замежнымі грамадзянамі, а таксама паміж іншаземцамі і асобамі без грамадзянства заключаюцца ў Беларусі ў дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах замежных дзяржаў. Яны прызнаюцца сапраўднымі ў Беларусі пры ўмове, што асобы ў момант заключэння шлюбу з'яўляліся грамадзянамі дзяржавы, якая прызначыла пасла ці консула ў Беларусі. Калі хоць бы адзін з замежнікаў ці асоб без грамадзянства мае дазвол на пастаяннае пражыванне ў Беларусі, яны могуць пабрацца шлюбам у загсе нашай краіны.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Іншаземны элемент у айчынным шлюбе

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.