Вы тут

Да 80-годдзя з дня выхаду агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну»


Адкрылі інфармацыйную дошку да 80-годдзя з дня выхаду агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну»


9 верасня ў Гомелі адбылася цырымонія адкрыцця інфармацыйнай дошкі, прысвечанай 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 80-годдзю з дня выхаду агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Дошку размясцілі на будынку ААТ «Палесдрук».

Менавіта на базе гомельскай фабрыкі «Палесдрук» у спецыяльна створанай перасоўнай друкарні 5 ліпеня 1941 года з’явіўся першы нумар гэтага выдання. Мінск ужо быў акупіраваны фашыстамі. Усяго ў Гомелі было надрукавана 13 нумароў. У канцы жніўня 1941 года рэдакцыя пакінула горад, да якога набліжаліся фашысцкія зграі. Рэдагаваў агітплакат пісьменнік, журналіст Міхась Чавускі, ураджэнец вёскі Казловічы Жлобінскага раёна. Мастаком сатырычнага выдання з’яўляўся Віталь Букаты — былы вучань 9-га класа Гомельскай чыгуначнай школы. Таленавіты юнак ваяваў як баец-сатырык і як партызан-мінёр, загінуў пры выкананні баявога задання.

Агітплакат выходзіў у розных месцах, з рознай перыядычнасцю, розным тыражом. Але таемнымі, пакручастымі сцежкамі ён даходзіў амаль да кожнага партызанскага атрада, да кожнай акупаванай вёсачкі і быў у найвялікшай цане: па мерках каштоўнасцей каціраваўся нараўне з аўтаматам, кулямётам, толавай шашкай…

«Кожны час мае сваіх герояў: герояў працоўных будняў, ваеннага ліхалецця, нечаканых падзей. Так у суровым 1941 любоў да Радзімы дала гораду герояў: дзевяцікласніка Віталя Букатага і літсупрацоўнікаў, якія былі ўпэўнены, што агульнымі намаганнямі раздавім фашысцкую гадзіну, — адзначыла ў сваім выступленні намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Алена Алексіна. — Праз час так і адбылося. Менавіта гэты пасыл натхняў і аб’ядноўваў патрыётаў у той крывавай вайне».

Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Кузьма Чорны, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Максім Танк, Анатоль Астрэйка, Максім Лужанін — далёка няпоўны пералік аўтарскага актыву сатырычнага выдання тых часоў. Многія творы, што сталіся пасля хрэстаматыйнай класікай, былі ўпершыню надрукаваны ў агітплакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну».

Адкрыццё дошкі прайшло ў шэрагу мерапрыемстваў ΧVI Міжнароднага фестываля-свята «Славвянскія літаратурныя дажынкі». На цырымоніі таксама прысутнічалі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Мікалай Святагор, старшыня Гомельскага абласнога адддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, дырэктар ААТ «Палесдрук» Уладзімір Мяжэвіч, галоўны рэдактар часопіса «Вожык» Юлія Зарэцкая, а таксама ўдзельнікі і госці фестывалю, пісьменнікі з Расіі, Украіны, Беларусі.

Юлія Зарэцкая акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што агітплакат невыпадкова нарадзіўся ў цяжкі для ўсяго савецкага народа час. Пісьменнікі, мастакі пяром і алоўкам, вострым сатырычным словам, з’едлівай карыкатурай, як штыком, змагаліся з фашысцкай нечысцю. Красамоўны факт: у 9-м нумары выдання вядомы паэт Пятрусь Броўка надрукаваў палымяны верш «За кроў бязвінных». Пад сваім прозвішчам, хоць на тэрыторыі, занятай фашыстамі, засталіся блізкія людзі. Пазней яго маці была кінута ў канцлагер… Ю. Зарэцкая падзякававала гомельскім уладам, грамадскім арганізацыям, установам за адкрыццё дошкі, за ўшанаванне памяці пра Вялікую Айчынную вайну і агітплакат «Раздавім фашысцкую гадзіну», пераемнікам якога годна з’яўляецца часопіс «Вожык» — старэйшае і адзінае ў рэспубліцы дзяржаўнае выданне ў галіне сатыры і гумару.

Юрый ВЯРБІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».