Вы тут

Храмы маёй радзімы. Крыжы пад белымі крыламі


Капліца ў вёсцы Кавальцы Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў вёсцы Волма, Дзяржынскі раён.

Вы не паверыце, але на маёй малой радзіме храм стаіць практычна ў нашым двары. Калі, вядома, можна каплічку, пабудаваную гадоў з пятнаццаць назад, лічыць паўнавартасным храмам. Хоць чаму б і не? У ёй абразы, кветкі, свечкі, фігурка Маці Божай — усё як належыць. У ёй моляцца мясцовыя жыхары, часам нават прыязджаюць святары. Адзінае, бадай, што адрознівае яе ад кананічнага храма, — вялікія, бы вітрыны, шкляныя вокны. Але гэта зроблена спецыяльна — каб кожны, хто праязджае ці ідзе міма па вясковай вуліцы, мог спыніцца і без перашкод разгледзець, што там усярэдзіне. Усякія людзі здараюцца ў недалёкай ад Мінска вёсцы, дзе зімаваць застаецца чалавек мо дваццаць. Дык вось дзякуючы гэтым вокнам, праз якія ўсё, як на далоні, няма чаго патэнцыяльным ліхадзеям у каплічку лезці: нічога каштоўнага на прадмет узбагачэння там дакладна яны не знойдуць. Але ж хіба пра матэрыяльныя каштоўнасці тут гаворка?..


У дзень Святога Роха каля капліцы збіраецца амаль уся вёска. Фота Анатоля Кляшчука.

Капліца сапраўды задняй сцяной і часткай падмурка стаіць на нашым участку. Гэта, хочаш таго ці не, да многага абавязвае. Прынамсі, смеціць ці сварыцца пад крыжам (а ён — вялікі, драўляны, прымацаваны якраз над намі, на задняй частцы даху) не будзеш дакладна. Калі выйдзеш у двор пасля дажджу — акурат над крыжам нярэдка вісіць-пераліваецца вясёлка. У жнівеньскую ноч, калі глядзець з пэўнага ракурсу, крыж вылучаецца на фоне поўні. Відовішча, скажу я вам, амаль містычнае. Але спалоху няма, і нават нашы малыя яго не баяцца. «Гэта Божанька нас вартуе», — сказала нядаўна ўнучка сястры. Вось так і стаіць родная хата пад Божай вартай і аховай.

А прыязджаеш адкрываць сезон у маі — капліца сустракае ўрачыстымі спевамі. Гэты месяц у католікаў прысвечаны Панне Марыі, і кожны дзень нашы бабулі збіраюцца тут спяваць «мая». І за апошнія гады вясна пачала асацыіравацца з цёплым дажджом, салаўіным пошчакам у вербалозах за агародамі і «Ave Marіa», якое даносіцца з маленькага драўлянага храма з вялікімі светлымі вокнамі. Разумееш: вось яна, радзіма, месца сілы, дзе ёсць тое, чаго няма больш нідзе на Зямлі. Апошнія гады ў капліцу майскімі вечарамі ішла і мая матуля. Ну і што, што была праваслаўная? — ніхто ніколі на гэта не зважаў, дый спявалі кабеты па-беларуску. Няма ўжо на гэтым свеце мамы, тых, хто маліліся разам з ёй, застаецца ўсё менш, а выйдзеш у двор, пачуеш у капліцы галасы — і здасца на міг, што ўсе яны там — моляцца, размаўляюць ціхенька... Атрымліваецца, у каплічцы пасялілася мая (дый не толькі мая) памяць...

У сярэдзіне жніўня, калі надарыцца быць у гэты час у роднай вёсцы, я абавязкова іду дапамагаць іншым жанчынам прыбрацца каля капліцы. Найчасцей мыю тыя самыя вялікія вокны — з маім высокім ростам і доўгімі рукамі гэта зручней, чым іншым. Хораша пасля хадзіць на падворку і, раз-пораз кідаючы позірк у бок капліцы, любавацца вынікамі сваёй працы — у адпаліраваных шыбах бачыш уласнае адлюстраванне. «Марафет» у капліцы наводзіцца да нашага адмысловага вясковага фэсту — 16 жніўня ў каталіцкім календары дзень Святога Роха, ахоўніка ад эпідэмічных хвароб. У гэты дзень абраз святога, які амаль дзвесце гадоў назад заказала менавіта для Кавальцоў пані Свідава падчас эпідэміі халеры, абносяць вакол вёскі. На свята стараюцца прыехаць усе, хто нарадзіўся і вырас тут. Кожны сустракае з сям'ёй абраз каля сваёй хаты, прыкладваецца да яго, прыгнуўшыся, праходзіць пад ім і далучаецца да працэсіі. У выніку за Святым Рохам ідзе ўся вёска (з некаторымі сябрамі дзяцінства мы бачымся, якраз ідучы «за Рохам»). Гэткі просты рытуал яднання, закладзены папярэднімі пакаленнямі. У працэсіі ніхто нават не думае дзяліцца на католікаў, праваслаўных або прыхільнікаў тэорыі Дарвіна. Мы ў ёй — адно цэлае, дзеці гэтага куточка Беларусі, які для ўсіх нас — малая радзіма. Што цікава — «не свае» дачнікі, якія не маюць у вёсцы каранёў, проста купілі тут хаты, праз некалькі гадоў ужо стаяць каля сваіх падворкаў, чакаюць, каб не паназіраць як за нечым незвычайным, а далучыцца.

Каля капліцы працэсія спыняецца. Бабулі і кабеты, што ходзяць да касцёла, моляцца, астатнія ўважліва слухаюць. З хаты да капліцы мы выносім крэслы і табурэты, каб старыя маглі прысесці, здараецца, што прыносім і дывановую дарожку — каб тыя, хто кленчыць перад капліцай, не стаялі каленьмі на голым асфальце. Такое вось бытавое далучэнне да духоўнага свята, свайго кшталту абавязак, які выконваем нязмушана, нават з задавальненнем.

У канцы лета на даху капліцы або на высокім камлі спілаванага электрыкамі клёна побач з ёй прылятае начаваць бусел. На змярканні побач з крыжам — сілуэт вялікай птушкі, якая на Беларусі лічыцца прадвеснікам жыцця. Над роднай вёскай, над роднай хатай. Як знак, як абяцанне Неба, што жыццё тут будзе працягвацца.

Дарэчы, у капліцы ў пачатку ХХ стагоддзя была «папярэдніца» — невялікі храм стаяў за вёскай, у ім і захоўваўся абраз. Але пасля заключэння Рыжскага міру мая радзіма апынулася на самым памежжы, побач з вёскай размясцілася застава, у вёсцы кватаравалі пагранічнікі. Для іх, прыезджых камсамольцаў, ды і для мясцовай моладзі, што ў камсамол уступіла, і абраз, і капліца былі проста праявамі «рэлігійнага цемрашальства». Капліцу хутка разбурылі, у абраз стралялі. (Бабуля ўвогуле расказвала містычную гісторыю: маўляў, пагранічнік цэліў у бусла, што хадзіў побач па балацянцы, а куля трапіла ў капліцу і прабіла намаляванаму на палатне святому Роху сцягно, зусім побач ад намаляванай раны). Іншыя старыя казалі, што гэта мясцовыя камсамольцы, даводзячы старэйшым, што абраз не мае ніякай сілы, стралялі ў яго ва ўпор. І нібыта ніхто з тых камсамольцаў не дажыў не тое што да старасці — да сталага ўзросту. Што з гэтых расповедаў праўда, за даўнасцю гадоў ўжо не праверыш, але на сцягне святога на абразе сапраўды відаць дзве кулявыя прабоіны.

Калі капліцу разбурылі, абраз забралі ў вёску. У вайну ад фашыстаў яго хаваў у сябе сляпы Стась Матусевіч, пасля святыня вандравала па вясковых хатах, пэўны час тыя, у каго ён знаходзіўся, плацілі нават нейкі штраф дзяржаве. Кожны год, нават у часы самага ваяўнічага атэізму, абраз у сярэдзіне жніўня абносілі вакол вёскі, праўда, ледзь не ўпотайкі. Але жыццё расставіла ўсё на свае месцы. Дзень святога Роха стаў, як было спрадвеку, вялікім мясцовым фэстам. Вярнулася ў вёску і капліца, праўда, не на ранейшае месца, а ў цэнтр паселішча. Збудаванне зусім новае, але трымаецца яно на ўнікальным падмурку — у ім ляжаць камяні з фундамента касцёла ў Волме, суседняй вёсцы, у якую мы хадзілі ў школу...


Некалькім пакаленням мясцовых школьнікаў, у тым ліку і мне, пашанцавала: свой шлях у навуку мы пачыналі пад сценамі храма. Наша аднапавярховая драўляная школа месцілася ў былым ксяндзоўскім доме, а побач, на гары, бачны здалёк з усіх бакоў, высіўся шэры будынак касцёла. Касцёлам ён тады не быў — пасля вайны тут былі то збожжасховішча, то школьная спартзала, то калгасны клуб. Калі прыйшлі ў першы клас мы (а пачатковыя класы выходзілі вокнамі менавіта на касцёл), велічны будынак ужо стаяў занядбаны, але нас, малых, прыцягваў да сябе бы магнітам, і настаўніцы толькі і клопату было, каб на перапынку мы туды не паўцякалі. Зваўся будынак усё роўна касцёлам, ніяк інакш, а старыя бабулі, прыходзячы міма, на яго жагналіся.

Калі я была ў другім класе, касцёл разбурылі. Проста прыгналі бульдозеры пад вокны школы і знеслі. Бярвёны — моцныя, яшчэ б тры вякі пратрымаліся, развезлі партыйным актывістам на дровы. Казалі, касцёл быў зроблены без адзінага металічнага цвіка. Яно і не дзіва: у васямнаццатым стагоддзі так і будавалі. Так, ён, драўляны, стаяў з 1751 года, перажыўшы ўсе войны. Гэта згодна з дакументамі. Парафія ж у Волме існавала з канца пятнаццатага стагоддзя. І храм, напэўна, быў. Дарэчы, мясцовая легенда звязвае касцёл са шведамі (у нас увогуле ўсе паданні пра шведаў, пэўна, даліся яны продкам у знакі падчас Паўночнай вайны). Нібыта гэтыя самыя шведы зрабілі з касцёла стайню. Але людзі плакалі, маліліся, і Бог іх пачуў: грымнуў гром сярод яснага неба — і коні вылецелі з храма ўсе як адзін сляпыя.

Фота: fotobel.by

Гэтае паданне ўспомнілі ў 1982 годзе, калі касцёл разбурылі. (Дарэчы, не верце «Вікіпедыі» і розным іншым «дакладным крыніцам», якія пішуць, што зрабілі гэта ў 1962 годзе. Усё я бачыла на ўласныя вочы, а ў 1962-м мяне нават у праекце не было. Яскравы прыклад таго, наколькі крыніцы ў сеціве ненадзейныя). Дык вось, пра паданне ўспомнілі і чакалі нейкай страшнай кары, што павінна зваліцца на галовы тых, хто касцёл бурыў. Нябёсы не расчыніліся, і ніхто не аслеп. Але была іншая праява з разраду містычных, сведкамі якой былі ўсе, хто хадзіў тады ў школу. Кожную раніцу (а было тое ўжо ў кастрычніку) на падмурак разбуранага касцёла прылятаў і стаяў нерухома чорны бусел — птушка, якая звычайна людзей баіцца і гняздуецца далёка ад іх паселішчаў. Бабулі казалі, што гэта нейкі з памерлых ксяндзоў, абярнуўшыся ў птушку, стаіць у жалобе па страчаным храме...

У пачатку 1990-х, калі школа пераехала ў новы будынак на водшыбе, нехта з мясцовай улады дадумаўся на падмурку касцёла абсталяваць адкрытую танцпляцоўку. Кожную суботу там пачалі праводзіць дыскатэкі. Пабываць там давялося толькі аднойчы, дый то з прыгодамі. Спачатку не пускала ісці туды бабка, гаворачы нешта пра «д'ябальскія скокі», а пасля танцаў мы, пятнаццаці-шаснаццацігадовыя цвыгаўкі, цудам адбіліся ад ахвочых да лёгкага кахання студэнтаў-пяцікурснікаў, якія прыехалі з Мінска «на бульбу». Бабка, даведаўшыся пра гэта, павучальна сказала: «Так вам і трэба, дурніцы»...

Пляцоўка тая пратрымалася мо сезон, а пасля ў самым цэнтры Волмы даволі доўга стаяў пусты падмурак, як напамінак аб людской дурноце і нядбайнасці. (Бо сёння, калі б касцёл тады не разбурылі, ён быў бы адным з найстарэйшых помнікаў культавага драўлянага дойлідства ў краіне і разам з паркам і сядзібай Ваньковіча быў бы такой цікавінкай для турыстаў). А ў пачатку 2000-х на месцы колішняга пабудавалі новы храм. Зусім не падобны на старадаўні — мадэрнавы, з жоўтай і чырвонай цэглы, крыху падобны на ракету, што, увянчаная крыжам, імкнецца да неба. Падмурак для гэтага збудавання патрабаваўся новы, і старыя бутавыя камяні наш мясцовы прадпрымальнік Валянцін Прыстром, які прычыніўся да будаўніцтва храма, перавёз у Кавальцы, у фундамент капліцы, збудаванай яго клопатамі.

На вільчыку касцёла звілі гняздо буслы. Велічную белую птушку можна ўбачыць на самай вышыні, побач з крыжам. Бы той, чорны, заўважаны тут даўным-даўно, змяніў свой жалобны ўбор. Нават не шукаючы сімвалізму, усё роўна бачыш у гэтым добры знак. Для Радзімы, для сябе, для ўсіх добрых людзей, што таксама мелі шчасце тут нарадзіцца.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.