Вы тут

Экскурсавод Міхаіл Нарынкевіч пра 100-гадовы гродзенскі веласіпед і эмацыянальныя экскурсіі


Фантастыка! Уявіце: у Гродне 100 гадоў назад дзейнічаў завод веласіпедаў. Ён выпускаў 10 тысяч адзінак гэтага экзатычнага на той час транспарту штогод. Папулярнасць зашкальвала. Тагачасныя веласіпеды куплялі з не меншай ахвотай, чым цяпер купляюць ВМВ. Хто меў грошы, вядома. Экскурсавод Міхаіл Нарынкевіч паўдзельнічаў на такой даваеннай мадэлі ў міжнародным рэтрапрабегу. Нам сталі вядомы падрабязнасці мерапрыемства, а з імі адкрылася слаўнае веласіпеднае мінулае Гродна.

Закранулі з Міхаілам і «правакацыйныя» тэмы. Чаму калісьці гродзенскія веласіпеды пасунулі ўбок нямецкія мадэлі? Што нельга знайсці пра Гродна ў «Яндэкс» і Google? Чаму класічныя экскурсіі адыходзяць у небыццё? І што робяць гродзенскія экскурсаводы, каб турысты зарадзіліся ўражаннямі на ўсе 100 працэнтаў?


Пра міжнародны велапраменад

Аматары актыўнасці і гісторыі штогод збіраюцца ва Украіне на рэтравелапрабег. За 8 гадоў мерапрыемства знайшло гарачых прыхільнікаў па ўсім свеце. Сёлета з'ехацца ў Львоў усе ўдзельнікі аб'ектыўна не змаглі. Таму рэтравела стартаваў не толькі ва Украіне, але і ў Чыкага, Мілане, Мінску, польскіх Радаме і Кольбушаве. Найстарэйшаму ўдзельніку споўнілася 82 гады, наймалодшаму — 2. З Мінска на прабег выехала цэлая сям'я: 4 чалавекі на савецкіх веласіпедах. А інфармацыйную хвалю ўскалыхнуў Міхаіл Нарынкевіч на 100-гадовай мадэлі «Нёман».

«Ідэя такая. Трэба паказаць веласіпед, што ты аднавіў, у арыгінальным выглядзе. Прыдумаць для яго адпаведны персанаж. У маім выпадку — даваенны веласіпед, — расказвае Міхаіл Нарынкевіч. — Я прачытаў гісторыю гродзенскага велазавода. Падабраў дакументы таго часу. Паглядзеў, як апраналіся людзі і каму быў даступны веласіпед. Перамяшчаліся ваенныя і інтэлігенцыя. Вырашыў, што мой тыпаж добра адпавядае ваеннаму ці інтэлігенту. Апрануўся настаўнікам гімназіі 1930-х гадоў. Мае сябры займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй. Штосьці для мяне знайшлі яны, а штосьці — я сам. Выбралі гарачы летні дзень — зладзілі фотасесію».

Гродзенскія веласіпеды — канкурэнты нямецкіх

«Міхаіл, які ж фітбэк вы атрымалі пасля рэтравелапрабегу?» — пытаюся.

«Ведаеце, найперш задавальненне (усміхаецца). Пракаціўся на старажытным веласіпедзе, падабраў удалы тыпаж. Пазнаёміўся з іншымі ўдзельнікамі. Фітбэк? Пра гродзенскі велазавод даведаліся далёка за межамі Беларусі. Зацікавіліся мінулым. Гэта важна, бо гісторыя ў нас бліскучая, але не кожнаму вядомая, — адказвае Міхаіл. — Актывізаваліся журналісты — і гродзенцы ўбачылі свой горад з новага боку, атрымалі нагоду для гонару. Ідэя знайшла прыхільнікаў. І ў будучыні плануем зладзіць рэтравелапарад у нас. Чаму не?»

«Для тыповага гродзенца, які жыў 100 гадоў назад, веласіпед — гэта што? Неабходнасць? Раскоша?» — цікаўлюся.

«Канец XІX стагоддзя — пачатак веларуху на Беларусі. І вось тады веласіпед быў раскошай. Моду ствараў Мікалай ІІ. Ён катаўся на крутых англійскіх, французскіх мадэлях. І цана іх была, вядома, завоблачной. Дваранства, шляхта ахвотна падхапілі захапленне цара. Велапрагулкі выхаднога дня лічыліся элітным адпачынкам. Велазавод «Нёман» знаходзіўся на сучаснай вуліцы Карла Маркса. У 1920—30-х гадах ён сказаў сваё слова, змяніў аблічча Гродна. За год выпускаў 10 тысяч веласіпедаў. Якасных, заўважу. Для тых часоў гэта былі здзіўляльныя маштаб і якасць. Аналаг ВМВ, калі хочаце. Найлепшыя копіі нямецкіх лідараў Durkopp. Дэталі везлі з Англіі. У Гродне варылі рамы з адлюстраваннем Новага замка. Цана стала адэкватнай. Інтэлігенцыя, часам нават звычайныя рабочыя ездзілі так па горадзе на работу, з работы, у рэстараны. І ў 1930-х веласіпед больш не раскоша, а топавы сродак перамяшчэння. Гродзенскія веласіпедысты, што жылі 100 гадоў назад, здавалі на правы (іх выдавалі на год), набывалі нумарныя знакі, станавіліся на ўлік у тагачасным ДАІ. Веласіпедыстаў правяралі: ці ёсць званочак, святлоадбівальныя элементы? Таму гэта строгая гісторыя. Колькасць штрафаў на той час даказвала: веласіпедыстаў было столькі ж, колькі і цяпер».

Англійскія аналагі веласіпеда «Нёман» каштавалі ад 200 злотых пры вельмі падобнай да гродзенскіх таварышаў якасці. Апошніх можна было купіць за 140 злотых. У сістэме каардынат звычайнага работніка гэта прыблізна дзве зарплаты. Тое ж самае і сёння. Добры веласіпед можа каштаваць 2 тысячы рублёў. Будзем лічыць, што таксама 2 месяцы работы.

У XІX стагоддзі ў Гродне, Мінску і Віцебску падавалі прашэнне аб афармленні грамадскіх арганізацый веларуху. Актыўна развіваўся спорт, узнімалася актуальнасць здаровага ладу жыцця, людзі хадзілі ў паходы. Дзякуючы прашэнню, у горадзе стваралі спецыяльную прастору. На месцы сучаснага заапарка ў Гродне была агароджана тэрыторыя, арганізаваны выязны гандаль, іграў духавы аркестр. Мужчыны і жанчыны ў прыгожым адзенні з прыгожымі веласіпедамі ўвечары выходзілі на праменад. Гэта была такая ж забава, як цяпер схадзіць у парк пакатацца на атракцыёнах.

Пра экскурсіі новага пакалення

Міхаіл Нарынкевіч — шырока вядомы ў Гродне экскурсавод. І мы проста не маглі абмінуць тэму экскурсійных трэндаў. Пагаварылі і пра самае актуальнае:

«У апошні год землякі як ніколі часта падарожнічаць па Радзіме. Беларус, што раней планаваў адпачынак толькі ў еўрапейскіх ці далёкіх экзатычных краінах, сёння шчыра жадае ўбачыць Беларусь. Калі пытаць у Google, Яндэкс, «што паглядзець у Беларусі», то найперш з'яўляюцца запыты на Гродна. Тут нам, вядома, шанцуе. Гістарычны цэнтр захаваўся выдатна. Ёсць разнастайныя помнікі. Горад шматнацыянальны, размешчаны на паграніччы. Часам госці чакаюць, што ў Гродне ўсе гавораць па-польску, у крамах шукаюць польскія прадукты. Гэта нюансы, а важна толькі тое, што беларус цікавіцца мінулым Радзімы і разумее на прыкладзе Гродна: мы частка багатай старажытнай гісторыі. Турысты з Усходу едуць паглядзець найперш еўрапейскі горад, мінчане — адпачыць і на Аўгустоўскі канал. А замежнікі актыўна гасцілі, калі дзейнічаў бязвіз. З 2016 года. І гэта былі літоўцы, палякі».

«І што іх здзіўляла найбольш?» — пытаю.

«Гістарычныя факты часоў Стэфана Баторыя, Рэчы Паспалітай. Многіх здзіўляла, што ёсць два замкі. Усе ў захапленні ад гродзенскіх тэматычных рэстаранаў і кафэ. Здзіўляла еўрапейскасць і добразычлівасць. Мясцовыя жыхары запрашалі турыстаў: «А давайце пакажам вам наш дворык». Узаемаўплыў католікаў, праваслаўных, іўдзеяў таксама для многіх — дзіва», — кажа Міхаіл Нарынкевіч.

Ён упэўнены, што цяпер турызм стаў цікавым, індывідуальным. У Гродна едуць цэлымі сем'ямі. У мужоў, жонак, дзяцей розныя інтарэсы. Паходы ў паркі, заапаркі, а вечарам — знаёмства з кулінарыяй. Падача гістарычнай інфармацыі ў класічным выглядзе цяпер не моцна чапляе, таму з'явіўся запыт на інтэрактыўнасць.

«Анімацыя, гістарычная рэканструкцыя, рыцарскія баі, касцюмы, — пералічвае Міхаіл. — Людзі разумеюць: можна папярэдне ўзяць інфармацыю з адкрытых крыніц, пачытаць самастойна. А я ўжо паказваю тое, што анідзе не прачытаеш, — сапраўднае жыццё горада, эмоцыі. Дворыкі, сустрэчы з мастакамі, музыкамі, іншымі выбітнымі асобамі. Не проста глядзець, а паглыбляцца. Шалёнай папулярнасцю карыстаюцца сплавы на байдарках па Аўгустоўскім канале. І велападарожжы, якія прапаноўваю я. Так уражанняў удвая больш. Цяпер у маім прыярытэце — велаэкскурсіі і экскурсіі для дзяцей, у тым ліку з асаблівасцямі развіцця. Актыўнасці, інтэрактывы. Маю тры маршруты: экскурсійны, вела, і байдарачны».

Павінна быць цікава.

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.