Вы тут

Лукашэнка: Я марыў пра тое, што мы пачнём рабіць свае камбайны. Мара спраўдзілася


На полі ў Лагойскім раёне кіраўніку краіны паказваюць сельскагаспадарчую тэхніку вядучых айчынных кампаній — «Лідаграпромаш», «Элезер», «Гомсельмаш». Рабочая паездка прымеркавана да 25-годдзя беларускага камбайнабудавання.


 

Беларускае камбайнабудаванне адзначыла сваё 25-годдзе. 24 жніўня 1996 года Прэзідэнт Беларусі на палях саўгаса «Веткаўскі» азнаёміўся з зернеўборачным комплексам КЗС-10 «Палессе-Ротар». Камбайн паспрабавалі ў розных умовах і Аляксандр Лукашэнка дазволіў інвеставаць у стварэнне першай інвестыцыйнай партыі. Такім чынам у Беларусі з’явілася новая галіна сельскагаспадарчага машынабудавання — зернеўборачнае камбайнабудаванне.

Гістарычнае рашэнне 

Прайшло чвэрць стагоддзя. За гэты, не такі вялікі для машынабудавання час у АПК Беларусі адбыліся значныя змены. Сёння выпускаецца 11 мадэляў тэхнікі ў 75 мадыфікацыях. Яшчэ сем новых мадэляў у бліжэйшы час будзе запушчана ў вытворчасць. 

«Пройдзены каласальны шлях», — расказаў генеральны канструктар навукова-тэхнічнага цэнтра камбайнабудавання ААТ «Гомсельмаш» Сяргей Федаровіч. Ён стаяў ля вытокаў дзейнасці і сёння падкрэслівае, што рашэнне аб стварэнні айчыннага збожжаўборачнага камбайнабудавання было гістарычным. Але і зараз прамыслоўцы не стаяць на месцы.

«Мы сёння маем машыны ў васьмі класах і па шэрагу мадэляў ужо два разы рабілі абнаўленне. У бліжэйшы час плануем уводзіць больш дасканалыя мадэлі ў традыцыйных класах, — дзеліцца планамі канструктар. — „Гомсельмаш“ сур’ёзна працуе над тым, каб задавальняць спажыўца ва ўсіх сектарах збожжаўборачнага камбайнабудавання».

Павіншаваць прамыслоўцаў вырашыў і Прэзідэнт. А гаспадары, у сваю чаргу, падрыхтавалі для яго выстаўку дасягненняў — ад мадэлі, з якой усё пачалося, да навінак. На полі гаспадаркі «Астрошыцы», што на Лагойшчыне, размясціліся збожжаўборачныя камбайны розных мадэляў «Гомсельмаша», пасяўны комплекс, самаходны апрысквальнік «Лідаграпраммаша» (уваходзіць у склад «Гомсельмаша»), сеялка «Амкадора».

«Мерапрыемства некалькі сімвалічнае. Але прысвечана вельмі важнаму этапу ў развіцці нашай дзяржавы. Нават не сельскай гаспадаркі. Мы добра памятаем, калі людзям есці не было чаго, людзей трэба было накарміць. А без хлеба як? Здарылася так, што нейкі хлеб у поле быў, а прыбіраць яго не было чым. І вось тады прымаліся сур’ёзныя рашэнні ў плане таго, чым прыбіраць хлеб», — расказаў Аляксандр Лукашэнка аб кантэксце развіцця краіны, у які вырашылі займацца камбайнабудаваннем.

Па словах кіраўніка дзяржавы, рашэнне было цяжкім. Гучалі меркаванні адмовіцца ад вытворчасці ўласнай уборачнай тэхнікі і купляць яе ў Германіі. Аднак за пару гадоў у беларускіх прамыслоўцаў атрымалася выпусціць сваю машыну. «Мы захавалі ўраджай. Гэта нам дало магчымасць падысці да стварэння цалкам новых камбайнаў, якія сёння ўжо канкурыруюць з нямецкімі. Накармілі людзей, спакойна пачалі праводзіць уборачную кампанію. Сёння маем усю лінейку сельскагаспадарчай тэхнікі», — канстатаваў Прэзідэнт.

Але ён не абышоў і прыклады безгаспадарчага падыходу да АПК. Недапрацоўкі ёсць у тым жа Мінскім рэгіёне, таму губернатар вобласці Аляксандр Турчын атрымаў ад кіраўніка краіны некалькі значных заўваг.

«То-бок умеем усё рабіць. Але недысцыплінаванасць, невыканальнасць — гэта катастрофа. З гэтым неабходна заканчваць. Мы страцілі мінімум паўмільёна тон зернявых каласавых, якія зараз будзем шукаць, дзе купіць. Гэта страты», — абураецца Аляксандр Лукашэнка.

Перспектывы на будучыню

Па словах генеральнага дырэктара «Гомсельмаша» Аляксандра Новікава, калі ў мінулым годзе холдынг выпусціў крыху больш за 1,8 тысячы машын, то за гэта першае паўгоддзе — амаль адну тысячу адзінак тэхнікі. «Плануем да заканчэння года выпусціць 2 170 машын. У нас ужо практычна да сярэдзіны наступнага года сфарміраваны пакет заказаў», — праінфармаваў ён Прэзідэнта. 

Аляксандр Новікаў распавёў кіраўніку дзяржавы аб перспектывах развіцця прадпрыемства на будучы год — амаль да сярэдзіны 2022 сфарміраваны пакет заказаў. Усяго ў свеце ў камбайнабудаванні каціруюцца камбайны 9-га і 10-га класаў. Беларусы робяць поўную лінейку ад 6 да 9 класа, то-бок не адстаюць ад лідараў.

«Мы ў Гомелі можам забяспечыць усю краіну камбайнамі. Мы больш прадаём, чым спажываем у сябе», — выказаў думку Прэзідэнт.

«Так, 70 працэнтаў у нас ідзе на экспарт, — сказаў гендырэктар і дадаў, — дапамагла і пандэмія. Дэфіцыт пэўны сфарміраваўся. Але дзесьці троху і падкасіла — сталі больш доўгія цэпкі паставак разнастайных камплектуючых. Былі збоі ў працы канвеераў».

Аляксандр Новікаў на пытанне пра супрацоўніцтва з еўрапейскімі пастаўшчыкамі камплектуючых адказаў: рухавікі пастаўляюць у час, а вось праблемы ёсць са складанай гідраўлікай і інтэгральнымі мікрасхемамі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім патрабаванні больш актыўна займацца імпартазамяшчэннем, хоць менавіта на «Гомсельмашы» ў гэтым кірунку зроблена нямала: за апошнія пяць гадоў імпартаёмістасць вытворчасці скарочана ў два разы.

«Трэба напружвацца зараз. Да, санкцыі, дрэнна. Але неабходна займацца імпартазамяшчэннем, — падкрэсліў Прэзідэнт — Гэта трэба рабіць. А то мы жалеза зробім, а разумныя вузлы — гідраўліка, электроніка — купляем на Захадзе. Трэба самім гэта рабіць».

Размова працягнулася падчас агляду выставы камбайнаў. У лінейцы тэхнікі — першы легендарны камбайн КЗС-10. З яго пачалася ўся гісторыя. 

«Чвэрць стагоддзя мінула. Я сыходзіў з таго, што нечым трэба прыбіраць. Але не гэта галоўнае. Галоўнае, што мы пачыналі рабіць свае збожжаўборачныя камбайны. І калі вы не маглі тады нічога лепшага хутка зрабіць, спыніліся на гэтым», — нагадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, што выпрабоўваючы камбайн у 90-я, заўважылі адсутнасць страт зерня падчас збору ураджаю. «Для мяне гэта было самае галоўнае, што камбайн ідзе, прыбірае зерне. Ён, зрэшты, быў нават не горшы за нямецкія. Таму было прынята такое рашэнне. Я разумеў, што мы навучымся гэта рабіць. Трэба было пачынаць. Усё можам зрабіць, асабліва зараз, — сцвярджае кіраўнік краіны.

Прэзідэнт працягнуў, што свет сёння ўзаемазалежны: калі сам не ўмееш рабіць — заўтра навучышся, купіш, нешта скапіруеш, палепшыш.

«Галоўнае, я марыў пра тое, што мы пачнём рабіць свае камбайны. Вось — мара спраўдзілася», — канстатаваў Прэзідэнт.

Стварэнне айчынных камбайнаў ён назваў подзвігам. «Калі прымалі рашэнне, наогул катастрофа была. Прынялі рашэнне — стварылі камбайн. Гэта яны здзейснілі подзвіг, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — „Гомсельмаш“ стаў іншым, і людзі іншыя — на галаву вышэй. Па ўсім свеце пастаўляем тэхніку».

У завяршэнне мерапрыемства Аляксандру Лукашэнку падарылі паменшаную копію таго самага першага айчыннага збожжаўборачнага камбайна. 

Кавуны для губернатара

Закранулі падчас агляду тэхнікі і праблемныя пытанні ў АПК сталічнага рэгіёна. «Трэба рэальна паказваць. Каб мне не КДК дакладаў, што там творыцца. Атрымаецца так: прыедзем, Дзяржынскі раён добра зроблены, паднятая ўраджайнасць і іншае. А побач...», — кажа Прэзідэнт.

Губернатар запрашае ў гаспадарку Кляновічы, якая за год падняла ўдоі амаль у два разы і ў Крупкі, каб паказаць свае планы па развіцці раёна.

«Мы павінны ў гэтым годзе, увосень туды прыехаць. І там павінен быць той узровень, які можна дасягнуць. Ад цябе не патрабуюць надзвычайнага. Але зрабі, каб быў парадак,— акцэнтуе Прэзідэнт губернатару. — Бо атрымліваецца так: дзесьці падрыхтавалі, прыехалі, адзначыліся, паглядзелі па тэлевізары. А ў іншых месцах недахопы». 

Аляксандр Лукашэнка згадаў пра свой прысядзібны ўчастак, на якім ён не проста вырошчвае культуры, а эксперыментуе, правярае напрацоўкі беларускіх вучоных.

«Кавуны — гэта не таму, што піяр нейкі. Гэта эксперыменты. Я пачынаў з аднаго галандскага гатунку. Учора мы збіралі пяць розных гатункаў. Мне перш прынеслі, на кухню паставілі кавалачкі, пяць гатункаў гэтых кавуноў. Я вызначыў два лепшых. Беларускі ўжо нядрэнны. І калі пачынаў гэтым займацца, сказаў: прыйдзе час, мы будзем гэта апрацоўваць. Сёння наогул нічым не адрозніваецца наш кавун ад таго, што мне Эмамалі Шарыпавіч Рахмон даслаў (Прэзідэнт Таджыкістана. — „Зв.“). І спецыялісты кажуць, што гэта нават больш карысна для нас», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што такі ж падыход у яго і ў дачыненні да новых сартоў бульбы.

«Потым збіраю ўраджай і гляджу вынік. Бульба, якую нашы навукоўцы робяць, — насенне (суперэліты я высейваю) — яна нават на смак іншая. Па-першае, яна чыстая — у першы раз высейваецца, яшчэ не набрала ўсякай заразы, па тэхналогіі правільна вырошчваецца. І вось такім чынам я назіраю, што навукоўцы даюць вытворцам», — распавёў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама падкрэслівае, што на яго ферме самае лепшае малако. «Вядома, там 13 кароў. Яна ж не вялізная. Але гэта самае чыстае малако, — сцвярджае Аляксандр Лукашэнка. — Гэта значыць я эксперыментую, гляджу, што трэба. Таму што карміць людзей — гэта пытанне нумар адзін».

Прэзідэнт паабяцаў, што пачастуе ўласнымі кавунамі і губернатара. Але асноўная частка ягад пойдзе ў падарунак ваенным і падшэфнаму дому састарэлых.


Каментарый у тэму

«Сёння ў Беларусі працуюць больш за сем тысяч камбайнаў. Па нашых разліках, практычна кожны год трэба абнаўляць 600–650 камбайнаў. Сёлета мы ўжо паставілі для прадпрыемстваў краіны 350 камбайнаў. Да канца года той нарматыў, які патрабуецца сельскай гаспадарцы, пастараемся выканаць», — сказаў міністр прамысловасці Пётр Пархомчык.

Па словах міністра, беларускім прадпрыемствам пастаўляецца 25–30 % з усіх камбайнаў, што вырабляюцца ў краіне. Астатняя тэхніка ідзе на экспарт, асноўныя рынкі збыту: Расія, Казахстан, Украіна.
«Імпартазамяшчэнне — паўсядзённая дзейнасць, якой займаемся не адно дзесяцігоддзе. Калі ствараліся новыя ўзоры, мы выкарыстоўвалі ў асноўным кампаненты замежных вытворцаў. Потым ставілася мэта дадзеныя кампаненты лакалізаваць і ствараць свае прадпрыемствы», — дадаў міністр прамысловасці.

Як сцвярджае Пётр Пархомчык, лакалізацыя камбайнаў сёння ў сярэднім складае 53 %. Калі не браць у разлік метал, што набываем у Расіі, то яна паднімецца да 68–70%.
«Гэта вельмі высокі ўзровень. Калі так падысці да любой вытворчасці, то гэта верхні парог, які неабходна дасягаць пры лакалізацыі вытворчасці», — рэзюмуе кіраўнік ведамства.

Марыя ДАДАЛКА

Лагойскі раён

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.