Вы тут

Нацыянальная бібліятэка Беларусі ладзіць літаратурны конкурс. Ці гатовыя вы напісаць спін-оф да «Сярэбранай табакеркі» Бядулі?


Са школы многія памятаюць горкае апавяданне «На Каляды к сыну» — гісторыю аб тым, як сын здрадзіў бацькам. Яго аўтарам з'яўляецца класік беларускай літаратуры Змітрок Бядуля. З незвычайных фактаў — пісьменнік уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», ведаў пяць моў, а таксама некалькі гадоў жыў у адной кватэры з Луцэвічамі (Янкам Купалам і яго жонкай Уладзіславай Францаўнай). У гэтым лістападзе споўніцца 135 гадоў з дня нараджэння Бядулі. Ці не добрая нагода, каб бліжэй пазнаёміцца з творчасцю аўтара?


Вось і Нацыянальная бібліятэка Беларусі палічыла, што трэба абавязкова адзначыць юбілей пісьменніка неяк незвычайна. Інфармацыйна-аналітычны аддзел ладзіць літаратурны конкурс «Беларускі салавей». Заўважым адразу: абмежаванняў ва ўзросце няма, прыняць удзел можа кожны ахвотны. Акрамя таго, быў абраны цікавы фармат твораў: канкурсантам трэба напісаць эсэ — прыквел, сіквел або спін-оф на адзін з твораў Бядулі.

— Конкурс ладзіцца ў межах вялікага праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця», — распавядае загадчыца інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Лаўрык. — Мы рыхтуемся да 100-годдзя «Маладняка» і таму робім віртуальныя раздзелы, прысвечаныя пісьменнікам-юбілярам, якія выйшлі з гэтага аб'яднання. Напрыклад, у мінулым годзе мы адзначылі юбілей Уладзіміра Дубоўкі. Вядома, для конкурсаў мы імкнёмся выкарыстоўваць школьную праграму, каб паўдзельнічаць мог амаль кожны.

Ідэю «Беларускага салаўя» прапанаваў сябра конкурсу, паэт Віктар Жыбуль. Дарэчы, каманда журы ўжо сфарміравана, яна будзе складацца з літаратуразнаўцаў, філолагаў і журналістаў. Ацэньваць эсэ будуць пяць прафесіяналаў: Яна Будовіч, Аксана Данільчык, Віктар Жыбуль, Зоя Мельнікава і Ігар Шаладонаў.

— З 1 да 31 кастрычніка мы будзем прымаць конкурсныя работы, — тлумачыць супрацоўніца інфармацыйна-аналітычнага аддзела Юлія Амосава. — Тэатр оперы і балета, а таксама ТЮГ — нашы партнёры: аўтарам найлепшых твораў яны падораць квіткі на спектаклі. Таксама ў якасці прызоў эсэ пераможцаў будуць надрукаваны на старонках нашых інфармацыйных партнёраў, у часопісе «Бярозка» і газеце «Літаратура і мастацтва». Вынікі падвядзём у снежні, незадоўга да Новага года.

Нягледзячы на тое што «Беларускі салавей» адбудзецца праз некалькі месяцаў, рыхтавацца да
яго можна ўжо зараз. Як мінімум перачытаць творы Змітрака Бядулі. Арганізатары папярэджваюць, што эсэ трэба будзе напісаць, абапіраючыся на наступныя творы пісьменніка: «Салавей», «Сярэбраная табакерка», «Бондар» і «На Каляды к сыну».

Запрашаем усіх паспрабаваць свае сілы ў літаратурным конкурсе.

Арына КАРПОВІЧ

Загаловак у газеце: Беларускі салавей. Да юбілею

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?