Вы тут

«Закупім усё, што вырасла». Што можна здаць у комплексны прыёмны пункт?


«Белкаапсаюз» працягвае нарыхтоўку ягад, грыбоў і пладова-агародніннай прадукцыі ў насельніцтва. Сельгаспрадукцыі і сыравіны арганізацыямі спажывецкай кааперацыі з пачатку года закуплена на суму 279 млн беларускіх рублёў, у тым ліку насельніцтву выплачана за здадзеную прадукцыю і сыравіну Br191 млн рулёў. Мы адправіліся на нарыхтоўчы пункт Баранавіцкага райспажыўтаварыства, каб высветліць, што сёлета прыносяць і прывозяць у прыёмна-нарыхтоўчыя пункты, і наколькі выгадна здаваць нарыхтоўшчыкам лішкі сельгаспрадукцыі і дары лесу.


Цяпер — сезон садовых буякоў, чарніц і лісічак.

Год на год не падобны

Нягледзячы на разгар летняга сезона, здаць лішкі сельгаспрадукцыі можна без усякай чаргі. Нарыхтоўшчыкі наракаюць на тое, што гэтым летам, здараецца, сядзяць без работы.

— Неўраджай, — разводзіць рукамі намеснік старшыні Баранавіцкага райспажыўтаварыства па нарыхтоўках, вытворчасці і знешнеэканамічнай дзейнасці Іосіф Шустал. — Няма аб'ёмаў. Магчыма, з-за гарачыні. Сады цвілі добра, а ўраджаю няма. Нават яблычны апад здаюць слаба. Парэчкі летась мы бралі па 30-40 капеек за кілаграм, у гэтым бяром па 90 — і амаль не здавалі. Вішні летась бралі да рубля, сёлета — па рубель пяцьдзясят за кілаграм, і таксама амаль ніхто не прыносіў. Слівы — тое ж самае. У гэтым годзе яблыкі гніюць проста на галінках, не паспяваючы выспець. Адно слова — неўраджай.

— Мы закупляем практычна ўсё, што расце ў садзе і агародзе, — распавядае нарыхтоўшчыца Баранавіцкага райспажыўтаварыства Зінаіда Мялік.

Перад тым як прыняць гародніну, садавіну, ягады і грыбы, нарыхтоўшчыкі адпраўляюць іх на радыелагічны кантроль і ў лабараторыю. Нітраты, радыенуклеіды, іншыя паказчыкі — толькі пры адсутнасці нават мізэрнага перавышэння нормы прадукцыя будзе прынята.

— Вялікія партыі звычайна паступаюць з дакументамі: праверку тыя, хто здае, праводзяць самастойна. Калі ж партыі маленькія (як правіла, ад насельніцтва), правяраем у лабараторыі самі, — растлумачылі мне.

Такім чынам, здаць можна што заўгодна. Што ж здаюць?

— Садовыя ягады ў асноўным ужо адышлі, — тлумачыць Іосіф Баляслававіч. — Цяпер у асноўным здаюць лісічкі і чарніцы. Сёння здалі садовыя буякі. Бліжэй да восені насельніцтва пачне актыўна здаваць бульбу, капусту, моркву, буракі, цыбулю, часнок, яблычны апад. Восень — сезон грыбоў, мёду, арэхаў, фасолі, гарбузовых семачак і журавін.
А цяпер якраз зацішша. У дзень здае сельгаспрадукцыю чалавек 10-15, не больш.

Яблычны апад — тое, што нарыхтоўшчыкі бяруць без абмежаванняў, як і ягады, грыбы. З абмежаваннямі прымаецца плодаагароднінная прадукцыя, якую трэба прадаць адразу ж. Яна рэалізоўваецца праз гандлёвую сетку райспажыўтаварыства.

Чарніцы ў цане

Закупачныя цэны фарміруюцца штодня зыходзячы з попыту і прапановы — у залежнасці ад цэн, па якіх прадпрыемствы гатовыя набываць сельгаспрадукцыю на перапрацоўку.

— Цана мяняецца амаль кожны дзень, — распавядае Іосіф Шустал. — Калі, дапусцім, прадпрыемства гатовае закупляць сыравіну па 30 капеек за кілаграм, мы закупляем яе ў насельніцтва па 20-25 капеек. Нядаўна лісічкі мы прымалі па 8 рублёў за кілаграм, цяпер прайшлі дажджы і цана ўпала да 6 рублёў за кіло. Яблык-апад мы пачыналі прымаць па 15 капеек за кілаграм. Заводы пакуль не даюць цану больш як 18-20 капеек. Калі закупкі не будзе, падымем закупачную цану і будзем шукаць прадпрыемствы, што згодныя будуць набыць сыравіну даражэй. Сёлета з прапановай складана, а попыт ёсць.

Клубніцы ў гэтым годзе людзі здавалі дастаткова ахвотна. Хоць і гэтых ягад у параўнанні з мінулымі гадамі вырасла мала.

— Клубніцы мы пачыналі прымаць па 8-9 рублёў, а заканчвалі — па 3 з паловай — 4 рублі за кілаграм. Каля 90 % клубніц (каля 12 тон) прадалі ў розніцу праз нашу гандлёвую сетку. Прыкладна 10 % здалі на вінна-гарэлачныя заводы ў якасці сыравіны.

Нарыхтоўвалі ў пачатку сезона і зяленіва — на яго быў вялікі попыт. Зялёная цыбуля, кроп і пятрушка прадаваліся ў розніцу і закупляліся ў насельніцтва значна танней, чым прапаноўвалі цяплічныя камбінаты.

Нарыхтоўшчыца Баранавіцкага райспажыўтаварыства Зінаіда Мялік: на дзень тут бывае чалавек 10 наведвальнікаў.

Цяпер сезон садовых буякоў (іх нарыхтоўшчыкі прымаюць па 6,5 рубля, а прадаюць праз гандлёвую сетку па 8,5). А ў лясах — сезон чарніц. Але на чарніцы гэты год таксама неўраджайны.

— Таму і цана высокая. Такой цаны на чарніцы, як сёлета, не было за ўсе гады, якія я працую. Гэтым летам цана даходзіць да 8 рублёў за кілаграм, а ў ранейшыя гады яна не падымалася вышэй за 5 рублёў. Фарміруюць цану закупкі, дарэчы, не толькі наш рэгіён, але і Еўропа, Расія, Украіна — там на нашы чарніцы ёсць попыт.

— Чырвоных парэчак у гэтым годзе таксама закупілі вельмі мала. У мінулыя гады нарыхтоўвалі па 30-50 тон, — кажа спецыяліст.

Калі год неўрадлівы, закупачныя цэны паўзуць уверх.

— Цяпер маслякі пайшлі, мы прымаем іх па рубель пяцьдзясят за кілаграм. Летась самай высокай цаной была «рубель дваццаць». У нашага райспажыўтаварыства ёсць грыбаварныя пункты, і на кансервавыя заводы мы масляты і апенькі рэалізоўваем у выглядзе паўфабрыкату — адварныя, з соллю і спецыямі. Яны дадаюць іх у салянкі. Лісічкі рэалізоўваем у розніцу (12 рублёў кілаграм) або замарожваем. Баравікі будзем нарыхтоўваць бліжэй да восені — калі, вядома, пройдзе дастаткова дажджоў і ў лясах з'явіцца хоць нейкі іх ураджай. Летась першым сортам яны прымаліся па 6 рублёў за кілаграм, другім — па 3-4 рублі. У гэтым, мяркую, закупачныя цэны будуць вышэйшыя.

«Некандыцыя» не пройдзе

Як ужо гаварылася, большая частка «улову» нарыхтоўшчыкаў ідзе на перапрацоўку — больш за 70 %. Сталыя партнёры Баранавіцкага райспажыўтаварыства — Ляхавіцкі кансервавы завод, «Гама смаку» (Клецк), кансервавы завод у Стоўбцах, філіял цукровага завода ў Гарадзеі, Слонімскі вінзавод, «Белавежскія віны» ў Пружанах.

— Яблыкі ідуць на перапрацоўку практычна цалкам, агуркі-памідоры — толькі 7-10 працэнтаў: кансервавыя заводы закупляюць на кансервацыю ў слоіках. Але калі цэны высокія, яны з намі не працуюць, бяруць, толькі калі цэны падаюць, — тлумачыць намеснік старшыні.

Існуе меркаванне, што на перапрацоўку можна выкарыстоўваць любую «некандыцыю», амаль што гніллё. Але гэта не так, кажуць нарыхтоўшчыкі. Да прадукцыі — досыць высокія патрабаванні.

— З гнілога яблыка не зробіш ні якаснага соку, ні віна. А тыя ж агуркі кансервавыя заводы бяруць толькі даўжынёй 8-9 см, не больш. У слоіку агурок выдатна бачны, і калі ён не прыгожы, такі слоік проста не купяць. Плады, што перараслі ці проста непрыгожай формы, па стандарце не праходзяць, і мы іх не прымаем. Ведаю, што «некандыцыя» выкарыстоўваецца на корм скаціне — каровам, свінням. А на вараных насенных агурках выдатна растуць качкі — фермеры ў Пінску распавялі. Але да нас гэта ўжо адносін не мае.

Ці гэта выгадна?

Зарабіць на здачы сельгаспрадукцыі ў нарыхтоўчыя пункты сёлета цалкам рэальна, адзначае суразмоўнік: закупачныя цэны па многіх пазіцыях гэта дазваляюць. І многія спрабуюць.

Намеснік старшыні Баранавіцкага райспажыўтаварыства па нарыхтоўках,  вытворчасці і знешнеэканамічнай дзейнасці Іосіф Шустал паказвае, якія лісічкі ахвотна забіраюць на экспарт.

— У нас па выхадных электрычкі прыгарадныя перапоўненыя — людзі едуць у ягады. 10 кілаграм сабраў — атрымаў 70-80 рублёў. Тым больш цяпер дазволена збіраць камбайнам. Раней мы не прымалі ягаду з лісцем, цяпер прымаем.

Камбайны для збору ягад, вядома, наносяць шкоду чарнічніку, але ў разы паскараюць працэс збірання ягад. Дарэчы, на нарыхтоўчым пункце можна атрымаць за здадзеную прадукцыю не толькі грошы. Можна «памяняцца» на тое, у чым адчуваецца недахоп у гаспадарцы. Напрыклад, па жаданні, здаўшы пэўную колькасць садовых буякоў, можна атрымаць замест грошай пэўную колькасць дароў лесу (грыбоў або чарніц) і наадварот.

Рэалізоўвае чарніцы і лісічкі Баранавіцкае райспажыўтаварыства ў тым ліку і ў Расію, Прыбалтыку, краіны Заходняй Еўропы.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.