Вы тут

Актуальныя ініцыятывы па развіцці тэрыторый. Цікавы вопыт у Жлобінскага раёна


На Гомельшчыне дэпутаты аналізуюць прыклады ўзаемадзеяння органаў мясцовай улады, прадпрыемстваў, арганізацый і грамадзян па развіцці тэрыторый. 


Экскурсія па вучэбным цэнтры БМЗ.

Менавіта гэты рэгіён стаў месцам правядзення абласнога семінара старшынь раённых Саветаў дэпутатаў і кіраўніка дэпутацкага корпуса Гомельшчыны — Кацярыны Зянкевіч. Знаёмства са Жлобінам удзельнікі мерапрыемства пачалі з пешай прагулкі па цэнтральнай частцы горада. Апошнюю ў райцэнтры ўжо паспелі ахрысціць жлобінскім «Арбатам». Гэтая добраўпарадкаваная тэрыторыя — ад Прывакзальнай плошчы і плошчы Вызваліцеляў да часткі вуліцы Дзяржынскага — цяпер візітная картка раённага цэнтра. Менавіта тут была ажыццёўлена адна з ініцыятыў райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў па сумеснай рабоце над аднаўленнем горада ўсімі неабыякавымі жыхарамі Жлобіна. Так, на пешаходнай вуліцы Дзяржынскага ўстаноўлены лаўкі з вулічнымі ліхтарамі і дэкаратыўнымі элементамі. Такія дызайнерскія зоны адпачынку — увасабленне ідэй конкурсу «Найлепшая гарадская лаўка», у якім сёлета бралі ўдзел прадпрыемствы і арганізацыі горада.

Калі людзі аддаюць свае час і сілы, укладаюць заробленыя сродкі ў аб'екты добраўпарадкавання, то і стаўленне да апошніх зусім іншае — не спажывецкае, а любоўнае і клапатлівае. Гэта матывуе людзей брацца за новыя праекты. Старшыня Жлобінскага райвыканкама Аляксандр Грыгарэнка звярнуў увагу, што ў раёне імкнуцца актыўна прыцягваць мясцовых жыхароў і прадпрыемствы да добраўпарадкавання населеных пунктаў. Такую работу, адзначыў кіраўнік раёна, актывізуюць дзякуючы суботнікам, конкурсам, мясцовым ініцыятывам і спонсарскай дапамозе. Адзін з прыкладаў — летась амбулаторна-паліклінічная служба раёна папоўнілася двума легкавымі аўтамабілямі для абслугоўвання пацыентаў. Спонсарам выступіў дырэктар мясцовай гандлёвай сеткі. Усяго ж за 2020 год у развіццё Жлобінскага раёна было інвеставана больш за 142 мільёны рублёў.

Між тым, падчас семінара дэпутаты пазнаёміліся з работай гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Эўрыка», а таксама наведалі мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей. Цэнтр «Эўрыка» летась быў прызнаны найлепшай установай дадатковай адукацыі Гомельскай вобласці. У 37 аб'яднаннях па інтарэсах тут займаюцца амаль паўтары тысячы дзяцей ад трох да 18 гадоў. Разнастайнасць кірункаў і відаў творчасці дае магчымасць выбраць справу, якая ў выніку можа стаць прафесіяй ці проста застацца любімым заняткам.

Дэпутатам цікава было ўбачыць на свае вочы, як наладзіў работу на новым месцы гісторыка-краязнаўчы музей. Музейны комплекс размясціўся ў будынку былога дзіцячага садка, рэканструкцыя якога пачалася ў 2013 годзе, але на шэсць гадоў рамонтныя работы былі прыпыненыя. У кастрычніку 2019 года на аднаўленне аб'екта было выдзелена фінансаванне, накіраваны сродкі з раённага суботніка, спонсарскія ахвяраванні. Пасля рэканструкцыі ў музее з'явіліся неабходныя ўмовы для размяшчэння і захоўвання экспанатаў, правядзення культурных мерапрыемстваў. Сёння комплекс утрымлівае больш за 20 тысяч музейных прадметаў.

Работа выхаванца Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Эўрыка».

Удзельнікі семінара таксама наведалі кампанію «АКА». Дадзенае прадпрыемства — лідар у Беларусі па вытворчасці дзвярэй з масіву дрэва ў прамысловых маштабах. Старшыні райсаветаў цікавіліся сацыяльным статусам кампаніі — сацпадтрымкай работнікаў, адкрыццём новых рабочых месцаў, перспектывамі развіцця вытворчасці.

Між іншым, чакалі дэпутатаў і на Беларускім металургічным заводзе. Тут удзельнікі семінара змаглі даведацца аб новых тэхналогіях сталеплавільнай вытворчасці. Так, на БМЗ створаны ўнікальны вучэбны цэнтр. Яго кіраўнік Сяргей Пугач распавёў аб выхаванні адказнасці ў кожнага работніка вытворчасці і навучанні персаналу, як інвеставаць у будучыню завода.

Падчас семінара дэпутаты таксама прааналізавалі вынікі сумеснай работы арганізацый і органаў мясцовай улады па развіцці турызму на Жлобіншчыне. На прыкладзе работы аграэкасядзібы «Бабуліна хата», размешчанай у вёсцы Лясань Салонскага сельсавета, ацанілі, якія ўмовы створаны для актыўнага адпачынку і прыцягнення турыстаў у раён. Менавіта ў турыстычным кірунку, адзначылі ўдзельнікі семінара, Жлобінскі край у перспектыве можа стаць удалым прыкладам развіцця новых формаў. Напрыклад, магчыма развіваць прамысловы турызм з экскурсіямі на БМЗ. Увогуле патэнцыял для развіцця турызму і сферы паслуг на Жлобіншчыне вельмі значны. Агульныя ініцыятывы, падкрэслілі дэпутаты, толькі ўмацуюць яго.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».