Вы тут

Мара «Тэатра Мары». У Смілавічах сямёрка творчых людзей арганізавала музычны гурт


Якая яна, мара? У кожнага, безумоўна, свая, А вось ва ўдзельнікаў гурта «Тэатр Мары» ёсць агульная: ператвараць ідэі ў словы, складаць з вядомых нот незвычайныыя кампазіцыі, трансліраваць праз песні свае думкі і пачуцці, «запальваць» на сцэне — ды проста займацца любімай справай. Нездарама шляхі сямі творчых людзей перасекліся пад небам гарпасёлка Смілавічы Чэрвеньскага раёна паўтара года таму.


Гісторыя «Тэатра Мары» пачалася разам з пабудовай новага Дома культуры і закупкай для яго музычных інструментаў. А які ж ДК без калектыву? Так у адной рэпетыцыйнай зале сабраліся работнікі культуры: таленавітыя бас-гітарыст, мастацкі кіраўнік Дзмітрый Маркевіч, гітарыст і аўтар музыкі Аляксандр Касінскі, вакалісткі Надзея Касінская (яна ж аўтар слоў) і Вераніка Пташнік, аранжыроўшчык і гітарыст Арцём Дзятко, барабаншчык Яўген Якушка, клавішнік Ягор Зеляноўскі. Сярэдні ўзрост групы — 30 гадоў. Хтосьці з удзельнікаў — карэнны смілаўчанін, а кагосьці ў мястэчка прывёў не інакш як лёс.

Першапачатковая рабочая назва гурта — «Паварот на Смілавічы» — надоўга на вуснах не затрымалася. Па словах Дзмітрыя, яна несур'ёзная. «Калі б мы ігралі музыку ў стылі «Без білета», то падыходзіла б шыкоўна. А нам хацелася чагосьці рамантычна-драматычнага», — прызнаўся ён. Потым у галаве ўзнікла прыгожае слова «Мара», імя багіні нараджэння, урадлівасці і смерці, што ўказвае на фальклорны характар калектыву. Аднак такі сцэнічны псеўданім ужо існаваў. І тут дапамог гістарычны факт: на месцы новага ДК раней працаваў кінатэатр з такой самай назвай! Троху «пагуляўшы» са словамі, група нарэшце стала «Тэатрам Мары».

Першую песню Надзея напісала пра каханне. «На небе зорны пыл, хвост залатой каметы. Ззяе для нас дваіх, пылае мара-любоў. Толькі трымаць цябе — быццам хапаць паветра. Рукі гараць агнём, цябе я страчу ізноў...», — меладычна і пранікліва спяваюць дзяўчаты «Жаданне».

Цяпер на рахунку групы ёсць яшчэ некалькі кампазіцый: «Паланэз» аб Радзіме, вясёлая маладзёжная «Намаскар». Дапісваецца змрочная, хорарная песня «Дзяды». Увогуле, музыкі не абмежаваныя ні тэмамі, ні канкрэтным гучаннем. Іх стыль — гэта спалучэнне рок і поп-музыкі, электроннай і народнай. Нярэдка прысутнічаюць фальклорныя і сімфанічныя ўстаўкі.

«У нас ва ўсіх розны музычны густ, таму кожны са свайго боку прыўносіць адметныя ідэі — з чымсьці разнапланавым і канцэптуальным праблем няма, — адзначае суразмоўніца. — Іграем тое, што падабаецца нам, а не тое, што хочуць пачуць. Калі камусьці падабаецца — добра, калі не, то ніхто і не абавязаны нас слухаць».

...Без цяжкасцяў, вядома, не абыходзіцца. На жаль, на паўнавартаснае развіццё калектыву не хапае часу. Кожны заняты сваёй асноўнай работай у Доме культуры: хтосьці кіруе хорам, вядзе гурткі, нехта займаецца інжынернымі справамі. Таму песні — гэта пакуль што хобі.

А як існуе гурт ва ўмовах каранавіруса? Адметна, што і час яго стварэння супаў з пачаткам пандэміі. Як кажа мастацкі кіраўнік, гэта толькі дапамагло развівацца. «Тады шмат праектаў сышло ў анлайн. І для нас гэта быў найлепшы варыянт, бо жывыя канцэрты з тым абсталяваннем, якое было ў нас, зладзіць не змаглі б», — растлумачыў Дзмітрый.

У анлайн-конкурсах і фестывалях музыкі «Тэатр Мары» з задавальненнем удзельнічае і цяпер, нават бярэ прызавыя месцы.

«У відэафармаце песні гучаць нядрэнна, — заўважыў суразмоўнік, — але ўсё ж не ў той якасці, у якой хацелася б. Таму пакуль паціху закупляем абсталяванне, каб самім запісаць і звесці музыку нармальна, як у студыі».

Зразумела, удзельнікі гурта жадаюць вылажыць песні на вядомыя музычныя пляцоўкі. Аднак для гэтага трэба мець больш матэрыялу. «Вось, скажам, мы «стрэлілі». Але далей што? Пакуль няма чаго прадставіць аўдыторыі. Мы хочам быць гатовымі да працягу, — падзяліўся мастацкі кіраўнік. — Паасобку песні выкладваць першапачаткова не хочацца. Але зрабіць максі-сінгл на трэкаў пяць — можна».

Якая ж сапраўдная мара «Тэатра Мары»?

«Каб праект працаваў, — адказаў Дзмітрый Маркевіч. — Калі ты не шукаеш магчымасцяў і часу, а прыйшоў на работу — і ведаеш: цяпер я займаюся любімай справай. І табе за гэта, можа быць, яшчэ і плацяць. Каб муза ніколі не сыходзіла: не даводзілася б з сябе выцягваць ноты... Ну і прызнанне, папулярнасць, падказвае тут мне Саша [Аляксандр Касінскі] (усміхаецца). Як у Бі-2 і вышэй».

Юлія АДАМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.