Фітафтароз і кладаспарыёз адносяцца да найбольш небяспечных хвароб таматаў: яны могуць нейкі час праходзіць скрыта, а калі праявяцца, лячыць культуру будзе позна. Акрамя таго, на іх з'яўленне аказвае ўскосны ўплыў надвор'е. Вось чаму прафілактыка ў дадзеным выпадку абавязковая.
Разрэджанасць пасадак
Калі ў мэтах эканоміі месца загусціць пасадкі, гэта будзе першым крокам на шляху да ўзнікнення захворванняў. Раслінам не хапае святла, зацененая імі глеба не паспявае цалкам прасохнуць пасля паліву і ўвесь час застаецца вільготная, што стварае ідэальныя ўмовы для развіцця хвароб таматаў. Для таго каб апошняга не здарылася, трэба строга выконваць схемы пасадкі для таматаў, у залежнасці ад іх вышыні і месца размяшчэння.
Калі вы вырошчваеце высакарослыя таматы, адлегласць паміж радамі можа даходзіць да 1 м, паміж кустамі — 70 см. У некаторых выпадках інтэрвал можна крыху паменшыць: 70—90 см паміж радамі і 50—60 см паміж кустамі адпаведна.
Сярэднерослыя памідоры саджаюць на адлегласці 55 см паміж раслінамі і 70—80 см — паміж радамі. Дапушчальна трохі змяняць гэтыя параметры з улікам сорту.
Пры пасадцы памідораў нізкарослых сартоў можна пакідаць паміж кустамі да 30 см свабоднай прасторы, а паміж радамі — 50 см.
Правільны паліў
Развіццю захворванняў спрыяюць высокая тэмпература і павышаная вільготнасць. Таму строга рэгламентаваны паліў не менш важны, чым разрэджанасць пасадак. Асабліва гэта датычыцца вырошчвання таматаў у ахаваным грунце. У першы тыдзень пасля высадкі расады ў цяпліцу іх і зусім паліваць не варта. Затым расліны забяспечваюць вадой кожныя 3—7 дзён (у гарачае надвор'е — часцей). Да цвіцення паліў праводзяць з разліку 4-5 л вады на куст, а пасля закладкі кветкавых гронак — 1-2 л на куст. Падчас завязвання пладоў норму паліву зноў даводзяць да 3—5 л.
У адкрытым грунце памідоры паліваюць 1-2 разы на тыдзень пад корань, выліўшы на 1 кв. м прыкладна 15—20 л вады. У абодвух выпадках паліў традыцыйна праводзяць па раніцах адстоенай або сабранай дажджавой вадой.
Мульчыраванне
Каб засцерагчы пасадкі ад спор хвароб, здольных існаваць у глебе, трэба прыкрыць грады з таматамі прыдатным матэрыялам. Для гэтай мэты падыдуць і покрыўны матэрыял (агравалакно, спанбонд і іншае), і сена (салома), і кампост, і скошаная трава, а таксама драўняныя шчэпкі і пілавінне. Мульча стане яшчэ адным элементам засцярогі раслін ад фітафтарозу і кладаспарыёзу.
Праветрыванне цяпліцы
Калі таматы растуць у закрытым грунце, то для зніжэння тэмпературы і вільготнасці паветра іх трэба рэгулярна праветрываць, адкрываючы дзверцы цяпліцы. Дасведчаныя агароднікі сцвярджаюць, што калі тэмпература паветра не апускаецца ніжэй за 15 °C нават ноччу, то дзверы ў цяпліцу можна наогул не зачыняць.
Апрацоўка пестыцыдамі
Не абысціся і без іх. Для прафілактыкі фітафтарозу і кладаспарыёзу таматы ў перыяд вегетацыі апырскваюць фунгіцыдамі, напрыклад, прэпаратамі «Фітаспарын-М», «Алірын-Б», «Гамаір» па інструкцыі.
Пасынкаванне
Таматы, дзякуючы пільнай увазе, пачнуць актыўна расці і запоўняць сваёй зялёнай масай усе міжраддзі, а гэта зноў жа прывядзе да абмежавання доступу паветра да глебы. Пасынкаванне таматаў не толькі дапаможа ім застацца здаровымі, але і паскорыць паспяванне ўраджаю.
Першае пасынкаванне праводзяць праз два тыдні пасля высадкі расады ў грунт, а затым паўтараюць рэгулярна, кожныя 10—14 дзён. Апошняе дазваляе своечасова адсочваць новыя атожылкі і прадухіляць загушчэнне куста. Галоўнае правіла змагара з пасынкамі заключаецца ў тым, што рабіць гэта трэба своечасова, а менавіта не пазней, чым яны стануць большыя за 4-5 см у даўжыню. У дадзены момант яны яшчэ тонкія, не цягнуць сілы з мацярынскай расліны і іх лёгка выдаліць рукамі або з дапамогай нажніц.
Ёсць яшчэ адзін спосаб, які мінімізуе рызыку ўзнікнення фітафтарозу і кладаспарыёзу таматаў. Гэта выбар сартоў, устойлівых да абодвух захворванняў. У якасці перастрахоўкі можна скарыстацца і ім.
Ірына ТАМКОВІЧ
Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.
«Устаюць раней за ўсіх і пазней за ўсіх кладуцца»
...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.