Перыядычна (даволі часта) Зямлю атакуюць магнітныя і іншыя метэанавальніцы. Расказваем, ці варта ставіцца сур'ёзна да падобных папярэджанняў (і каму асабліва важна падысці да сітуацыі з усёй адказнасцю), як сачыць за сваім арганізмам падчас негатыўных прыродных з'яў і ці можна пазбегнуць «збою».
Што ж гэта такое?
У магнітных бурах вінаватыя гіганцкія выкіды плазмы і зараджаных часціц на Сонцы, якія дасягаюць паверхні Зямлі прыкладна праз суткі. Пад магутным напорам зараджаных элементаў магнітнае поле Зямлі адчувае ваганні. І гэтыя ваганні адбіваюцца на самаадчуванні людзей, паколькі змяненне магнітнага поля нашай планеты мяняе і атмасферны ціск, і склад паветра.
У выніку на метэаадчувальнасць скардзяцца і людзі, якія маюць хранічныя захворванні, і «практычна здаровыя».
Не адстае ва ўплыве на наша самаадчуванне і настрой, і начное свяціла. Зусім нядаўна мы перажылі «Супермесячча»: 26 мая цень ад Зямлі афарбавала яе спадарожнік барвяным, і практычна ўсе сродкі масавай інфармацыі распавялі аб Крывавым Супермесяцы. Акрамя інструкцыі, калі і дзе можна назіраць містычнае відовішча, СМІ папярэдзілі, што Месяц падыдзе да Зямлі значна бліжэй, чым звычайна, будзе поўнае месяцавае зацьменне, і трэба пасачыць за сваім здароўем.
— Магнітныя буры і іншыя глабальныя прыродныя з'явы ўплываюць у першую чаргу на самаадчуванне, а не на здароўе ў цэлым, — адзначае галоўны герыятр Міністэрства аховы здароўя Беларусі, кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра актыўнага даўгалецця Людміла Жылевіч. — Ведаючы, калі чакаюцца гэтыя з'явы, іх можна прадухіліць і адчуваць сябе цалкам камфортна.
Калі вы маладыя і здаровыя, да магнітных бур вы, як правіла, зусім не адчувальныя, адзначае спецыяліст. Але ёсць людзі, першапачаткова адчувальныя да ваганняў атмасфернага ціску, магнітнага поля Зямлі і складу паветра — у іх так выбудавана сістэма барарэцэптараў, што на іх самаадчуванне ўплываюць нават нязначныя змены.
— Пэўныя прыродныя з'явы выклікаюць змены руху крыві, якія негатыўна ўплываюць, напрыклад, на самаадчуванне людзей, схільных да трамбозаў, на пацыентаў з сістэмнымі захворваннямі крыві ці сэрца. Але ім дастаткова прыняць свае звычайныя прэпараты — і спакойна перажыць гэты перыяд. Людзям з нармальным крывацёкам і здаровым сэрцам ніякіх дадатковых мер не патрабуецца.
Калі ваш арганізм — «барометр»
Тэрмін «метэаадчувальнасць» трывала ўвайшоў у наша жыццё. Ва ўсе часы былі людзі, якія асабліва чуйна рэагуюць на хваляванні магнітнага поля. Але ў наш час такіх людзей становіцца ўсё больш.
— Медыкі не могуць не адзначыць рост колькасці метэаадчувальных людзей, — падкрэслівае Людміла Жылевіч. — Віной таму — экалагічны фактар. Мы бачым, якія прыродныя катаклізмы адбываюцца ў свеце ў апошнія дзесяцігоддзі. Змяняецца клімат, прыроднае асяроддзе стала больш агрэсіўнае, і чалавеку дастаткова цяжка прыстасавацца да гэтага — наш арганізм разлічаны на больш «класічны варыянт».
Калі б чалавек ішоў па шляху захавання свайго здароўя, ён змог бы супрацьстаяць зменам, якія адбываюцца ў прыродзе, — у арганізма хапіла б рэсурсаў перабудавацца пад іх. Але значная колькасць сучасных людзей жыве ва ўмовах недастатковасці рухальнай актыўнасці і падтрымлівае лад жыцця, далёкі ад здаровага, кажа спецыяліст.
— Напрыклад, сур'ёзны фактар развіцця метэаадчувальнасці — курэнне. Такім чынам, чалавек сам выклікае кіслародную недастатковасць у сваім арганізме. А ў перыяд метэабур канцэнтрацыя кіслароду ў паветры зніжаецца. Плюс «уласная» кіслародная недастатковасць у курца — і арганізм адгукаецца праблемай. У першую чаргу на недахоп кіслароду рэагуюць сардэчна-сасудзістая сістэма і галаўны мозг. Апошні асабліва адчувальны да гэтага фактару — мы гэта бачым у пацыентаў з ковіднай інфекцыяй. І ў цэлым нізкая насычальнасць клетак кіслародам уплывае на ўвесь арганізм і носіць сістэмны характар. Пытанне гучыць так: калі вы малады чалавек і маеце метэаадчувальнасць, ці не прыйшоў час высветліць, што не так у вашым арганізме або з вашым ладам жыцця? Хутчэй за ўсё, вы не займаецеся сваім здароўем, у вас недастаткова фізічнай нагрузкі, вы п'яце мала чыстай вады (гэта таксама ўплывае на развіццё метэаадчувальнасці), рэдка бываеце на свежым паветры, шмат часу праводзіце за камп'ютарам і перагружаеце свой шыйны блок. Такім чынам, кіслародная недастатковасць назапашваецца і любыя перапады ціску і памяншэнне канцэнтрацыі кіслароду ў паветры ўдараюць па вашым самаадчуванні.
— То-бок мы мяняем лад жыцця і перастаём быць метэаадчувальным?
— У многіх выпадках — так, гэта дае вынік. Кідаем паліць, пачынаем правільна харчавацца, прыводзім у тонус мышцы (і, як вынік, сасуды таксама прыходзяць у норму) — і тады сардэчна-сасудзістая сістэма здолее добра зрэагаваць на атмасферныя змены. Але калі казаць пра людзей сталага ўзросту, іх сасудзістая сістэма ўжо менш гнуткая, сасуды больш рэгідныя, і перапады ціску для іх — большая праблема, чым для іх дзяцей і ўнукаў. Таксама ёсць прыроджаныя анамаліі, якія прыводзяць да метэаадчувальнасці. У гэтым выпадку я раіла б прайсці абследаванне і па магчымасці гэтую праблему вырашыць.
Хто ў групе рызыкі?
Хвароб, якія робяць нас адчувальнымі да магнітных бур, менш, чым прынята лічыць. У першую чаргу гэта хваробы сэрца і сасудаў.
— Людзі з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы — самая ўразлівая група. Тая адзіная, якая на сто працэнтаў павінна сачыць за магнітнымі бурамі і іншымі метэаз'явамі. У такія дні яны павінны засцерагчы сябе: скарэкціраваць дозу сваіх звычайных прэпаратаў, дома ў аптэчцы або з сабой у іх падчас магнітных бур абавязкова павінны быць таблеткі для экстраннай дапамогі сэрцу або для хуткага зніжэння ціску. Калі ўзнікае складаная сітуацыя, быць да яе гатовым. Яшчэ адна група рызыкі — людзі з мігрэнямі (у гэтым выпадку таксама прысутнічае сасудзісты кампанент). І тут трэба памятаць, што мігрэні звычайна суправаджаюцца аўрай, свайго роду прадвеснікамі, і чалавеку важна быць уважлівым да свайго арганізма і спрацаваць на апераджэнне. Але гэта не значыць, што вам варта схавацца ў цёмны пакой — наадварот: мігрэнь акрамя таблетак лечыцца свежым паветрам. Адкрывайце форткі ў кватэры, а лепш выходзьце на вуліцу, свежае паветра часам купіруе галаўныя болі на этапе аўры. Тут ёсць адзін важны нюанс: некаторыя людзі рэагуюць на складаную метэаралагічную сітуацыю (тыя ж магнітныя буры) за дзень да іх. Ёсць таксама тыя, хто рэагуе і пасля «складанага» дня. Ведаючы свой арганізм, вы паспееце своечасова прыняць меры.
Яшчэ адна катэгорыя людзей, якую можна аднесці да групы рызыкі, — людзі з хваробамі апорна-рухальнага апарату, распавяла суразмоўца.
— Гэта тыя пажылыя людзі, якія заўсёды ведаюць, калі будзе дождж ці бура: напярэдадні ў іх баляць косці, суставы, застарэлыя траўмы. У складаныя «метэадні» ім важна скараціць фізічную нагрузку — хай гэта будзе больш пасіўны час.
— Якая яшчэ бывае рэакцыя на магнітныя буры?
— Як правіла, часцей за ўсё людзі скардзяцца на тое, што пачынае сціскаць віскі, на тупы боль у вобласці сэрца. У пажылых людзей узмацняецца адышка. Метэаадчувальныя дзеці — з'явілася і такая катэгорыя — становяцца больш раздражняльныя і хутчэй стамляюцца. У маладых людзей у такі дзень «усё валіцца з рук», не атрымліваецца сканцэнтраваць увагу, засяродзіцца. Высілкам волі гэтыя праблемы не вырашыць. Проста на такі дзень не варта многае планаваць. Лепш па магчымасці знізіць нагрузку і пачакаць, пакуль магнітная бура пройдзе. Ну і, калі гаворка ідзе пра маладых людзей, зразумела, паглядзець, які кампанент робіць вас метэаадчувальным — праблемы з сасудзістай сістэмай або асаблівасці штодзённых паводзін. І па магчымасці паклапаціцца пра сябе — паспрабаваць гэтыя фактары са свайго жыцця выключыць. У людзей маладога ўзросту ёсць вялікі рэзерв, які дазваляе пазбавіцца праблемы метэаадчувальнасці.
У чаканні бяды
— А якую ролю тут адыгрывае самаўнушэнне? Нам загадзя паведамляюць аб магнітных бурах, і мы настройваемся на нездароўе...
— Сапраўды, у сем'ях, дзе ёсць метэазалежныя людзі, ствараецца стэрэатып непазбежнасці. Людзі загадзя настройваюцца на тое, што ў гэты дзень што-небудзь абавязкова пойдзе не так. Напрыклад, маладыя людзі глядзяць на сваіх метэазалежных бацькоў і таксама становяцца метэазалежнымі — зараз ці праз некалькі гадоў. Яны сябе запраграмавалі, у іх сфарміравалася дамінанта. А наша здароўе або нездароўе залежыць, вядома, ад многіх знешніх фактараў, у тым ліку ад ладу жыцця, але шмат у чым яно — вынік работы нашага мозгу. Так што не кожны можа разумна настроіцца, даведаўшыся аб магнітнай буры.
— А як настроіцца разумна?
— У гэты дзень я не буду планаваць тысячы спраў, я абавязкова знайду час для прагулкі на свежым паветры, не буду перагружаць арганізм цяжкай ежай, не стану піць дзесяць кубкаў кавы і наогул паберагу сэрца. Калі я адчую, што сітуацыя ў маім арганізме змяняецца, прыму таблеткі, якія дапамогуць стабілізавацца (зразумела, калі іх прапісаў урач). Гэта разумны падыход. А знаходзіцца ў стане чакання бяды, у напрузе — падыход неразумны, і ён абавязкова дасць сімптаматыку. Такое стаўленне ўласціва людзям, якія наогул адчувальныя да інфармацыйнага поля, тым, хто знойдзе ў сябе тысячу хвароб, калі пагартае медыцынскую энцыклапедыю, а калі сусед паскардзіцца на недамаганне, адчуе болі ў тым жа месцы. У гэтым выпадку варта звярнуцца да псіхолага. Або замест чакання бяды заняцца чым-небудзь цікавым — і вы забудзецеся пра магнітную буру.
— А ў цэлым, ці трэба імкнуцца засцерагчы пажылых бацькоў ад негатыўных навін — ад праблем у грамадстве і ў сям'і?
— Маё меркаванне — так. Трэба берагчы вушы і сэрцы нашых бацькоў. Малады чалавек, даведаўшыся пра нешта, бурна адрэагуе, але праз пяць хвілін пераключыцца на нешта іншае. А пажылы чалавек застаецца з гэтай інфармацыяй. Ён паглыбляецца ў яе, «перажоўвае», і ўзнікае рызыка катастрофы ў арганізме: ад уздыму ціску да інсультаў і інфарктаў. Справа ў тым, што ў сталым узросце людзі пачынаюць успрымаць інфармацыю літаральна — ім здаецца: нешта павінна здарыцца з іх блізкімі. Яны супастаўляюць прачытанае або ўбачанае са сваім жыццём, і ўжо бачаць сябе ўдзельнікамі негатыўнага працэсу. Таму інфармацыя павінна быць дазіраванай. Калі пажылы чалавек сам сядзіць у інтэрнэце, прапануйце яму акрамя яго звычайных і іншыя, больш спакойныя, сайты. Або пераканайце маму замест забаўляльнай праграмы паглядзець перадачу пра здароўе. Я не кажу, што людзей сталага ўзросту трэба ізаляваць ад інфармацыі (няхай гэта будуць катаклізмы ў свеце або складанасці ў сям'і), але падача яе павінна быць мяккай і пазітыўнай. Асноўны пасыл — мы спраўляемся, усё будзе добра.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.