Вы тут

Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў інцыдэнт з самалётам Афіны-Вільнюс і раскрыў новыя падрабязнасці


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з парламентарыямі, членамі Канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання пракаменціраваў інцыдэнт з рэйсам Афіны — Вільнюс і раскрыў новыя падрабязнасці, перадае БелТА.


«Як мы павінны былі зрабіць, асабліва на фоне каскада пагроз аб мініраванні нашых аб’ектаў? Вы жывяце ў Беларусі і ведаеце: кожны дзень „мініруюць“ то школы, то ўніверсітэты, то прадпрыемствы. Ды і самалёты з ІР-адрасоў у Польшчы, Літве і Латвіі. У кожным выпадку мы рэагавалі адэкватна атрыманай інфармацыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў выпадку і з рэйсам Афіны — Вільнюс сігнал аб мініраванні самалёта быў атрыманы з-за мяжы — са Швейцарыі. Прытым паведамленне паступіла ў аэрапорты Афін, Вільнюса і Мінска адначасова. Беларускі бок аператыўна давёў інфармацыю да экіпажа самалёта ў адпаведнасці з міжнароднымі правіламі. «Таму што ў гэты час самалёт перасек граніцу Беларусі і знаходзіўся ў нашай паветранай прасторы. Мы давялі гэту інфармацыю да пілотаў самалёта, вымушаны былі яе апублікаваць. ХАМАС, не ХАМАС — гэта сёння не мае значэння. У экіпажа быў час, каб прыняць рашэнне. У нас у паветры пад пагрозай знаходзіліся 123 пасажыры з розных краін і 6 членаў экіпажа. У раёне палётаў размешчана БелАЭС. Паблізу ад яе і адбыўся разварот гэтага самалёта. А калі б раптам... Нам што, мала Чарнобыля? А як бы ў такой сітуацыі рэагавалі ЗША з улікам свайго сумнага вопыту?» — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

«Справа не толькі і не столькі ў гэтым знішчальніку, які быў узняты абсалютна па ўсіх правілах. Справа яшчэ і ў тым, аб чым мы не гаворым, што па маім распараджэнні ўсе сістэмы абароны атамнай станцыі, у тым ліку проціпаветраная абарона, былі ўзняты па трывозе, імгненна пераведзены ў рэжым поўнай баявой гатоўнасці. Па сваіх службовых абавязках я павінен быў абараніць людзей, я думаў пра бяспеку краіны. І зразумейце простую рэч: калі б самалёт быў замініраваны, і было б жаданне ў тэрарыстаў яго ўзарваць, мы наўрад ці дапамаглі б. Але я не мог дапусціць, каб самалёт упаў на галовы нашых людзей. Пасля таго... Мы яе не забылі... Гэтыя два хлопцы загінулі, адводзячы самалёт ад жылых пабудоў. Таму не трэба мяне папракаць. Я дзейнічаў законна, абараняючы сваіх людзей. Так будзе і ў далейшым», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што алгарытм дзеянняў у такіх надзвычайных сітуацыях толькі адзін: неадкладная пасадка самалёта і выратаванне людзей. «Мы дзейнічалі ў строгай адпаведнасці з авіяцыйнымі правіламі бяспекі. Гэта прызнаюць спецыялісты і эксперты. Але рашэнне прымалі не мы. Па ўсіх правілах і інструкцыях рашэнне прымае камандзір экіпажа, і мы прапанавалі дапамогу. Камандзір экіпажа чвэрць гадзіны думаў, раіўся з гаспадарамі (мы гэта ведаем) і супрацоўнікамі аэрапорта ў Вільнюсе. Няхай апублікуюць гэтыя даныя. Не мы ж іх павінны публікаваць. Вы ўяўляеце, 15 хвілін у такой сітуацыі (можа, нават больш) ён сазвоньваўся і раіўся», — адзначыў Прэзідэнт.

У той жа час кіраўнік дзяржавы назваў нелагічнымі дзеянні пілотаў, якія пасля раздумванняў і сазвонаў усё ж такі вырашылі сесці ў Мінску, да Вільнюса ж заставалася ўсяго 70 кіламетраў. Беларускі бок, паводле яго слоў, ужо не чакаў, што самалёт вырашыць вярнуцца.

«А цяпер галоўнае пытанне: чаму ніхто не захацеў прыняць самалёт? Ні Вільнюс, куды ён ляцеў, ні Варшава, ні Львоў або Кіеў, калі мы паведамілі пра ўзрыўчатку. Чаму тыя, хто цяпер пакутуе і рыдае, не прынялі гэты самалёт? Спалохаліся адказнасці? Або камусьці вельмі трэба было, каб ён прызямліўся менавіта ў Мінску?» — спытаў Прэзідэнт.
Беларусь абвінавачваюць у тым, што яна накіравала знішчальнік нібыта для прымушэння да пасадкі пасажырскага самалёта. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэта інсінуацыі — абсалютная хлусня. МІГ-29 узнімаўся ў адпаведнасці з алгарытмам дзеянняў сіл ППА і для забеспячэння бяспекі палёту. «Ён павінен быў ні ў якім выпадку не дапусціць адхілення грамадзянскага судна з узрыўчаткай (мы ж так яго ўспрымалі, пакуль не даследавалі яго) ад курсу. Калі б раптам нешта здарылася, МІГ-29 павінен быў перадаць каардынаты нашым ратавальнікам (верталётам перш за ўсё), якія імгненна павінны былі прыбыць у пункт падзення самалёта. І больш таго, гэты самалёт, калі трэба было б, павінен быў забяспечыць сувязь грамадзянскага самалёта з дыспетчарамі. І калі б раптам, не дай бог, нешта здарылася і ў пілотаў узніклі праблемы з пасадкай, ён павінен быў вывесці гэты самалёт на ўзлётна-пасадачную паласу ў аэрапорце Мінска», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым заўважыў: беларускі знішчальнік быў узняты ў паветра пасля таго, як пасажырскі самалёт вырашыў прызямліцца ў Мінску і развярнуўся ў бок беларускай сталіцы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.