З пачатку сакавіка штотыднёвы прафсаюзны маніторынг працягвае праводзіцца па пашыраным пераліку тавараў, якія карыстаюцца павышаным попытам у насельніцтва. Асобная ўвага надаецца наяўнасці неабходных прадуктаў харчавання ў крамах, паведамілі ў прэс-службе ФПБ.
Па выніках маніторынгу ў сакавіку (у параўнанні з лютым) прафсаюзы адзначаюць, што меры па стрымліванні цэн на сацыяльна значныя тавары далі вынік. Разам з тым рост коштаў за месяц адзначаўся на асобныя віды гародніны: на бульбу — 7,6 %, на моркву — 6,5 %, на буракі — 6,3 %, на капусту белакачанную свежую — 2,9 %, на цыбулю — 5,7 %. І гаворка ідзе не толькі аб сезонных ваганнях.
— Факты росту коштаў на нашу традыцыйную гародніну выклікаюць занепакоенасць, бо практычна кожны прафсаюзны маніторынг фіксуе на іх павышэнне коштаў, — кажа намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Алена МАНКЕВІЧ. — Што тычыцца гадавога аналізу, з сакавіка па сакавік бульба падаражэла амаль на 40 %, морква — на 46 %, капуста — на 9 %, буракі — больш чым на 30 %. Свой аналіз мы робім на падставе коштаў, якія нашы прадстаўнікі на пастаяннай аснове фіксуюць у канкрэтных крамах па ўсёй краіне.
Федэрацыя прафсаюзаў неаднаразова звяртала ўвагу не толькі на павышэнне коштаў на плодаагароднінную прадукцыю, але і на неабходнасць аператыўнага прыняцця рашэння па пытанні ўзаемадзеяння вытворцаў і прадстаўнікоў рознічных сетак.
— Мы звярталіся да ўрада з просьбай прапрацаваць новыя механізмы паставак беларускай агародніны на рынак. Адзначаем, што да веснавога сезону запасы гэтых прадуктаў значна скарачаюцца. Больш за тое, у крамах зноў з'яўляецца імпартная прадукцыя, кошты на якую, як правіла, вышэй, — дадала Алена Манкевіч. — Вырашыць гэтую праблему маглі б стабілізацыйныя фонды, пытанне фарміравання якіх прафсаюзы ўжо шмат разоў узнімалі на розных узроўнях. У цяперашні час стабфонды могуць забяспечыць толькі нязначную долю патрэбы краіны ў гародніне, нягледзячы на добры ўраджай.
У ФПБ нагадалі, што сярод прапаноў нацыянальнага прафцэнтра — увядзенне ў практыку сістэму доўгатэрміновых кантрактаў паміж вытворцамі і прадаўцамі. Гарантаваная аплата за ўвесь зімова-вясновы перыяд дазволіць зрабіць кошты больш стабільнымі і прадказальнымі, а таксама забяспечыць наяўнасць у крамах айчыннай гародніны ў неабходнай колькасці.
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.