Вы тут

Канстытуцыя як аснова нацыянальнага адзінства


15 сакавіка 1994 года — Дзень прыняцця новай Канстытуцыі — Асноўнага Закона нашай дзяржавы, найвышэйшага акта народаўладдзя, які замацаваў асновы суверэннай дзяржаўнасці і нацыянальнага адзінства. Народ Рэспублікі Беларусь, які аб'ядноўвае грамадзян усіх нацыянальнасцяў, што пражываюць на яе тэрыторыі, заявіў аб сабе сусветнай супольнасці, што ён з'яўляецца яе часткай і ўсведамляе сябе паўнапраўным суб'ектам.


Многія палажэнні Канстытуцыі накіраваны на стварэнне ўмоў для свабоднага развіцця ўсіх нацыянальнасцяў, гарантаванне грамадзянам, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў, роўных палітычных, эканамічных і сацыяльных правоў і свабод, канстытуцыяналізацыю нацыянальнай ідэнтычнасці, якая забяспечвае яе захаванне, умацаванне нацыянальнага адзінства і адпаведна адзінай супольнасці — «беларускі народ».

Па даных праведзенага ў кастрычніку 2009 года перапісу насельніцтва, на тэрыторыі Беларусі жыве каля 140 нацыянальнасцяў. Нацыянальнасць прынята разумець як пэўнае генетычнае, сацыяльна-эканамічнае і культурнае адзінства людзей. У краіне значная перавага беларускай нацыі (83,7 %). Акрамя тытульнай нацыі (беларусаў) у нашай краіне пражываюць рускія (8,3 %), палякі (3,1%), украінцы (1,7 %) і прадстаўнікі іншых нацыянальных меншасцяў (яўрэі, армяне, татары, цыганы, літоўцы, азербайджанцы — па 0,1 %). Такім чынам, можна казаць пра тое, што Беларусь — поліэтнічная шматнацыянальная дзяржава. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь усіх нацыянальнасцяў складаюць беларускі народ, які не можа існаваць па-за дзяржавай, што пацвярджаецца ў прэамбуле Канстытуцыі наступнай фармулёўкай: «Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі)». Са згаданай фармулёўкі вынікае галоўны абавязак народа, які засноўваецца на артыкуле 57 Канстытуцыі, — абарона сваёй дзяржавы. Народ з'яўляецца крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту. Гатоўнасць ажыццяўляць уладу ў канстытуцыйных формах і межах і абараняць сваю краіну — гэта адзіная ўмова захавання і існавання нацыянальнай ідэнтычнасці.

Важнае значэнне для самазахавання і развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці, нацыянальнай самасвядомасці, міжнацыянальных адносін мае артыкул 50 Канстытуцыі, згодна з якім кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, таксама як ніхто не можа быць прымушаны да вызначэння і ўказання нацыянальнай прыналежнасці. Знявага нацыянальнай годнасці караецца згодна з законам. Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання.

Канстытуцыя ўстанаўлівае забарону на стварэнне і дзейнасць палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, якія вядуць прапаганду нацыянальнай варожасці (артыкул 5).

Права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць (гэта значыць прыналежнасць асобы да якой-небудзь нацыі) маюць як грамадзяне Беларусі, так і замежнікі, асобы без грамадзянства. Ні Канстытуцыя, ні закон не забараняюць лічыць сябе носьбітам любой нацыянальнасці. Вызначэнне сваёй нацыянальнай прыналежнасці — справа самога чалавека. Гэта не цягне якіх-небудзь негатыўных наступстваў для чалавека. Важна адзначыць, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь незалежна ад нацыянальнасці маюць паўнату прававога статусу. У Беларусі няма пытанняў з працаўладкаваннем асоб, якія належаць да нацыянальнай меншасці. Больш за тое, згодна з артыкулам 24 Закона «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» пры паступленні на дзяржаўную службу не дапускаецца якога-небудзь абмежавання і (або) перавагі ў залежнасці ад полу, расы, нацыянальнасці, сацыяльнага паходжання і г. д.

Артыкулы 14 і 15 Канстытуцыі ўскладаюць на дзяржаву абавязак рэгуляваць адносіны паміж нацыянальнымі і іншымі супольнасцямі на аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі да іх правоў і інтарэсаў, а таксама адказнасць за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Варта звярнуць увагу, што ў якасці канстытуцыйнага замацаваны абавязак кожнага чалавека берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці (артыкул 54).

Мова — аснова і найважнейшая частка культуры народа. У Канстытуцыі ў якасці дзяржаўных замацаваны дзве мовы — беларуская і руская (артыкул 17). На жаль, не заўсёды заканадаўчыя акты публікуюцца на абедзвюх дзяржаўных мовах. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд у Пасланні «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2014 годзе» адзначыў, што для забеспячэння свабоднага доступу да правасуддзя заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах — беларускай і рускай у адпаведнасці з палажэннем артыкула 17 Канстытуцыі аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моў.

У развіццё канстытуцыйных нормаў прынятыя законы і іншыя нарматыўныя акты. Сярод іх перш за ўсё трэба адзначыць законы «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь» і «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь».

Дзень Канстытуцыі — гэта асаблівы дзень у жыцці нашага грамадства і дзяржавы, асабліва ў Год народнага адзінства. Яго значнасць для многіх з нас узрастае пры асэнсаванні, зразуменні сутнасці канстытуцыйных палажэнняў, якія складаюць аснову нацыянальнай ідэнтычнасці, нацыянальнага адзінства.

Анатоль Цікавенка, суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».