Вы тут

Бальніцы вяртаюцца да звыклага рэжыму


Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне аб далейшым перапрафіляванні бальніц. Маніторынг паказвае, што эпідэмічная сітуацыя дазваляе пераводзіць іх у звыклы рэжым работы. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ведамства.


У Мінскай гарадской клінічнай бальніцы № 1. Фота БелТА.

Таксама вырашана пашыраць планавую дапамогу, у тым ліку ў паліклініках. Будуць прынятыя меры па ўзмацненні захавання сацыяльнага дыстанцыявання, у тым ліку ў месцах масавага знаходжання, у калектывах, месцах гандлю і грамадскага харчавання. Працягнецца эпідэмічны маніторынг з мэтай адсочвання штамаў.

Пры гэтым міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч паставіў задачу інтэнсіфікаваць прышчэпачны працэс супраць каранавіруса і актуалізаваць графікі пастаўкі лекаў. Дарэчы, маніторынг паказаў, што медустановы забяспечаны лекамі і сродкамі індывідуальнай аховы. Створаны іх запас дазваляе забяспечыць работу арганізацый аховы здароўя ў сярэднім на працягу больш чым двух месяцаў. Спецыялісты працягваюць работу па далейшым набыцці неабходнага высокатэхналагічнага абсталявання і лекавых сродкаў.

У Брэсцкай вобласці праведзена дэзынфекцыя тэрапеўтычнага аддзялення Іванаўскай ЦРБ. Цяпер уся цэнтральная раённая бальніца працуе ў звычайным рэжыме. Плануецца, што з 2 лютага вернуцца да звыклай работы Столінская і Драгічынская ЦРБ. Чакаецца пераход на работу ў планавым рэжыме і ўсёй Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы.

З 29 студзеня прымае пацыентаў па профілі Віцебская гарадская цэнтральная клінічная бальніца, а з 3 лютага прыступіць да работы ў звычайным рэжыме Віцебская гарадская цэнтральная клінічная бальніца № 1.

У Гродзенскай вобласці ў апошнія дні студзеня перайшлі на работу ў звычайным рэжыме кардыялагічнае аддзяленне ЦРБ у Лідзе, кардыялагічнае аддзяленне ў Навагрудскай ЦРБ, аддзяленне паталогіі цяжарнасці і хірургічнае аддзяленне ў Дзятлаўскай бальніцы, а таксама хірургічнае аддзяленне ў Ашмянскай ЦРБ. Прымаюць пацыентаў без COVІD-19 спецыялісты педыятрычнага аддзялення Карэліцкай ЦРБ, тэрапеўтычнага аддзялення Свіслацкай ЦРБ, а таксама частка аддзяленняў Іўеўскай ЦРБ.

У звычайным рэжыме з 29 студзеня працуе Гомельская гарадская клінічная бальніца. З канца мінулага тыдня адкрыты тэрапеўтычныя аддзяленні ў Рэчыцкай і Ельскай цэнтральных раённых бальніцах. Акрамя таго, прымаюць профільных пацыентаў спецыялісты ў аддзяленнях педыятрыі, рэабілітацыі і неўралогіі ў Жлобінскай ЦРБ. Адкрыта таксама кардыялагічнае аддзяленне ў Мазырскай цэнтральнай гарадской паліклініцы. З 1 лютага пачнуць прымаць профільных пацыентаў неўралагічнае і тэрапеўтычнае аддзяленні Веткаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Аналагічная сітуацыя і ў Мінскай вобласці. З 1 лютага пачынае прыём пацыентаў у планавым рэжыме Атолінская бальніца і тэрапеўтычны корпус Мар'інагорскай цэнтральнай раённай бальніцы. Мінскі абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі і Жодзінская цэнтральная гарадская бальніца з 1 лютага стануць прымаць пацыентаў кардыялагічнага профілю. Барысаўская цэнтральная раённая бальніца правяла дэзынфекцыю і гатовая з 1 лютага прымаць пацыентаў отарыналарынгалагічнага профілю.

У сталіцы з 1 лютага прымае пацыентаў па профілі гарадская клінічная бальніца № 1. Пачынае работу ў звычайным рэжыме і тэрапеўтычны корпус бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

З канца мінулага тыдня адкрыта для профільных пацыентаў кардыялагічнае аддзяленне Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы. Вяртаецца да работы ў звычайным рэжыме фтызіятрычнае аддзяленне Магілёўскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера. У планах да 8 лютага правесці поўную дэзынфекцыю і адкрыць для пацыентаў гематалагічнае аддзяленне ў Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы і артапедычнае аддзяленне ў Магілёўскай бальніцы № 1.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.