Вы тут

Анастасія Ганчарова: Валанцёрства натхняе і дае сілы на далейшае развіццё


Дзевятнаццацігадовая Анастасія ГАНЧАРОВА — навучэнка чацвёртага курса Сацыяльна-гуманітарнага каледжа Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя». Значную частку яе жыцця займае валанцёрская дзейнасць. Летась дзяўчына стала адной з пераможцаў у рэспубліканскім конкурсе «Валанцёр года — 2020» у намінацыі «Асабісты ўклад» сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі.


— У валанцёрскую дзейнасць паглыбілася на першым курсе вучобы чатыры гады таму, хоць з дзяцінства таксама была схільная да добрых спраў: усіх шкадавала, заўсёды заступалася за слабых, дапамагала бадзяжным жывёлам. У нас у каледжы вельмі моцна развіты гэты рух, ёсць аб'яднанне па інтарэсах «Валанцёрства», з якога для мяне ўсё і пачалося. Дабрачыннасць бывае розная, я займаюся сацыяльнай: клапачуся пра дзяцей, працую з тымі, хто ўваходзіць у пэўную сацыяльна неабароненую катэгорыю, а таксама культурнай — арганізоўваю розныя паездкі, мерапрыемствы. Я па жыцці актыўная, мэтанакіраваная, ініцыятыўная, таму займацца гэтым мне лёгка, атрымліваю вялікае задавальненне.

Анастасія супрацоўнічае з многімі арганізацыямі: Чырвоным Крыжам, Беларускім дзіцячым фондам, ЮНІСЕФ, БРСМ.

— Разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі наведваем дзіцячыя садкі, дзіцячую псіхіятрычную бальніцу, іншыя сацыяльныя ўстановы з клоўнатэрапіяй, колератэрапіяй, дабрачыннымі акцыямі і праграмамі, прывозім падарункі. Самым адказным і значным для мяне стаў міжнародны пілотны праект «#ДАВАЙДРУЖИТЬ», скіраваны на падтрымку дзяцей з цяжкімі захворваннямі, інваліднасцю, а таксама іх сем'яў. Ён дазволіў зразумець многія рэчы. Гэтыя дзеці пераважна знаходзяцца дома і абмежаваныя ў кантактах са сваімі аднагодкамі, ім складана з кімсьці пасябраваць.

— Як куратар праекта я з навучэнцамі розных школ хадзіла ў госці да такіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Акрамя гэтага, мы разам наведвалі знакавыя мясціны ў горадзе, праводзілі майстар-класы, мастацкія выстаўкі. Адчуваю радасць і цяпло ад таго, што магу даць ім больш, чым уяўляецца, падзяліцца дабрынёй.

Гераіня канстатуе, што перад тым як сустракацца з дзецьмі, усім трэба прайсці сур'ёзную падрыхтоўку. Спецыялісты для валанцёраў заўсёды праводзяць трэнінгі, майстар-класы, інструктаж, дзе тлумачаць, як правільна паводзіць сябе з малымі, каб не нашкодзіць ім, як рэагаваць, што рабіць варта або не.

— У мяне ёсць аўтарскія распрацоўкі — увядзенне англійскай мовы ў валанцёрскую дзейнасць і колератэрапія. Дапамагаю дзецям развівацца фізічна і псіхалагічна праз візуалізацыю, колеравую медытацыю, дыдактычныя гульні. У канцы навучальнага года атрымаю дыплом выхавальніка. А пакуль што працую выкладчыкам англійскай мовы ў дзіцячым садку № 46. Ва ўзаемадзеянні з малымі таксама дапамагае валанцёрскі вопыт, цяпер ведаю, як знайсці падыход да кожнага з іх, як развесяліць, пасябраваць. У далейшым думаю паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову на сурдапедагога або алігафрэнапедагога — сфера інклюзіі мне вельмі цікавая. А ўвогуле планую заставацца ў родным Магілёве, рабіць карысныя справы тут.

Анастасія лічыць, што валанцёрам можа быць кожны незалежна ад узросту і прафесіі, аднак ёсць пэўныя рэчы, на якія трэба звярнуць увагу.

— Павінна быць пачуццё абавязку, адказнасці, усведамленне таго, што на валанцёрскую дзейнасць будзе сыходзіць шмат часу. І галоўнае, каб жаданне дапамагаць ішло ад чыстага сэрца. Калі ты ўзяўся за гэтую справу, трэба ісці да канца. Валанцёрства, безумоўна, змяняе жыццё, твае прыярытэты і рысы характару. Калі раней не заўважала нейкіх маленькіх радасцяў, то цяпер усё па-іншаму. Асноўная асалода ад такой дзейнасці — аддача. Як вядома, валанцёры не разлічваюць атрымаць нічога ўзамен, але пасля добрых спраў заўсёды чуем словы падзякі. Валанцёрства дае карысны вопыт і новыя веды, цікавыя знаёмствы, сустрэчы з аднадумцамі. Форумы, круглыя сталы, семінары... Гэта натхняе і дае сілы на далейшае развіццё. Усе мае знаёмыя і сябры звязаны з валанцёрствам, паколькі яно ўключае шмат паездак і сустрэч, мы цесна кантактуем і згуртоўваемся. Астатнія навакольныя таксама рэагуюць на захапленне станоўча, бацькі падтрымліваюць. Калі я стала адной з пераможцаў у конкурсе «Валанцёр года — 2020», зразумела, што гэта вялікі стымул рухацца далей. Заўсёды прыемна, калі тваю работу заўважаюць і даюць высокую ацэнку, але падкрэслю, што ўсе валанцёры — дастойныя, няма лепшых і горшых. Наша работа аднолькава карысная і важная.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з асабістага архіва гераіні

Загаловак у газеце: «Валанцёрства натхняе!»

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.