Вы тут

Развітанне з колерам вайны. Памёр славуты беларускі мастак Леанід Шчамялёў


Краіна развітваецца яшчэ з адной яркай асобай – народным мастаком Беларусі, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны Леанідам Дзмітрыевічам ШЧАМЯЛЁВЫМ.


Фота Анатоля Клешчука.

Амаль два дзесяцігоддзі назад у Мінску была заснавана дзяржаўная Гарадская галерэя твораў Л. Шчамялёва. У яе аснове – працы, якія мастак падараваў сталіцы. Дзякуючы і таму, што часта ў ёй можна было сустрэць і самога Леаніда Дзмітрыевіча, дзякуючы руплівасці колішняга яе шмтагадовага дырэктара мастацтвазнаўцы Таццяны Бемебель, галерэя прыцягвала наведвальнікаў, вылучала нейкую асаблівую энергетыку шчырасці.

Нараджэннем з лютага 1923 года, Леанід Шчамялёў і ў самым сталым узросце заставаўся актыўным, генератыўным творцам. А ўвогуле ў плынь, у вялікую раку выяўленчага мастацтва ён увайшоў яшчэ ў даваенны час. Атмасферу жывапісу ён пачаў спасцігаць у родным Віцебску, дзе, здавалася, сам горад дыхаў жывапісам. Дзе ў 1920-1930-я гады колеры наваколля – Зямлі і Неба паядноўваліся з фарбамі і як быццам самі па сабе стваралі неўміручыя, прыцягальныя карціны…

Сярод пасляваенных настаўнікаў Леаніда Шчамялёва – легендарны Віталь Канстанцінавіч Цвірка. Вучань аддзячыў свайго настаўніка, намаляваўшы яго выразны, красамоўны партрэт, у якім усе пазнаюць і характар Віталя Цвіркі, і яго няўрымслівае жаданне служыць мастацтву, жывапісу шчыра, без аглядкі на час і абставіны. Такім, на мой погляд, быў і Леанід Шчамялёў. Высокія пасады ў Саюзе мастакоў, высокія ўзнагароды – ордэны, медалі, прэміі, здаецца, не псавалі яго, не змякчалі цвёрды ўнутраны стрыжань, які сфарміраваўся напрыканцы 1950-х – у пачатку 1960-х гадоў, калі “адліга” нагадала ўсім творцам, што за мітуснёй і падлагоджваннем афіцыёзу можна згубіць сябе, нагадала, што ў мастацтве застаецца толькі сапраўднае. Астатняе – хлусня, падробкі – усё гэта мінецца, нават, здараецца, не вытрымлівае праверкі часу на дзесяцігоддзе-другое, знікае раней, чым сыходзіць з жыцця сам аўтар…

З сыходам Леаніда Шчамялёва можна сказаць і пра тое, што пайшло з жыцця ўсё пакаленне мастакоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны… Пакаленне, якое было захавальнікам мастацкай памяці пра драматычныя і гераічныя падзеі.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

У каго і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.