Развітанне з першым прэм’ер-міністрам Беларусі Вячаславам Кебічам праходзіць у Доме афіцэраў у Мінску, паведамляе БЕЛТА.
Цырымонія праходзіць з 11.00 да 13.00. Пасля гэтага яго пахаваюць на Усходніх могілках Мінска.
Вячаслаў Кебіч памёр 9 снежня.
Вячаслаў Кебіч нарадзіўся 10 чэрвеня 1936 года ў вёсцы Канюшаўшчына Валожынскага раёна Мінскай вобласці. У 1958 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, у 1984 годзе — Мінскую вышэйшую партыйную школу.
Працоўную дзейнасць пачаў у 1958 годзе на Мінскім заводзе аўтаматычных ліній інжынерам-тэхнолагам. З 1973 года — галоўны інжынер, дырэктар Мінскага станкабудаўнічага завода імя С. М. Кірава, а з 1978 года — генеральны дырэктар Мінскага вытворчага аб'яднання па выпуску працяжных і адразных станкоў імя С. М. Кірава. З 1980 года знаходзіўся на партыйнай рабоце: другі сакратар Мінскага гаркама партыі, загадчык аддзела цяжкай прамысловасці ЦК КПБ, другі сакратар Мінскага абкама КПБ. Са снежня 1985 года — намеснік старшыні Савета Міністраў БССР, старшыня Дзяржаўнага планавага камітэта БССР.
З 1990-га года па 1994 год — старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. З 1994-га да 2001 года — прэзідэнт Беларускага гандлёва-прамысловага саюза. З 2001-га да 2004 года з'яўляўся членам Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве. З 2004 года працаваў старшынёй Беларускага гандлёва-прамысловага саюза, з'яўляўся кандыдатам эканамічных навук, правадзейным членам Міжнароднай інжынернай акадэміі.
Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Знакам Пашаны, трыма медалямі і трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, меў ганаровае званне «Заслужаны машынабудаўнік БССР», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.
Фота: БЕЛТА
Крыху больш за два тыдні застаецца да важнага і адказнага кроку ў жыцці кожнага з нас — да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.
Распазнаць трываласць лёду дапаможа колер ледзянога покрыва.