Вы тут

Карэлiцкi край адзначыў 80-годдзе рэальнымi дасягненнямi i вiртуальнымi падарожжамi


Сусветна вядомы Мiрскi замак, 17 аграсядзiб, мноства гiстарычных помнiкаў са сваiмi легендамi i паданнямi, адно з найбуйнейшых iльноапрацоўчых прадпрыемстваў краiны, прадукцыя якога экспартуецца ў Кiтай i В'етнам, дзесяць сельгасгаспадарак, якiя паказваюць годныя вынiкi. Гэта толькi невялiкая частка адметнасцяў Карэлiцкага раёна, якому ў лiстападзе споўнiлася 80 гадоў.


Малочны перадавiк i абласная жытнiца

Раён-юбiляр быў створаны 15 студзеня 1940 года як Валеўскi, аднак 25 лiстапада перайменаваны ў Карэлiцкi, а яго цэнтр з вёскi Валеўка перанеслi ў мястэчка Карэлiчы, што тады ўваходзiла ў склад Баранавiцкай вобласцi. Толькi ў 1954-м Карэлiцкi край, як мы ведаем яго цяпер, стаў часткай Гродзеншчыны. А ў 1956-м да яго далучыўся Мiрскi раён.

— З году ў год наш раён дэманструе паспяховую работу i паступальны рух. За апошнюю пяцiгодку ў сельскай гаспадарцы зроблены значны крок наперад, атрыманы годныя паказчыкi ў раслiнаводстве i жывёлагадоўлi. Рэалiзацыя малака вырасла з 65 772 тон да 70 839 тон, а сярэднi надой з каровы стаў больш як шэсць тон у год. Больш за тое, на сучаснай малочнатаварнай ферме «Райца-1», якую два гады таму ўвялi ў эксплуатацыю, плануецца атрымаць больш за 10 тысяч кг малака ад каровы, — падзялiўся старшыня Карэлiцкага райвыканкама Генадзь ШАТУЕЎ. — Аднак галоўнае наша багацце, сiла i слава — энергiчныя i таленавiтыя, працавiтыя i мэтанакiраваныя, добрасумленныя людзi, якiя шчыра любяць сваю малую радзiму. Упэўнены, што агульнымi намаганнямi мы адкрыем паспяховыя старонкi ў новай гiсторыi Карэлiччыны.

Край традыцыйна лiдзiруе па ўраджайнасцi збожжавых, сёлета сабралi 114 тысяч тон, а гэта другi вынiк па Гродзенскай вобласцi, словам, як i летась. Свiнагадоўчы комплекс «Лукi-агра» стаў другiм у вобласцi сярод сельгасарганiзацый, якiя займаюцца гадоўляй свiней, а ў 2018-м i 2019-м увогуле быў лiдарам.

— Карэлiччыну можна смела назваць жытнiцай Гродзеншчыны. За апошнiя пяць гадоў раён неаднаразова станавiўся пераможцам абласных спаборнiцтваў за дасягненне высокiх паказчыкаў на ўборцы збожжавых i зернебабовых культур. У 2015 i 2019 гадах край заняў другое месца ў вобласцi, — заўважыў першы намеснiк старшынi райвыканкама, начальнiк упраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Анатоль КОРШУН. — Каторы год запар Карэлiччына — абсалютны лiдар вобласцi па аб'ёмах нарыхтаваных кармоў на ўмоўную галаву жывёлы. I бягучы год не выключэнне. Бясспрэчныя перадавiкi вобласцi — аграрыi «Цырын-Агра», якiя нарыхтавалi 24,8 адзiнкi.

Вышыты верш i стагадовы ручнiк

Раён можа пахвалiцца многiмi помнiкамi гiсторыi, аднак самы знакамiты, вядома, Мiрскi замак. Сёлета спаўняецца 20 гадоў, як яго ўключылi ў спiс Суветнай спадчыны ЮНЕСКА. Увосень скарбонка экспанатаў музея папоўнiлася шыкоўным стагадовым iльняным ручнiком, сатканым на кроснах. Каштоўная рэч належала Вользе Дука-Каласоўскай, жыхарцы вёскi Паланечка. Ручнiк пабываў у Польшчы, Германii ды ЗША, а цяпер заняў месца на радзiме ў музейным комплексе.

Засталiся ў краi i рэшткi вузкакалейкi, два адгалiнаваннi якой у пачатку XX стагоддзя праходзiлi па тэрыторыi раёна. Чыгунка працавала тут каля 23 гадоў. Па вузкакалейцы ў Польшчу вывозiлiся лес, прыродныя выкапнi, глiна i пясок, а яшчэ яе выкарыстоўвалi для перавозкi пасажыраў i пошты з Навагрудка ў вясковыя гмiны, успамiнае краязнавец Баляслаў НАВIЦКI:

— Цягнiк, што хадзiў па вузкакалейцы, тады празвалi «кукушкай», бо перад прыпынкам i пачаткам руху ён свiстаў двума гудкамi, што нагадвала «ку-ку». Памятаю, як старэйшыя расказвалi, што кандуктар прасiла, каб не сядзелi на адным баку ў вагонах, а пароўну на абодвух, бо вагон можа перакулiцца.

Да юбiлею ва ўсiх установах культуры раёна стварылi яркiя фотазоны, а ў iнтэрнэце размясцiлi своеасаблiвыя вiзiтоўкi Прынёманскага краю: вiртуальную фотавыстаўку «Ганаровыя грамадзяне Карэлiцкага раёна» i выстаўку ў слайдах «Карэлiцкi раён: людзi, дасягненнi, з'явы». А Жухавiцкi дом культуры зладзiў анлайн-падарожжа «Ганаруся табой, люблю цябе, Жухавiцкая мая зямля!»

Аддзел рамеснiцкай дзейнасцi «Карэлiцкi дом рамёстваў» вырабiў шмат сувенiрнай прадукцыi з эмблемай «Карэлiцкаму раёну — 80!»: вокладкi для штодзённiкаў, з iльняной тканiны, глiняныя талеркi, падарункавыя экапакеты i паштоўкi. Да 80-годдзя з'явiўся ў раёне i ўласны фiрменны турыстычны лагатып, якiя выбiралi па вынiках конкурсу работ, што дасылалi ўсе ахвотныя.

— Майстар Вольга Крышэнь вышыла крыжыкам карцiну з вершам А. Грачанiкава «Беларускiя краявiды», — расказала пра асаблiвыя творы да юбiлею дырэктар Карэлiцкага раённага цэнтра культуры i народнай творчасцi Наталля ГАРОДНIК. — А дом рамёстваў аднавiў традыцыйны строй верхняй вопраткi канца XIX — пачатку XX стагоддзя.

 

Экзатычны прыватнiк i iндывiдуальны забудоўшчык

Актыўна развiваецца ў раёне рамеснiцкая дзейнасць i прадпрымальнiцтва, многiя займаюцца не толькi агароднiцтвам, але i прыватнай жывёлагадоўляй. Людзi займаюцца аграэкатурызмам, прычым прапануюць не проста начлег i ежу, але i экскурсiйныя паслугi ды раяць паспрабаваць сябе ў сялянскiх справах. Ёсць i амаль экзатычныя заняткi: у Даўгiнаве, напрыклад, сямейная пара гадуе смаўжоў, якiх ведаюць ужо па-за межамi не тое што раёна, але i Беларусi. У Трашчычах працуе цэлы невялiкi керамiчны завод — вазоны ручной работы карыстаюцца вялiкiм попытам. А прыватнае прадпрыемства вырашыла зрабiць ветраўстаноўку магутнасцю 2,4 МВт.

Нягледзячы на тое што праз аптымiзацыю некаторыя раённыя структуры губляюць самастойнасць i становяцца часткамi навагрудскiх цi лiдскiх прадпрыемстваў, Карэлiччына працягвае развiвацца.

— За пяцiгоддзе ў раёне пабудавана амаль 17 тысяч м2 жылля, а гэта без малога 140 кватэр. Цяпер будуецца 20-кватэрны дом па вулiцы 8 Сакавiка ў Карэлiчах, 15 кватэр у iм будзе выдзелена для шматдзетных, — падкрэслiў намеснiк старшынi райвыканкама, якi курыруе пытаннi будаўнiцтва i ЖКГ, Аляксандр БЫЛIЧ. — А ад пачатку дзеяння Указа № 667 з 2009 года ў раёне выдзелена больш як 145 участкаў пад iндывiдуальную забудову. Цяпер узводзяць уласныя дамы 87 забудоўшчыкаў. Асаблiва запатрабавана гэта ў Мiры.

За апошнiя гады край прырос новымi сацыяльнымi аб'ектамi. Запрацаваў дзiцячы сад на 130 месцаў у г. п. Мiр. Тут жа збудавана станцыя абезжалезвання, якая забяспечвае якаснай пiтной вадой тры тысячы жыхароў гарпасёлка. Адкрыты новы будынак Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. З'явiлася аддзяленне гемадыялiзу ў Карэлiцкай цэнтральнай раённай бальнiцы, цяпер хворым не трэба ехаць у суседнi раён. Тры гады таму ўзвялi стаметровы жалезабетонны мост цераз Нёман, якi злучыў з «вялiкай зямлёй» некалькi вёсак. Цяпер трапiць да тутэйшых можна па дарозе ў чатыры кiламетры, а не аб'язджаць 60 кiламетраў па суседнiм раёне.

Па ўсiм вiдаць, што, нягледзячы на ўзрост i пэўныя цяжкасцi, раён iмкнецца да ўдасканалення  новых творчых ды сельскагаспадарчых здабыткаў.

Iрына СIДАРОК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.