Сучасны чалавек ведае пра тое, што амаль дзве трэцi шлюбаў па статыстыцы заканчваюцца разводам. Нам не раз паведамлялi, што iнстытут шлюбу састарэў, паняцце «вернасць у шлюбе» зжыло сябе i больш не трэба цярпець мужа або жонку, якiя надакучылi. Бо так проста развесцiся. А як трактуе шлюб i шлюбную вернасць праваслаўная царква? Пра гэта мы пагаварылi з магiстрам багаслоўя, протаіерэем Яўгенам Грамыкам.
«Не варта будаваць сям'ю на ненадзейным падмурку»
— З пункту гледжання праваслаўя шлюб — гэта таiнства, такое ж, як iншыя: хрышчэнне, споведзь, цi, напрыклад, святарства. Чалавек, якi знаходзiцца па-за шлюбам, не мае права на iнтымныя адносiны, як i той, хто не з'яўляецца святаром, не можа служыць у царкве, а нехрышчоны — прычашчацца або спавядацца. Толькi людзi, якiя з'яўляюцца мужам i жонкай, могуць жыць як муж i жонка. Выбар спадарожнiка жыцця павiнен быць вельмi свядомы: шляху назад няма. Калi людзi перад Богам клянуцца адно аднаму ў вернасцi, значыць, яны хочуць быць адзiным цэлым i павiнны адказваць за свае словы. Не трэба спяшацца ў шлюб: нiхто не абмяжоўвае час падумаць, узважыць «за» i «супраць», зразумець, цi падыходзiць вам гэты чалавек. Так, у шлюб лепш уступаць, пакуль не склалiся звычкi халастога жыцця, iнакш iх будзе вельмi цяжка ламаць. Але i спяшацца ў гэтым пытаннi нельга. Прымаць рашэнне аб шлюбе павiнны ўжо дастаткова дарослыя людзi: мужчына i жанчына з пэўным жыццёвым вопытам.
— Але ж каханне не можа доўжыцца вечна. На працягу жыцця мы змяняемся, змяняюцца нашы мэты i патрэбы...
— Так, усе мы змяняемся з часам, i ў маладосцi хочам ад адносiн аднаго, а з узростам — ужо iншага. Але глыбiнныя жаданнi i памкненнi застаюцца з чалавекам на працягу ўсяго жыцця. Таму сапраўднае каханне доўжыцца вечна. Проста мы вельмi часта прымаем за каханне закаханасць — а гэта розныя рэчы, i не варта будаваць свае адносiны на ненадзейным падмурку. Уступаючы ў шлюб, трэба спытаць сябе: цi гатовыя вы цярпець адно аднаго ў любой сiтуацыi, прымаць не толькi вартасцi, але i недахопы? Калi чалавек разумее, што заключае шлюб раз i назаўжды, ён вельмi добра падумае, перш чым надзець заручальны пярсцёнак.
«Паловамi адзiнага цэлага» не нараджаюцца, а становяцца»
— Калi ставiцца да шлюбу настолькi сур'ёзна, можна так i не рашыцца на яго...
— Не можаш знайсцi таго, каго прымеш усiм сэрцам, — заставайся нежанаты (незамужняя). Але, паверце, калi чалавек шукае, ён абавязкова знойдзе тое, што яму сапраўды неабходна. Праўда, толькi ў тым выпадку, калi разбярэцца ў сабе i сумленна адкажа на пытанне, чаго ён чакае ад сваёй выбраннiцы (выбраннiка), ад сям'i, якую створыць, што для яго галоўнае, а што другарадна. I тут хацелася б перасцерагчы яшчэ ад адной памылкi. Не трэба шукаць iдэал! Iдэальных людзей няма, усе мы грэшныя. Але трэба дакладна разумець, з чым мы гатовыя мiрыцца, што ў сiлах прыняць, а што для нас недапушчальна. Шмат каму здаецца: дзесьцi ходзiць мая «палавiнка», яе трэба толькi адшукаць. Але справа ў тым, што на самай справе паловамi адзiнага цэлага не нараджаюцца, а становяцца. Тая самая «палавiнка» сапраўды ёсць у кожнага — але, так бы мовiць, у патэнцыяле. I калi людзi сыходзяцца, вырашыўшы, што яны могуць быць дзвюма паловамi адзiнага цэлага, толькi ад iх залежыць, цi здолеюць яны сапраўды iмi стаць. Не ад кагосьцi аднаго, мужа цi жонкi. Не ад кагосьцi старонняга — дзяцей, цешчы, свекрывi, свёкра, цесця i г. д. I нават не ад Бога. Толькi ад iх дваiх. Каханне — гэта сур'езная праца. Пастаянная духоўная праца над сабой.
— Ну, а калi гаварыць аб другiм шлюбе — чаму ён недапушчальны з пункту гледжання хрысцiянства? Бывае ж i так, што чалавек знаходзiць шчасце менавiта ў другiм, больш асэнсаваным i «дарослым» сямейным саюзе...
— Праваслаўная царква адмоўна ставiцца да другога шлюбу. Для паўторнага шлюбу магчымыя наступныя прычыны: смерць мужа цi жонкi, здрада альбо хатнi гвалт. У двух апошнiх выпадках царква развядзе, таму што шлюб усё роўна ўжо разбураны, любоў памерла i захоўваць няма чаго. Калi вернiк уступае ў другi шлюб, падчас таiнства святар просiць Госпада дараваць чалавеку, якi па немачы не можа быць адзiн. Апостал Павел кажа: «удавiцам i ўдаўцам лепш застацца такiмi, як я» (а ён не быў жанаты). Бо праваслаўе вучыць аб тым, што муж i жонка павiнны захоўваць вернасць адно аднаму нават пасля смерцi. Тыя, хто лiчаць, што такога кахання не бывае, памыляюцца. Менавiта такое каханне апявалi ва ўсе часы, i яно можа быць у кожнага, як найвялiкшае шчасце. Трэба толькi, ачысцiўшы душу i розум, з Божай дапамогай адшукаць яго.
«Сямейнае шчасце цалкам дасягальнае»
— А што гаворыць праваслаўе аб шлюбнай вернасцi?
— З хрысцiянскага пункту гледжання, мужчына i жанчына, што знаходзяцца ў шлюбе, павiнны быць верныя адно аднаму не толькi ў справах, але нават у словах i думках. Сёння мужчын пераканалi, што вернасць — для жанчын, а мужчына па прыродзе сваёй палiгамны. Але з царкоўнага пункту гледжання такое апраўданне непрымальнае. Прамовiўшы перад алтаром словы клятвы, мужчына павiнен з гэтага часу глядзець толькi на адну жанчыну, а ў астатнiх бачыць сясцёр. У рускай, англiйскай цi нямецкай мовах шматграннае паняцце «любоў» абазначаецца толькi адным словам. У беларускай мове ёсць слова «каханне», якое акрэслiвае менавiта любоў да жанчыны. У грэчаскай мове ёсць чатыры варыянты слова са значэннем «любоў»: «эрас», «старгi», «фiлiя», «агапi». Прычым «эрас» лiчыцца нiжэйшай ступенню любовi, яе самай нязначнай праявай. «Агапi» — найвышэйшае праява любовi, гэтым словам пазначаецца толькi каханне да жонкi (мужа) i любоў да Бога. Гэта вельмi мудра. Каханне не зводзiцца да страсцi. Калi людзi шукаюць толькi страсць, яны яе страцяць. Перш чым iсцi да алтара, трэба пачакаць, пакуль схлыне страсць, i паглядзець, цi народзiцца з яе каханне, падобнае па сваёй сутнасцi з любоўю да Нябеснага Айца. З пункту гледжання праваслаўя закаханыя, не ўступаючы ў iнтымныя адносiны, павiнны як мага часцей сустракацца, размаўляць, высвятляць пазiцыi адно аднаго па розных жыццёвых пытаннях, глядзець адно на аднаго ў розных сiтуацыях. I толькi па сканчэннi досыць працяглага часу (гэта можа быць год цi два) рабiць выснову, цi могуць яны жыць разам усё жыццё.
— А цi можна лiчыць здрадай будучаму мужу (жонцы) iнтымныя адносiны да шлюбу (i да сустрэчы з выбраннiкам)?
— Так. Гэта, так бы мовiць, «здрада наперад». Чалавек яшчэ не ведае сваю сапраўдную выбраннiцу або выбраннiка, але ўжо здраджвае ёй (яму), тым самым парушаючы цэласнасць будучага шлюбнага саюзу. Iнтымныя адносiны — гэта сувязь. Першая сувязь самая моцная, разарваць яе цяжка. У далейшым повязi становяцца ўсё слабей. Калi дзяўчына пажыла з адным, другiм, пятым-дзясятым, чаму б ёй не пажыць з адзiнаццатым? Перабiранне мужчын (гэтак жа, як i супрацьлеглы варыянт — перабiранне жанчын мужчынамi) царква называе амаральным, таму што ў канчатковым вынiку чалавек губляе здольнасць прымаць i дарыць каханне. А гэта робiць яго няшчасным. Паверце майму святарскаму вопыту — сямейнае шчасце цалкам дасягальнае, важна вучыцца слухаць, чуць i адчуваць адно аднаго.
Размаўляла Аляксандра АНЦЭЛЕВIЧ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.