Унікальны мастацкі альбом «Вітольд Бялыніцкі-Біруля» выдадзены пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі ў пярэдадзень свята беларускага пісьменства.
Кніжная падзея адбылася ў выдавецтве «Беларусь», якое выпусціла альбом як падарунак да ХХVІІ Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах. Аўтар ідэі і каардынатар праекта — Уладзімір Пракапцоў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, кандыдат мастацтвазнаўства. Ён з'яўляецца і складальнікам, і аўтарам тэксту выдання.
Рэпрадукцыі карцін, сабраныя ў альбоме, — не проста сведчанне доўгага вандроўнага жыцця вялікага мастака, слаўнага сына зямлі беларускай, а і адлюстраванне яго высокай любові да Айчыны — да Беларусі, а таксама да Расіі, якая сталася для творцы прыстанішчам на доўгія гады жыцця. Таму не дзіўна, што многія выдавецкія праекты, звязаныя з прапагандай жыцця і творчасці нашага суайчынніка, які нарадзіўся ў маёнтку Крынкі Магілёўскай губерні, падтрымлівае Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.
«З ваколіц Пяцігорска», «Стэпавая рэчка вясной», «Хаты ля возера. Ваколіцы «Чайкі», «Кіраўск. Горы», «Хібіны. Запаляр'е», «Баранцава мора», «Старое Памор'е. Запаляр'е», «Пачатак палярнай зімы», «Ульянаўск. Стары вянец» — гэта не проста назвы. У гэтых краявідах — і моц таленту жывапісца, і яго памкненне адкрыць свету ўбачанае толькі ім, і жаданне запрасіць усіх гледачоў, аматараў выяўленчага мастацтва ў бясконцае, поўнае адкрыццяў падарожжа.
Мастацкі альбом дапаўняе багатая калекцыя фотаздымкаў. Уладзімір Пракапцоў, які шмат робіць дзеля прапаганды творчасці вялікіх мастакоў Беларусі, напісаў фактычна нарыс жыцця і творчасці В. Бялыніцкага-Бірулі. Гэта вылучае альбом сярод іншых мастацкіх выданняў і дазваляе пашырыць яго функцыі. Несумненна, такая кніга патрэбная не толькі беларускім, але і расійскім чытачам і гледачам. Можна толькі павіншаваць аўтара і выдавецтва, што ў шэраг багатай калекцыі выданняў пра Вітольда Каятанавіча дадалося яшчэ адно выданне. А нашым «звяздоўскім» чытачам нагадаем, што пачатак прызнання В. Бялыніцкага-Бірулі ў Беларусі ў многім адбыўся і дзякуючы руплівасці нашага калегі, у свой час журналіста «Звязды», выключна таленавітага, яркага пісьменніка Віктара Карамазава, які стварыў мастацкую біяграфію майстра.
Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ
Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.
«Устаюць раней за ўсіх і пазней за ўсіх кладуцца»
...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.