Вы тут

Бруд адмыецца — эмоцыі застануцца. Прыгоды клуба джыпераў з Чэрвеня


Хто яны, смельчакі на «жалезных звярах», што не баяцца ні глыбокіх ям, ні бруду, ні высокіх сумётаў? Чаму джып — іх найлепшы сябар? І навошта шукаць месцы, адкуль складана выбрацца? На гэтыя пытанні ёсць адказ ва ўдзельнікаў чэрвеньскага клуба «Jeepery_Cherven».


Штомесяц на ўскрайку горада можна ўбачыць дзіўную кампанію: некалькі пазадарожнікаў і з дзясятак людзей з рацыямі ды сцягамі. Гэта мясцовы рух джыпераў збіраецца на чарговую так званую пакатушку — выезд на мясцовасць з перашкодамі. Па выбудаваным маршруце іх сустрэнуць размытыя дарогі, паваленыя дрэвы, глыбокія лужыны, брады і ўзгоркі. Менавіта ў іх пераадоленні і заключаецца задача каманды.

...А пачыналася ўсё з двух братоў, якія некалькі гадоў таму захраслі ў лесе на нядаўна набытым пазадарожніку. Пасля калатнечы зразумелі: трэба заўсёды мець падтрымку і дапамогу. Адзін з іх, 28-гадовы чэрвенец Андрэй Юшко кінуў у сацсеткі покліч — стаў шукаць верных сяброў, якія, у выпадку чаго, падставяць не толькі плячо, але і сваё «жалеза»…

Андрэй Юшко.

«Тады «адгукнуліся» дзве машыны. І мы ўсе разам вырашылі стварыць свой клуб, паспрабаваць яго развіваць», — прыгадвае ён.

Пілот і штурман — няхітры склад экіпажа «пакатушак». Задача апошняга — дапамагаць: накіроўваць, «цягаць» тросы, размотваць лябёдку... Але дапускаецца і трэці член каманды — другі штурман ці аператар. Яго функцыю часта выконвае сам Андрэй. Атрыманыя здымкі выкладвае ў суполку «УКантакце» «Jeepery_Cherven», а відэа — на Youtube-канал... Бывае і так, што машыны «забітыя пад завязку»: прыязджае шмат ахвотных, каб проста пракаціцца і паглядзець, што гэта за рух такі.

За два гады існавання з трох машын і сямі чалавек клуб вырас да некалькіх дзясяткаў аўто. І хоць некаторых «коней» ужо няма, людзі засталіся. Сярэдні ўзрост членаў каманды — каля 30 гадоў. А самаму малодшаму ўдзельніку — чатыры. «Гэта мой сын. Яго ў нас называюць малодшым штурманам, — тлумачыць суразмоўнік. — Ужо два гады я стараюся браць сына на ўсе заезды. А калі не атрымліваецца, ён крыўдуе. І я рады, што той так прывязаны да клуба. Няхай лепш будзе ездзіць са мной, чым сядзець у планшэце ці тэлефоне».

У арсенале клуба — самыя розныя пазадарожнікі: УАЗы, Ніва, Nіssan Patrol, Jeep Grand Cherokee... У залежнасці ад гэтага і пракладваецца маршрут, каб зручна было ўсім. «Калі нашаму УАЗіку без розніцы, праз што пераходзіць, то іншым, асабліва дарагім аўтамабілям, складана. І, каб не выцягваць паўдня тую машыну, часам даводзіцца ахвяраваць сваімі інтарэсамі і выбіраць штосьці прасцейшае, — кажа ідэйны натхняльнік клуба. — Абавязковых перашкод няма, але ўсе хочуць бруду (усміхаецца). Чым больш — тым лепш. Наш «бязбашневы» экіпаж таксама любіць ямы, рэчкі, канавы...» Аднойчы ўдзельнікі нават памкнуліся ўзняцца на мясцовы кар'ер. Але рызыкнулі не ўсе: там даволі крута.

Такі занятак можа падацца небяспечным. «Дык і па вуліцах небяспечна часам ісці, — лічыць мужчына. — Але я вельмі адказна падыходжу да бяспекі. Ёсць у нас неабходнае ахоўнае абсталяванне, каскі...»

У руху — не толькі чэрвенцы. Прыязджаюць аднадумцы з Мінска, Лагойска, Пухавіцкага раёна, каб праверыць свае магчымасці. «А ўсё таму, што ў нас добры ўзровень, — упэўнены джыпер. — І ёсць усё неабходнае для бяспекі, напрыклад, спецыяльныя тросы, каб не пакінуць у бядзе таварыша, які захрас на дарозе».

Удзельнічаючы ў руху, кожны джыпер набывае досвед, неабходны для таго, каб лягчэй спраўляцца з непагаддзю і хітрыкамі прыроды ў паўсядзённым жыцці.

Акрамя такога досведу, аднаклубнікам цікава даследаваць родны край, мясціны, дзе звычайныя машыны не ездзяць. «У адну з такіх паездак нам паказалі 500-гадовы дуб! Цікава было дабрацца і да Дзікага возера, з якім звязана мясцовая легенда. Таксама часта ў глухім лесе мы знаходзім помнікі салдатам», — расказвае Андрэй.

У «Jeepery_Cherven» вялікую ўвагу аддаюць і патрыятычнаму выхаванню. Выезды прывязваюць да Дня Перамогі, 22 чэрвеня, Дня Незалежнасці... Не так даўно яны наведалі мемарыяльныя комплексы «Папова Града» і «Весялова». Нямецкія акупанты спалілі абедзве вёскі разам з жыхарамі…

...За некалькі гадоў аўтааматары заўважна «падраслі». Цяпер «барыкады» яны праходзяць смела, упэўнена. Ужо нават не хапае вастрыні. Таму пачынаюць спрабаваць удзельнічаць у спаборніцтвах рэспубліканскага маштабу. Так, у сакавіку паказалі сябе ў штогадовай жаночай пазадарожнай гонцы «Калекцыя Вясна 2020», прымеркаванай да Міжнароднага жаночага дня. Пілотам была дзяўчына Таццяна, якая смела брала перашкоды. Удзельнікі таксама разгадвалі загадкі, квэсты і арыентаваліся па «легендзе». Андрэй дзеліцца эмоцыямі: «Мы імкнуліся зразумець, што такое пазадарожныя спаборніцтвы, навучыцца карыстацца арыенцірамі, атрымаць незабыўны досвед і яркія эмоцыі».

А нядаўна клуб удзельнічаў у новым фармаце пазадарожных спаборніцтваў — цалкам бескантактавым GPS-арыентаванні «Анлайн трофі-2020», куды іх запрасілі мінчане. Тады не абышлося без паломак. «Мы даведаліся пра сапраўды слабыя месцы нашых машын у такіх складаных умовах, і гэтыя недахопы будуць ліквідаваныя». Клуб паказаў не найгоршыя вынікі, пры тым, што ўдзельнічаў упершыню.

Эмоцыі ад «пакатушак» і спаборніцтваў мужчына не можа перадаць словамі: «Я працую ў ІТ-сферы, гэта больш разумовая праца. А калі я катаюся, галава адключаецца цалкам ад мітусні, рабочых момантаў, бытавых рэчаў і праблем. Ты проста едзеш і заняты толькі гэтай справай. Адчуванне, якое не забываецца».

Аднаклубнікі лічаць гэтаксама. Ім не патрэбна нічога, акрамя ўдачы, азарту, пазітыву і яскравых падзей. Нездарма ж Андрэй Юшко выбраў дэвіз, які напісаў на машыне: «Бруд адмыецца — эмоцыі застануцца».

Юлія АДАМОВІЧ

Фота дадзены суразмоўнікам

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.