Вы тут

Ён будаваў культурныя масты


Навуковец Уладзімір Сакалоўскі шмат паспрыяў таму, каб у Германіі больш ведалі пра Беларусь і адладжваліся культурныя сувязі паміж краінамі. Ураджэнец Слонімшчыны быў і лірыкам: пісаў вершы.


Уладзімір Сакалоўскі з жонкай і ўнучкай, 2010 г.

Сяргей Панізьнік — даўні аўтар “Голасу Радзімы” й наш добраахвотны дарадца — напісаў з Канады, дзе цяпер большым часам жыве, пра юбілей сябра: “Спаўняецца 90 гадоў ад нараджэння кандыдата філалагічных навук Уладзіміра Сакалоўскага. Ён папрацаваў як на Бацькаўшчыне, так і ва Усходняй Германіі, у Бонскім унівесітэце. Некаторы час выкладаў нямецкую мову ў Рыжскім інстытуце грамадзянскай авіяцыі. Там жа, у Рызе, спрыяў дзейнасці Таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, пашыраў беларускую культуру”. Сяргей Сцяпанавіч звяртае ўвагу, што ў сеціве ўказана дата нараджэння 13 снежня, хоць даты жыцця Уладзіміра Сакалоўскага такія: 4.07.1930–20.06.2013. Юбілей!

Памятны для Сяргея Панізьніка жнівень 1984‑га, калі ягоная сям’я запрасіла мінскіх суседзяў (а жылі ж побач, у адным доме № 60 па вуліцы газеты “Правда”) Уладзіміра Лявонцевіча й Галіну Антонаўну Сакалоўскіх у вандроўку: на Падзвінне. Наведалі яны тады ў вёсцы Цінкаўцы Верхнядзвінскага раёна музей “Хата бабкі Параскі на Шляху з Грэкаў у Варагі”, Сяргеем Панізьнікам створаны. Ёсць здымак там. А таксама зняліся каля брамы былога палаца графа Лапацінскага ў мястэчку Лявонпаль Мёрскага раёна: на левым беразе Дзвіны. Пазней зазняў Сяргей Панізьнік, як піша, “пару лагодных, добразычлівых людзей” і ля згаданага мінскага дома ў 90‑я гады. Там і цяпер, удакладняе, жыве Галіна Антонаўна. Ёсць тэлефон.

Тэлефаную. Галіна Антонаўна гатова да размовы. Слухаючы, раблю пазнакі.

Родам яе муж са Слонімшчыны, з вёскі Мяльканавічы. Яшчэ ў Першую сусветную сям’я Сакалоўскіх была ў эвакуацыі, тады ж яе будучы свёкар, Лявонцій Аляксеевіч, у Таганрогу закончыў гімназію. Пазней павучыўся (закончыў некалькі курсаў) у Варшаўскім універсітэце. І, вядома ж, быў чалавекам адукаваным. “Ён, калі Слонімшчына пад Польшчай была, уваходзіў у Кампартыю Заходняй Беларусі, у турме тады сядзеў”, — удакладняе суразмоўца. Пазней у тэксце краязнаўца Сяргея Чыгрына, які сябраваў з земляком, быў запрошаны на яго 80‑годдзе, я прачытаў: бацька навукоўцы добра валодаў беларускай, польскай, рускай і нямецкай мовамі, ведаў яшчэ лацінскую ды старажытна-грэцкую, актыўна ўдзельнічаў у працы мясцовай філіі Таварыства беларускай школы (ТБШ). Вось дык селянін, хочацца ўсклікнуць! І робіць выснову Сяргей Чыгрын: прыклад Уладзіміру было з каго браць. Са спрыяннем-падтрымкаю бацькоў сваіх, сялян Лявонція ды Аляксандры, “юнак з далёкай слонімскай вёскі пайшоў у навуку, бо меў талент да замежных моў, да вучобы”.

Спадарыня Галіна ўдакладняе: вучыўся Уладзімір у Мяльканаўскай сямігодцы (1937–46), потым па 1949‑ы ў Азярніцкай школе (цяпер Азярніца — цэнтр сельсавета). Далей быў Гродзенскі педінстытут: нямецкае аддзяленне факультэта замежных моў. Пачаў з 1953‑га працаваць настаўнікам у Мастах, быў дырэктарам Зяльвянскай 8‑годкі — у саміх Мастах (1957–58). Гэта, пэўна ж, па левы бок Нёмана: ранейшае мястэчка Зяльвяне стала часткай горада. І ёсць на карце Мастоў, на левабярэжы, вуліца Зяльвянская й непадалёк 3‑я мастоўская школа. Працаваў дырэктарам і ў іншых школах раёна. У ліпені 1962‑га Уладзімір Сакалоўскі па ўласнай заяве быў залічаны на пасаду перакладчыка ва Усходняй Германіі: там і працаваў да 1969‑га. Пераехала ж сям’я Сакалоўскіх адтуль у Рыгу. “Мы пражылі душа ў душу 57 з паловай гадоў”, — з лёгкай тугой кажа Галіна Антонаўна. Пажаніліся ў 1956‑м. Згадвае, што сама яна, у дзявоцтве Лукашык, таксама педагог, родам з Бераставіцкага раёна, з прымежнай вёскі Падбагонікі: “што пры Свіслачы, а за рэчкай там і Польшча”. Закончыўшы педвучылішча ў Слоніме, працавала настаўніцай пачатковых класаў, потым закончыла й Гродзенскі педінстытут.

Прыпомнілася мне, што Сакалоўскага згадвае вядомы беларус Рыгі Вячка Целеш, калі піша пра свайго сябра Валерыя Дзевіскібу (“Жыццё і творчасць мастака” — ГР, 26.06.2014.). У тэксце ёсць адметны абзац: “У 1980 годзе была скончана пабудова маёй майстэрні, Валерый пастаянна заходзіў да мяне. У той час, дарэчы, у Рыжскім інстытуце грамадзянскай авіяцыі выкладчыкам нямецкай мовы працаваў Уладзімір Сакалоўскі, родам са Слонімшчыны, у Рызе працавала выкладчыцай паэтэса з Гродзеншчыны Аўгіння Кавалюк. З дапамогай мінскіх сяброў мы “знайшліся”, пазнаёміліся, пачалі сябраваць, збірацца ў майстэрні: Сакалоўскі з жонкай Галінай, настаўніцай, Аўгіння з мужам Лявонам, навукоўцам Латвійскай акадэміі навук, мая стрыечная сястра Раіса Сазон — настаўніца, я з жонкай ды Валерый Дзевіскіба з яго Лідзіяй. Сустрэчы праходзілі на беларускай мове й былі цікавымі. Аўгіння чытала вершы, Уладзімір расказваў пра свае пераклады з нямецкай літаратуры на беларускую мову, гаварылі пра родную культуру, гісторыю. За кавай, пад чарку спявалі беларускія песні: я на лістах ватмана пісаў словы й вешаў на мальберце, каб усім было відаць. Нашу сябрыну можна лічыць першым неафіцыйным нацыянальным беларускім таварыствам у Латвіі”.

Галіна Антонаўна памятае тыя сяброўскія сустрэчы, удакладняе: Уладзімір Лявонцевіч з 1971 года выкладаў нямецкую мову на кафедры замежных моў Рыжскага інстытута грамадзянскай авіяцыі. А далейшы ягоны лёс вызначыла вялікае жаданне больш расказаць пра Беларусь жыхарам Германіі. Бо, згадвае жонка, для яго немалым патрасеннем было пабачыць, што ў ГДР, дзе яны некаторы час жылі й працавалі, пра Беларусь практычна нічога ніхто не ведае. І вось, спрабуючы выправіць такое становішча, Уладзімір Сакалоўскі пачаў збіраць матэрыялы. З 1973 па 1976 год быў суіскальнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, пісаў навуковую працу і ў 1977‑м абараніў кандыдацкую: “Беларуска-нямецкія літаратурныя сувязі перыяду Ваймарскай рэспублікі”. У тым жа годзе па конкурсе Уладзімір Сакалоўскі быў зацверджаны на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка ў згаданам Інстытуце літаратуры. Але, паколькі не меў мінскай прапіскі, то праз два гады вымушаны быў вярнуцца ў Рыгу: працаваў ужо дацэнтам, загадчыкам кафедры рускай мовы па рабоце з замежнымі студэнтамі. Толькі ў 1982‑м сям’я вярнулася на сталае жыхарства ў Беларусь, і Уладзімір Сакалоўскі рос ужо як навуковец у акадэмічным Інстытуце літаратуры. У 1987–90‑х гадах, у прыватнасці, загадваў аддзелам узаемасувязяў літаратур. Галіна Антонаўна ўдакладняе: змяніў на той пасадзе вядомага пісьменніка, літаратуразнаўцу Алеся Адамовіча, які тады паехаў працаваць у Маскву.

Галоўнай працай мужа Галіна Сакалоўская лічыць больш чым 300‑старонкавы бібліяграфічны даведнік “Беларусь і Германія: інтэлектуальныя й культурныя дачыненні паміж 1914 і 1941 гадамі” (у арыгінале: “Weіßrußland und Deutschland: Geіstes- und Kulturbezіehungen zwіschen 1914 und 1941. Bd. 1. Bіblіographіe”), які пабачыў свет у Кёльне ў 2000 годзе. Навуковец глыбока даследаваў гісторыю развіцця ды ўзаемадзеяння беларускай і нямецкай культур, шмат пісаў артыкулаў па азначанай тэматыцы. У Мінску выйшлі яго кнігі “Пара станаўлення: вопыт параўнальнага вывучэння беларускай і некаторых класічных зарубежных літаратур” (1986), “Беларуская літаратура ў ГДР” (1988), “Беларуская савецкая літаратура за мяжой” (1988). У 1994‑м у зборніку “Шляхам гадоў” выйшлі падрыхтаваныя ім матэрыялы “Забытыя старонкі гісторыі. Рудольф Абіхт і Антон Луцкевіч. Перапіска (1916–1921)”. У інтэрнэце чытаем: Уладзімір Сакалоўскі сістэматызаваў ды абагульніў беларуска-нямецкія грамадска-культурныя, асабліва літаратурныя сувязі, адкрыў многія іх факты. Важны набытак для нашай культурнай скарбніцы — зроблены ім пераклад з нямецкай мовы працы Анджэя Цеханавецкага “Міхал Казімір Агінскі і яго “Сядзіба музаў” у Слоніме” (выходзіла ў Беларусі ў 1993 і 2006 гадах). Даследчык знайшоў каштоўныя матэрыялы, якія тычацца Беларусі ў перыяд Першай сусветнай вайны, працы Надзвычайнай місіі БНР у Германіі. Апошняе стала магчымым, бо Уладзімір Сакалоўскі з 1995 года на пасадзе прафесара пры Бонскім універсітэце (Германія) пад кіраўніцтвам Ганса Ротэ выконваў праект “Беларусь і Нямеччына ад Першай да Другой сусветнай вайны. 1914–1941”. З 1996‑га навуковец кіраваў аддзяленнем беларуска-нямецкага грамадска-культурнага ўзаемадзеняння Інстытута Цэнтральнай ды Усходняй Еўропы, узначальваў Беларуска-нямецкую навуковую раду. Апошнія факты ёсць у “Кароткім жыццяпісе” Уладзіміра Сакалоўскага — своеасаблівай прадмове да публікацыі “Надзвычайная місія БНР у Нямеччыне (1919–1925)” (часопіс “Аrche”, 2009, № 3). У інфапрасторы ёсць і публікацыі даследчыка “Успрыняцце творчасці Якуба Коласа ў Заходняй Еўропе першай паловы XX ст.” (2007), “Да вытокаў беларускай дыпламатыі: дзейнасць беларускай місіі ў Берліне (1919–1923) (2008), “Прысутнасць творчасці Янкі Купалы ў нямецкамоўным свеце” (2009).

Уладзімір і Галіна Сакалоўскія ля мінскага дома. 90-я гады.

Колькі слоў пра тое, чаму надзвычай важнай бачыцца сёння даследчыцкая праца Уладзіміра Сакалоўскага. Святкуючы 75‑годдзе Перамогі над фашысцкай Германіяй, нам варта памятаць: нямецкі народ, нямецкая культура й самі панеслі велізарныя страты ў выніку вядомых нам палітычных працэсаў ХХ стагоддзя. Каб у нашым часе супрацьстаяць антычалавечнай ідэалогіі нацызму, людзям адукаваным, культурным належыць шукаць тое, што нас паядноўвае, будаваць культурныя, духоўныя, інтэлектуальныя масты паміж народамі. Як і рабіў Уладзімір Сакалоўскі. Дарэчы, застаючыся ў душы лірыкам! Не ўсе ведаюць: у 2011-м у Нью-Ёрку выйшла кніга вершаў яго “Я перажыў свае жаданні” (у ЗША жыве сын аўтара, Аляксей, вядомы ІТ-спецыяліст).

Маем надзею кніжку тую пачытаць. Аддаем належнае вялікай працы земляка-юбіляра, шануем яго памяць.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.