Вы тут

У маі менш рэгіструюць шлюбы, але не з-за каранавіруса


У канцы лютага ў Беларусі быў зарэгістраваны першы выпадак каранавіруснай інфекцыі. Яе знайшлі ў іранскага студэнта БНТУ па імені Парса. Два тыдні ў бальніцы — і нечаканая папулярнасць: прамыя эфіры ў Іnstagram глядзеў нават медперсанал бальніцы. Яны ведалі, што хлопец і там расказвае людзям, як абараніць сябе ад каранавіруса.


7 сакавіка першыя аналізы студэнта на COVІD-19 сталі паказваць адмоўны вынік, а 12 сакавіка маладога чалавека адпусцілі дадому. Як гаворыцца, «да вяселля зажыло». І сапраўды, аказалася, што за дзень да таго, як у Парса выявілі вірус, малады чалавек са сваёй дзяўчынай падалі заяву ў загс, каб у маі зарэгістраваць шлюб. Карэспандэнт «СГ» даведалася, якія меры прымаюць работнікі загса для таго, каб прадухіліць распаўсюджванне віруса пасля таго, як Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла пандэмію.

Адной з прыкмет таго, што ў краіне — эпідэмія віруса з'яўляецца ўстаноўка ў грамадскіх месцах дазатараў з дэзынфіцыруючымі сродкамі. Пры ўваходзе ў загс Маскоўскага раёна Мінска таксама ўстаноўлены дазатар, таму я ўжо «на аўтамаце» апрацавала рукі. Пасля абеду ва ўсім будынку стаіць ледзь прыкметны «водар» гэтых сродкаў.

— Сёння павялічылася нагрузка на тэхнічак, якім прыходзіцца прыбіраць часцей, чым раней, — расказвае начальнік аддзела загса Наталля ФІЛІМОНАВА. — У будынку прыбіраем тры разы на дзень, апрацоўваем нават ручкі дзвярэй спецыяльнымі сродкамі. Супрацоўнікі ўстановы вядуць прыём у масках і пальчатках, каб абараніць не толькі сябе, але і наведвальнікаў.

Загс працуе ў звычайным рэжыме: з аўторка да суботы. У гэтыя дні можна падаць заяву на рэгістрацыю шлюбаў, зарэгістраваць дзіця і развесціся. Цырымонію шлюбу можна правесці ў любы дзень, але ўрачыстую — толькі ў пятніцу і суботу. Маладыя людзі, якія запланавалі ўрачыстасць загадзя і не рашаюцца адмяніць, прыслухоўваюцца да рэкамендацый супрацоўнікаў загса:

— Традыцыйныя вяселлі, з вялікай колькасцю гасцей, мы прапануем перанесці на час, калі скончыцца пандэмія, — расказвае Наталля Філімонава. — Звычайна на такія вяселлі прыходзіць каля 70 чалавек, там шмат дзяцей і пажылых людзей. Маладыя з разуменнем ставяцца да рэкамендацый і некаторыя пераносяць заключэнне шлюбу на верасень. Іншыя проста скарачаюць колькасць гасцей. У выніку прыходзіць не больш за трыццаць чалавек.

У параўнанні з мінулым годам колькасць шлюбаў у гэтым месяцы трошкі паменшылася, але супрацоўнікі загса гэта звязваюць, хутчэй, з народнай прыкметай: маўляў, ажэнішся ў маі — будзеш «маяцца» ўсе жыццё. А гэты май яшчэ і ў высакосным годзе — такая акалічнасць не надае ўпэўненасці маладым, якія вераць у прыкметы.

Сёння хлопцы і дзяўчаты прыходзяць пісаць заявы на заключэнне шлюбу на канец ліпеня і жнівень.

— У нашым загсе можна запісацца на ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу загадзя, — расказвае начальнік загса. — Пары, якія запісваліся яшчэ летась, прыходзяць, каб пацвердзіць свае намеры пажаніцца ў выбраны дзень. Усе, хто некалі забраніраваў даты, спадзяюцца, што ў іх усё атрымаецца і вяселле адбудзецца.

У фае загса збіраюцца госці. Людзей няшмат — чалавек восем. Яны чакаюць прыезду маладых. Пажылы мужчына абураецца:

— Нейкае глупства прыдумалі: маскі, пальчаткі, дэзрастворы. Ну вось навошта здаровым насіць маску? Яны нікога не заражаюць. Прыйшоў у загс, а нас тут сустракаюць у масках! Адчуванне, што зараз павязуць на «хуткай». Мне гэта не падабаецца. Колькі гэтых вірусаў ходзіць круглы год, што, цяпер заўсёды «маскіравацца»?...

— Не згодны з табой, — парыруе малады чалавек, запрошаны на вяселле. — Мне, напрыклад, вельмі прыемна, што пра нашу бяспеку паклапаціліся нават у загсе. Сюды прыходзіць шмат людзей. Супрацоўнікі маглі заразіцца каранавірусам, але яны ў масках, таму нават калі хворыя, то шанцаў нас заразіць у іх менш. Добра, што людзі прыслухоўваюцца да рэкамендацый урачоў і трымаюцца правілаў гігіены.

Хутка з'яўляюцца маладыя. Спрэчка адразу заціхае, людзі пачынаюць фатаграфавацца. Маладыя Алег і Ксенія не стрымліваюць свае шчаслівае хваляванне.

— Мы з хваляваннем чакалі гэты дзень, — расказвае жаніх. — Падалі заявы, калі яшчэ не было абвешчана пандэміі, і вырашылі ўжо не адмяняць. Вельмі перажывалі, што з-за віруса ўлады прымуць рашэнне ўвогуле адмяніць рэгістрацыю шлюбаў. З самага пачатку мы не планавалі шмат гасцей, таму і не прыйшлося скарачаць колькасць запрошаных на рэгістрацыю. Але святкаванне вяселля ў рэстаране ўсё ж адмянілі, каб не падвяргаць небяспецы нашых пажылых сваякоў. Любім іх і таму турбуемся.

Беларусы падчас пандэміі могуць зарэгістраваць свае адносіны, у адрозненне ад некаторых іншых краін. Так, напрыклад, у Расіі былі ўведзены абмежаванні на рэгістрацыю шлюбаў. Давалі дазвол толькі ў выключных выпадках, але рэгістрацыя праходзіла без запрошаных.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Вяселле насуперак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.