Вы тут

Лукашэнка: Пасля пандэміі свет будзе іншым. Другое пытанне, дзе наша будзе месца ў гэтым свеце


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння даў інтэрв’ю Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «МИР» у рамках праекта, прысвечанага 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, які ладзіць тэлеканал. 


Яшчэ адна нагода для гутаркі з беларускім лідарам — Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, які адзначаецца сёння, 2 красавіка. Акрамя таго, журналісты МТРК «МИР» спыталі пра сучасныя выклікі для інтэграцыйных аб’яднанняў на постсавецкай прасторы, пра перспектывы вяртання Украіны ў СНД і пра ўмовы трывалага міру на тэрыторыі краіны-суседкі.

Аб Саюзнай дзяржаве: Мы гатовыя ісці па гэтай дамове, але жалезабетонны прынцып — роўныя ўмовы для людзей, прадпрыемстваў

На пытанне, як Прэзідэнт бачыць развіццё Саюзнай дзяржавы з улікам усіх наяўных нюансаў, Аляксандр Лукашэнка адказаў: «У нас ёсць дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Ні ад ніводнага пункта гэтай дамовы мы не адмаўляемся. Нават возьмем самы сур’ёзны, які сёння абмяркоўваецца, — адзіная валюта. Мы не супраць адзінай валюты, але толькі гэта павінна быць нейтральная валюта — не беларускі рубель, не расійскі».

На думку Прэзідэнта, галоўнае ў гэтым пытанні — дзе будзе эмісійны цэнтр. «І нават не дзе, а хто будзе кіраваць эмісійным цэнтрам. Гэта будзе на роўных або, паколькі Расія вялікая, яна будзе кіраваць сваім рублём, а мы свой ліквідуем і да іх далучымся? — растлумачыў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка. — Мы гэта ўжо праходзілі ў першыя гады пасля распаду Савецкага Саюза. Калі нас проста выкінулі з рублёвай зоны, і, у рэшце рэшт, мы засталіся з савецкімі рублямі, яны (Расія. — „Зв.“) увялі расійскі рубель, а мы потым малявалі „зайчыкі“. Я не хачу гэта паўтараць. Гэта па-першае. А па-другое, дзе ж тут тады будзе наш суверэнітэт?»

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што меркавалася, што будуць створаны роўныя умовы для грамадзян і прадпрыемстваў. «Калі Расія сёння, адмовіўшыся ад гэтых імперскіх памкненняў (мы — вялікія, а вы — малыя), гатовая на гэта, давайце весці перамовы, давайце будзем вызначацца», — сказаў Лукашэнка.

«Таму дагавор існуе. І мы ніколі ад яго не адмаўляліся. Мы гатовыя ісці па гэтай дамове, але жалезабетонны прынцып — роўныя ўмовы для людзей, прадпрыемстваў. Цяпер усё парушана, а каранавірус парушыў і апошняе, самае галоўнае, — роўныя ўмовы для людзей», — лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што калі Расіі трэба было нешта зрабіць, то варта было хоць бы параіцца, папярэдзіць беларускі бок аб закрыцці межаў. «Я разумею, калі б там паўстала нейкая жудасная сітуацыя і трэба было тэрмінова прыняць меры. Але логікі не было тады. У Беларусі сітуацыя была не горш, чым у Расіі, — значна лепш. Я настойваю, што і сёння не горш. Па-другое, навошта адрэзаць ад гэтай Саюзнай дзяржавы тую асноўную частку, дзе няма праблем. І ў той жа час яны ўнутры краіны (а Расія велізарная) не падзялілі на часткі, каб перакрыць рух людзей і носьбітаў каранавіруса. Гэта звычайнае было галавацяпства. А як наконт формулы «сябар пазнаецца ў бядзе»? — задаўся пытаннем кіраўнік дзяржавы.


«Пасля пандэміі свет будзе іншым. Другое пытанне, дзе наша будзе месца ў гэтым свеце»

Пытанне «Як пераадолець эканамічныя праблемы, які ўзніклі за-за эпідэміі?», якое задаў журналіст, Прэзідэнт перайначыў: «Што будзе пасля пандэміі?»

Лукашэнка пакуль не ведае, ці рукатворны вірус, які ўзнік, але ў яго на гэты конт ёсць пэўныя меркаванні. На яго думку, сітуацыю з каранавірусам палітыкі і іншыя выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. «А ці не здаецца табе, што праз гэту сітуацыю моцныя свету без вайны (Макрон гэта назваў вайной) жадаюць перадзяліць свет? І многія задаюцца пытаннем, што будзе пасля пандэміі. І чаму я настойваю, каб працавала вытворчасць, чаму я так хвалююся, каб людзі жылі сваім жыццём? Таму што я прадстаўляю, што будзе з намі пасля гэтай пандэміі, калі мы спынімся».

Расія вытрымае, упэўнены кіраўнік Беларусі, бо ў іх ёсць прыродныя рэсурсы, у Кітая — магутная эканоміка, у ЗША — друкарскі станок долараў.

«Нас падштурхнулі да таго, што мы павінны спыніцца і сядзець, праесці тыя мізэрныя запасы, якія ў нас ёсць. Нават у Расіі нельга сказаць, што велізарныя яны (запасы — „Зв.“) валютныя, — тлумачыць Прэзідэнт. — І тады да нас прыйдуць тыя, хто на нагах, надрукаваўшыя 10 працэнтаў ВУП — трымайце вы крыху, але вы будзеце рабіць, што мы скажам. Вось так будзе перадзелены свет».

Гэта пытанне, і што будзе далей, сёння найбольш хвалююць Прэзідэнта.

«Усе ўжо на пытанне адказваюць, што пасля пандэміі свет будзе іншы. Дакладна, і я з гэтым згодны. Другое пытанне, дзе наша будзе месца ў гэтым свеце?» — сказаў лідар краіны.

І такое пытанне ўзнікне для ўсіх краін.

«Баюся, каб нас не перадзялілі без вайны», — завяршыў Аляксандр Лукашэнка.


«Іх чацвёра ўсяго, памерлых ад пнеўманіі, дзе ўскладненні даў каранавірус»

Размова зайшла пра тое, аб чым сёння кажуць усе — аб каранавірусе. Якім чынам вірус быў завезены ў Віцебскі рэгіён, растлумачыў Прэзідэнт. Работнікі вядомай беларускай маркі абутку амаль цэлай брыгадай паехалі ў Італію на навучанне. «І кантакты першага, другога ўзроўню ўжо ад іх атрымалі ў спадчыну гэты каранавірус», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

У Мінску сітуацыя з распаўсюджваннем пачалася з іранскага студэнта, якія жыў у сям’і сваёй нявесты. Бацька дзяўчыны — вадзіцель «вялікага начальніка», сказаў Лукашэнка. Той у сваю чаргу прысутнічаў на вышэйшых нарадах ва ўрадзе, прадстаўнікі якога сустракаліся з Прэзідэнтам.

«Прайшоў амаль месяц, і я яшчэ пакуль жывы. І не правяраўся на каранавірус. Я сачу за станам свайго здароўя», — адзначыў лідар дзяржавы, падкрэсліўшы, што ў сітуацыі, «калі праходзім пік, фізічную нагрузку крыху паслабіў». Але хакейныя трэніроўкі (фінал аматарскага чэмпіянату краіны ў суботу) усё ж такі Прэзідэнт пакінуў у сваім графіку.

Ён пракаментаваў і заявы некаторых сусветных лідараў, што Беларусь «не як усе» рэагуе на праблему.

«Слухайце, калі б ва ўсіх было так, як у Беларусі, па барацьбе з гэтымі віруснымі захворваннямі і як у нас не забываліся, што ёсць і сардэчнікі, і анкалогія, ёсць траўматалогія, ёсць проста пнеўманія, гэта сезонная хвароба вельмі моцная, тады б не было такіх праблем, — сказаў Прэзідэнт. — Мы не можам не трымаць яго (каранавірус — „Зв.“) у памяці. Таму што скрыню ўключыў — каранавірус, уцюг уключыў — каранавірус, чайнік уключыў — каранавірус».

Прэзідэнту дакладваюць па кожным выпадку смерці ад пнеўманіі. «Іх чацвёра ўсяго, памерлых ад пнеўманіі, дзе ўскладненні даў каранавірус, — праінфармаваў ён. — Любы вірус ускладніць хранічныя захворванні, і навошта „гвалтам“ крычаць? Што атрымалася, быццам мы нешта хаваем. Смерць чалавека ніколі не схаваеш, таму што кожны родны атрымоўвае даведку ў ЗАГСе».

Па чацвёртым зараз яшчэ ўдакладняюць, ці быў у яго каранавірус. Данныя з ЗАГСаў па смяротнасці Прэзідэнт абяцае паказаць журналістам.

«За два месяцы — студзень, люты — у нас адмоўная дынаміка смяротнасці людзей (у параўнанні з мінулым годам — „Зв“). Пры такой пандэміі ў нас памяншэнне смяротнасці. Я не кажу там захварэлі, заразіліся і іншыя, я кажу аб людзях, якія адышлі ў іншы свет. У нас адмоўная дынаміка», — падкрэсліў Прэзідэнт.


Занадта строгія і бяздумныя меры могуць пагоршыць сітуацыю менавіта ў барацьбе з вірусамі

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не крытыкуе кіраўніцтва іншых краін за меры, якія тыя прымаюць, бо не ведае, якая ў іх абстаноўка. Разам з тым для Беларусі ён лічыць падобныя меры залішнімі.

«Але ўяві: мы Мінск сёння ізалявалі і ўсіх закрылі ў кватэрах. Як адрэагуюць нашы беларусы? У нас сітуацыі няма, каб такія меры прымаць. І дай Бог, каб гэтай сітуацыі ў нас не было», — патлумачыў ён.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што занадта строгія і бяздумныя меры могуць пагоршыць сітуацыю менавіта ў барацьбе з вірусамі.

«А потым, ты ўпэўнены, што ў цябе няма зараз каранавіруса? І я не ўпэўнены. І ўяві, я цябе зараз з тваёй сям’ёй: малая, жонка, ты, можа, нехта яшчэ — я цябе закрыю ў кватэры. А ты не ведаеш, хворы або не. А калі ў цябе імунная сістэма моцная і ты пераносіш зараз на нагах... Я ўпэўнены, што ў нас мільёны людзей ужо перахварэлі на вірусы, у тым ліку на каранавірус. І вось я цябе ў кватэры закрыў — ні выйсці, ні прайсці... Галоўнае, яшчэ пропуск трэба выпісаць, каб выйсці і некуды схадзіць — гэта ж да вар’яцтва дайшло, у вайну такога не было, са смерцю калі людзі сутыкаліся! Я цябе туды закрываю, і ў цябе назаўтра ў гэтай тухлай, дохлай кватэры, у 25 або 80 метрах, пачынае актыўна праяўляцца гэты каранавірус. Што адбываецца? Ты ўсіх заразіў. А калі б я цябе не закрыў туды, ты б на нагах перанёс гэты каранавірус. Што, немагчымы такі сцэнарый? Я ведаю, што гэта магчыма, і няхай хоць адзін урач скажа, што я не маю рацыю», — спрагназаваў развіццё падзей у выпадку каранціна Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што увесці такія меры ў Мінску — не праблема, гэта магчыма зрабіць цягам сутак.

«Гэта зусім не пытанне, але ўва што гэта выльецца? Колькі тады будзе смерцяў? Якая хуткая дапамога справіцца? Мы будзем толькі выхопліваць з кватэр людзей, якія будуць цяжкія, і адразу іх на штучную вентыляцыю лёгкіх. І што, мы выратуем гэтых людзей? Вядома, не. Таму не трэба глупствам займацца», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Арганізм павінен змагацца з інфекцыямі, для гэтага, па словах беларускага лідара, трэба часцей бываць на свежым паветры, а таксама — займацца спортам і добра харчавацца.

«Учора адзін вельмі разумны расіянін, я паслухаў, кажа: трэба фізічна змагацца з ім. Я думаю, як жа фізічна? Трэба сябе засцерагчы ад небяспекі. Спортам займацца трэба і на свежым паветры быць. Трэба лёгкім дапамагчы. Мы, кажа, на дыеце сядзелі, а патрэбна тлустая ежа. І я таксама абмяжоўваў сябе. А сметанкавае масла трэба зараз есці, аказваецца, тлушч дапамагае лёгкім змагацца з вірусамі. Калі спецыяліст, вучоны кажа, напэўна, не дурак. Вось я з вопыту свайго яго ў гэтым падтрымліваю», — дадаў Прэзідэнт.


На раніцу чацвярга было 11 чалавек, якія падключаны да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Цяжкіх няма 

«Калі ўжо прыйдзе такі момант, калі нам трэба недзе тушыць пажар, мы яго будзем тушыць, і значна больш эфектыўна, чым тыя, хто нас зараз крытыкуе», паабяцаў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе нядаўнія выказванні літоўскага прэзідэнта, на якія адрэагавала МЗС. 

«Слухай, ён заклапаціўся беларускім вірусам! Слухай, ты сваім вірусам займіся, у цябе там куча пытанняў! Ён яшчэ папракае, што напэўна, беларусы не ўсё даюць, не пра ўсё інфармуюць», — абурыўся кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт праінфармаваны пра стан усіх людзей, якія падключаны да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, такіх на раніцу чацвярга было 11 чалавек. 

«У нас каля трох тысяч апаратаў ШВЛ, плюс наркозна-дыхальныя можна выкарыстоўваць у крайнім выпадку», — адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, на сённяшні момант «цяжкіх няма». 

Сістэма аховы здароўя, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, абавязана зберагчы людзей ад небяспекі.

«Урачы павінны лячыць людзей — гэта маё жорсткае патрабаване. Не хадзіць і закрываць там установы, нешта адмяняць — гэта справа ўлады. Ты прыйдзі, дакажы, што гэта трэба, а ўлада прыме рашэнне. А ты не адхіляйся, давай, лячы!» — паўтарыў сваю ўстаноўку Прэзідэнт. 

Беларускі лідар зноў успомніў сумны выпадак у Віцебску, калі на каранавірус заразіліся больш за 10 урачоў.

«Як груба кажу, «у піжамах» бралі гэтыя тэсты. Кажуць: каранавірус. Не важна, што. Ты ж урач, хаця б маску апрані ў такі момант, ну рэспіратар апрані. Ёсць жа гэтыя касцюмы, бахілы, пальчаткі, акуляры — апрані гэта», — апісаў прычыны заражэння віцебскіх урачоў Прэзідэнт. 

Пры гэтым ён падзякаваў медыкам за іх працу і праінфармаваў, што іх жыцці і здароўе ў бяспецы. 

«Зусім ніякай насцярогі ў гэтых адносінах. Гэтыя ўсе ўрачы сто працэнтаў будуць здаровыя, але з іншага боку, добра, што яны ўжо без масак змогуць працаваць. У іх імунітэт выпрацаваўся. Вядома, яны будуць працаваць ужо як вопытныя людзі, з усімі мерамі перасцярогі, але вось такія выпадкі былі», — не хавае Аляксандр Лукашэнка.

Менавіта таму туды быў накіраваны міністр аховы здароўя са спецыялістамі, а старшыні аблвыканкама загадана дапамагаць ім. Гэта дазволіла цягам трох дзён узяць сітуацыю пад кантроль, кажа Прэзідэнт. 

«Ужо сёння на 100 чалавек колькасць агульных захворванняў у Віцебскай вобласці знізілася, — аргументаваў Аляксандр Лукашэнка. — Я кажу, што малю Бога, каб мы як зараз (у такім жа стане — «Зв.») прайшлі да Вялікадня хаця б, гэтае плато, як урачы кажуць, пік гэты, і дай Бог, каб удалося знізіць».

«Мы не вырашаем праз каранавірус ніякія палітычныя пытанні»

Безумоўна, людзі будуць хварэць, у тым ліку і на каранавірус, і на іншыя небяспечныя інфекцыі, як гэта здарылася ўжо з адным хворым, у якога акрамя новага віруса выявілі экзатычны небяспечны грып. 

«У яго быў букет. І малайцы ўрачы — вось за што я іх хвалю зараз (каб не перахваліць) — што яны з камбінацый лекаў розных знайшлі такую, што змагла паставіць чалавека на ногі. Хоць ён быў у найцяжэйшым стане», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Казаць, што ў Беларусі ўсё ціха і спакойна — глупства поўнае. Проста мы не панікуем, мы займаемся кожны сваёй справай. Мы не вырашаем праз каранавірус ніякія палітычныя пытанні, — заявіў ён. — Хоць у нас палітычны год. Ведаеце, калі шчыра, я бы мог сёння ўвесці надзвычайнае становішча (патрулі па вуліцах, усе сядзяць) і паказаць, які я круты хлопец, перад прэзідэнцкімі выбарамі, што магу ўсё ўзяць пад кантроль. Не дай Бог, каб нам рэальна прыйшлося жыць у такой сітуацыі, калі давядзецца абмяжоўваць чалавеку магчымасць хадзіць па вуліцах, вывесці свайго... не сабаку, а дзіця некуды. Не дай Бог! І я ў гэтыя гульні гуляць не хачу!» 

Прэзідэнт паўтарыў, што мы будзем змагацца з любой хваробай, таму ён не вылучае каранавірус. 

«З любой хваробай трэба змагацца, — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы. — Бо чалавечае жыццё, калі яно знікне, не важна, ад чаго. Яго проста не стане. Вось у чым пытанне».

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ў аўторак будзе выніковая нарада па шэрагу пытанняў, на якой будзе абнародаваная статыстыка. 

«Мы нічога абсалютна не хаваем. Ні- чо-га, — раздзяліў слова па складах лідар. — Але галоўнае, што нас выратавала ад гэтага вар’яцтва (за што нас зараз крытыкуюць) — мы на межах пачалі ўсіх чысціць, мыць, мацаць, тэставаць. Бо ўбачылі, што гэтую заразу нам завозяць збоку. У нас яе ў прынцыпе быць не магло і не павінна, як і ў Расіі».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА 

Марыя ДАДАЛКА 

Фота БелТА

 

Цалкам інтэрв’ю Прэзідэнта Беларусі Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «МИР» можна будзе паглядзець заўтра на канале «МИР».

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.