Вы тут

Летась у Беларусі на сухоты захварэлі 1759 чалавек


На 155 менш, чым у папярэднія гады.


Колькасць рэцыдываў паменшылася на 7,5 працэнта ў параўнанні з мінулым годам. Аб гэтым на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі распавёў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пульманалогіі і фтызіятрыі Генадзь ГУРЭВІЧ.

«Сёння у нас у рэспубліцы дастаткова добрая, я бы сказаў, эпідсітуацыя. Захворванне — 18,3 на сто тысяч, з улікам рэцыдываў — 23,3, смяротнасць усяго 2,2 на сто тысяч. Разам з тым асноўная праблема для нашай рэспублікі — гэта высокі ўзровень сухотаў з множнай лекавай устойлівасцю ўзбуджальніка: 38 працэнтаў упершыню выяўленых пацыентаў і амаль 60 працэнтаў паўторна лечаных», — паведаміў Генадзь Гурэвіч.

Такія паказчыкі тлумачацца адсутнасцю кантролю за лячэннем у ранейшыя гады. Частка хворых на сухоты — пацыенты з асацыяльным ладам жыцця, а значыць, і нізкай прыхільнасцю да выканання прызначэнняў урача.

Для паляпшэння становішча ў апошнія гады стала выкарыстоўвацца малекулярна-генетычная дыягностыка і новыя схемы хіміятэрапіі.

Па словах дырэктара РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі, Беларусь знаходзіцца ў ліку дзевяці краін з высокім цяжарам сухотаў, у тым ліку мультырэзістэнтных. У Еўропе хварэюць на сухоты 275 тысяч чалавек.

«Праблема прафілактыкі і лячэння сухотаў па-ранейшаму застаецца актуальнай. Мэтамі ўстойлівага развіцця пастаўлена задача да 2035 года перамагчы сухоты. Сярод хворых на сухоты ёсць і тыя, каго мы можам назваць „асацыяльнымі“, не матываванымі прымаць лячэнне. А для нас гэта вельмі вялікая пагроза распаўсюджвання менавіта адкрытых форм сухотаў», — сказала журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Людміла МАКАРЫНА-КІБАК.

У Палату прадстаўнікоў паступіў праект закона аб ахове здароўя, цэлая глава якога прысвечана лячэнню, якое кантралюецца. Яно дазволіць пазбегнуць доўгага знаходжання ў стацыянары, а лячыцца амбулаторна.

Законапраект рыхтуецца да першага чытання. Некалькі раней прыняты закон аб папярэджанні распаўсюджвання захворванняў, якія прадстаўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, і віруса імунадэфіцыту чалавека. У дакуменце таксама ішла гаворка аб пацыентах з сухотамі.

Варвара Марозава

Прэв'ю: 1obl.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.