Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра першыя медалі юнацкіх Алімпійскіх гульняў і іншыя актуальныя падзеі беларускага спорту.


1. Біятланістка Юлія Кавалеўская адкрыла лік узнагарод беларускай каманды на ІІІ зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Швейцарыі. Спартсменка стала ўладальніцай «бронзы» ў індывідуальнай гонцы на 10 км. «Перад стартам не задумвалася, у якой моцнай групе пачынаю гонку. Затым убачыла на дыстанцыі, што ў саперніцы з Расіі лепшы час, старалася трымацца. На апошнюю стральбу стоячы прыйшлі разам, аднак расіянка хутчэй адпрацавала. Я нацэльвалася за ёй утрымацца, што і дапамагло заняць высокае месца», — адзначыла Юлія. Першае месца заняла расіянка Алена Мохава, «серабро» ў францужанкі Жэні Рышар.

2. Жаночая зборная Беларусі выйграла бронзавыя медалі ў каманднай гонцы праследавання на чэмпіянаце Еўропы па канькабежным спорце ў Херэнвене.

Таццяна Міхайлава, Марына Зуева, Яўгенія Вараб'ёва і Ганна Ніфонтава паказалі вынік 3 хвіліны 5,47 секунды. Перамаглі прадстаўніцы Нідэрландаў, «серабро» ў расіянак.

У аналагічным відзе праграмы сярод мужчын беларусы Віталь Міхайлаў, Ігнат Галавацюк і Ягор Дамарацкі занялі 5-е месца. Наймацнейшыя тут сталі каманды Нідэрландаў, Расіі і Нарвегіі.

3. Гродзенскі «Нёман» заняў трэцяе месца ў фінальным турніры Кантынентальнага кубка ІІHF. Пераможцам стаў дацкі «Сендэруск», ён упершыню выйграў ганаровы трафей і акрамя Кантынентальнага кубка сезона-2019/20 стаў уладальнікам адзінай пуцёўкі ў Лігу чэмпіёнаў на наступны хакейны сезон.

4. Ірына Крыўко фінішавала сёмая ў гонцы з масавым стартам на этапе Кубка свету ў нямецкім Аберхофе. Па ходзе дыстанцыі ў 12,5 км беларуска доўгі час ішла ў лідзіруючай групе, аднак на апошнім агнявым рубяжы дапусціла чатыры промахі. Але для Ірыны гэта ўсё роўна найлепшы вынік у бягучым сезоне.

Раней мужчынская зборная Беларусі паспяхова выступіла ў эстафетнай гонцы. Квартэт у складзе Антона Смольскага, Сяргея Бачарнікава, Рамана Ялётнава і Мікіты Лабастава доўгі час па ходзе гонкі прэтэндаваў на п'едэстал, але каманда не змагла ўтрымаць пазіцыю да фінішу. У мужчын пятае месца ў эстафеце — гэта таксама найлепшы вынік сезона.

5. На «Мінск-Арэне» адбылася ўрачыстая цырымонія ўзняцця пад купал арэны майкі з 29-м нумарам Уладзіміра Цыплакова. Адзначым, што там ужо вісяць джэрсі экс-трэнераў «Дынама» Віталя Стаіна, Уладзіміра Крыкунова і былых гульцоў «зуброў» Анатоля Варывончыка, Міхаіла Захарава і Руслана Салея.

Уладзімір Цыплакоў — легенда беларускага хакея, тройчы прызнаваўся найлепшым хакеістам краіны, пераможца маладзёжнага чэмпіянату свету 1989 года ў складзе зборнай СССР, удзельнік Алімпійскіх гульняў 1998 і 2002 гадоў і шасці чэмпіянатаў свету ў складзе зборнай Беларусі. 14 снежня 2019 года адзін з найлепшых беларускіх хакеістаў пайшоў з жыцця ва ўзросце 50 гадоў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Лік медалям адкрыты

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.