Выдатны чалавек, адзін з найлепшых хакеістаў у гісторыі краіны і добры трэнер пайшоў з жыцця на 51-м годзе. Сёння з 10 да 13 у будынку крытага катка ў парку імя Горкага адбудзецца развітанне з Уладзімірам Цыплаковым.
У маладым узросце ён прыехаў у Беларусь з расійскай Інты, праз некалькі гадоў ужо ніхто і не ўспамінаў, што ён не мясцовы. У паслужным спісе Уладзіміра выступленні ў яраслаўскім «Тарпеда» і мінскім «Дынама», ён адзін з нямногіх прадстаўнікоў Беларусі, хто добра «засвяціўся» і за акіянам, пагуляўшы за «Дэтройт Фэлканс» (СоHL), «Індыянапаліс Айс» (ІHL) , «Лос-Анджэлес Кінгс» (NHL), «Лас-Вегас Тандэр» (ІHL), «Бафала Сэйбрз» (NHL). Ужо ў больш сталым для хакеіста ўзросце Цыплакоў выступаў у расійскай Суперлізе за «Ак Барс» і ЦСКА, а таксама за мінскае «Юнацтва».
У памяці балельшчыкаў ён заўсёды застанецца выдатным майстрам, які ў самы адказны момант мог узяць гульню на сябе. На працягу ўсёй кар'еры Уладзімір Цыплакоў быў адным з лідараў беларускай нацыянальнай зборнай, у ёй правёў 114 матчаў, закінуў 70 шайбаў.
Ён марыў аб уласным бізнесе, але пасля завяршэння гульнявой кар'еры ўсё ж такі застаўся ў хакеі. Працаваў трэнерам у нацыянальнай, маладзёжнай і юніёрскай зборных Беларусі, мінскім «Дынама», омскім «Авангардзе», чарапавецкай «Северсталі», чалябінскім «Трактары» і салігорскім «Шахцёры». Здавалася, быццам у гульні ў яго атрымлівалася значна больш, чым у трэнерстве, але і ў гэтым амплуа Уладзімір Віктаравіч быў фігурай прыкметнай і яркай. Ён не баяўся казаць прама, выказвацца аб праблемах, задаваць нязручныя пытанні, за гэта яго паважалі, а некаторыя і баяліся.
«Калі Уладзімір гуляў у НХЛ, я яго не ведаў асабіста. Тады я сачыў за яго спартыўнымі поспехамі. У адзін дзень прачытаў яго вялікае інтэрв'ю. У той час я знаходзіўся на сярэдзіне свайго спартыўнага шляху. Яго словы моцна натхнілі мяне і дадаткова матывавалі на дасягненні. Пасля я пазнаёміўся з ім асабіста і для мяне ведаць Уладзіміра і мець зносіны з ім заўжды было вялікім гонарам. Гэта быў заўсёды пазітыўны, добразычлівы і спагадны чалавек. Ён назаўсёды застанецца ў маёй памяці такім, якім я яго ведаў», — напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках Вадзім Дзевятоўскі.
Далучаемся да спачуванняў блізкім і сябрам Уладзіміра Віктаравіча.
Дар'я Лабажэвіч
Крыху больш за два тыдні застаецца да важнага і адказнага кроку ў жыцці кожнага з нас — да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.
Распазнаць трываласць лёду дапаможа колер ледзянога покрыва.