Вы тут

Штрыхі да партрэта Авальнай залы. Якім будзе новы парламент?


Найважнейшая палітычная падзея гэтай восені — безумоўна, выбарчая парламенцкая кампанія. У сродках масавай інфармацыі абмяркоўваюць асобы кандыдатаў, парадак правядзення выбараў і будучыя задачы новага складу. Галоўная парламенцкая газета краіны таксама актыўна асвятляе гэтую падзею. Карэспандэнт «Звязды» прааналізавала склады дэпутацкіх корпусаў шасці скліканняў і даведалася, хто быў самым маладым дэпутатам, колькі цёзак па прозвішчы працуе сёння ў парламенце і ці гендарна ён ураўнаважаны.


Крыху гісторыі

У 1991 годзе пачаўся новы, постсавецкі этап развіцця парламентарызму — ужо ў незалежнай Беларусі. Згодна з першай рэдакцыяй Канстытуцыі (1994 года), найвышэйшым прадстаўнічым пастаянна дзеючым і адзіным заканадаўчым органам дзяржаўнай улады ў рэспубліцы з'яўляўся Вярхоўны Савет. Ён абіраўся на пяць гадоў і меў у складзе 260 дэпутатаў.

У выніку ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон краіны на рэферэндуме 24 лістапада 1996 года парламент набыў сучасную назву (Нацыянальны сход) і двухпалатную структуру (у ніжнюю палату абіраюцца 110 чалавек).

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праходзілі пяць разоў — у 2000, 2004, 2008, 2012 і 2016 гадах. Чаму скліканняў было шэсць, а выбараў толькі пяць — задасць пытанне ўважлівы чытач. Справа ў тым, што першы склад палаты не абіраўся грамадзянамі, а быў сфарміраваны з дэпутатаў распушчанага Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання.

Пра гендарную раўнавагу

Звестак пра склад дэпутатаў першага склікання 1996 года не вельмі шмат. З дапамогай прэс-службы Палаты прадстаўнікоў удалося здабыць толькі спіс парламентарыяў. Таму адзіная катэгорыя, якую мы можам прааналізаваць у гэтым корпусе, — гэта гендарны склад.

Думаю, што ў тыя часы модны сёння тэрмін быў зразумелы далёка не ўсім. Ну а калі так, дык і прытрымліваліся яго не надта — усяго пяць жанчын працавалі дэпутатамі ў ніжняй палаце Нацыянальнага сходу першага склікання.

Амаль у тры разы павялічылася колькасць жаночых асоб у другім скліканні — 14 чалавек. Засталіся ў парламенце з мінулага складу дэпутатаў-жанчын дзве Марыі — Вінакурава і Худая. У другім скліканні працавала і філолаг, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Сакратарыята Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Наталля Машэрава, дачка любімага беларусамі першага сакратара ЦК Кампартыі БССР Пятра Машэрава.

З 2004 года колькасць жанчын з дэпутацкімі партфелямі ў Беларусі расце. Так, у 2004 годзе ў Авальнай зале пачалі працаваць 32 жанчыны, у 2008 — 35. Прычым у чацвёртым скліканні больш за ўсё асоб прыгожага полу было ад горада Мінска — восем чалавек, а ад Віцебшчыны ў Палату прадстаўнікоў прайшла толькі адна жанчына.

Крыху скарачаецца (да 30 чалавек) жаночае прадстаўніцтва ў 2012 годзе. Прытым толькі дзве Пастаянныя камісіі ўзначальвалі жанчыны: Людміла Міхалькова (па заканадаўстве) і Людміла Дабрыніна (па бюджэце і фінансах).

Затое бягучы склад дэпутатаў можа ганарыцца рэкорднай колькасцю жанчын за гісторыю сучаснага беларускага парламентарызму — 38. Шэсць з іх узначальваюць Пастаянныя камісіі. Гэта Наталля Гуйвік (камісія па заканадаўстве), Людміла Дабрыніна (камісія па бюджэце і фінансах), Таццяна Кананчук (камісія па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы), Валянціна Ражанец (камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі), Тамара Красоўская (камісія па працы і сацыяльных пытаннях), Людміла Макарына-Кібак (камісія па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы). Больш за ўсё, сем жанчын, у складзе Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы пад кіраўніцтвам Ігара Марзалюка. А вось у Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы іх няма зусім.

Ці будзе маладзейшы за Янчэўскага?

Праглядзеўшы спісы ахвотных падацца ў дэпутаты, я падумала, што адказ адназначна станоўчы. Столькі маладых і актыўных збіралі сёлета подпісы выбаршчыкаў! Але ці былі ў сучасным парламенце дэпутаты, якія толькі размянялі 21, і пры чым тут Усевалад Янчэўскі?

Рэч у тым, што ён быў самы малады дэпутат не толькі ў другім скліканні, але і ўвогуле пакуль у гісторыі незалежнай Беларусі. У 2000 годзе сённяшняму дырэктару Адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій было 24 гады, і ён працаваў першым сакратаром ЦК Беларускага патрыятычнага саюза моладзі. Самы дарослы дэпутат у тым годзе быў старшыня Палаты прадстаўнікоў, эканаміст Анатоль Малафееў, які меў 67 гадоў.

Вызначым і далей самых маладых і дарослых прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса на год выбрання.

Можа, справа не толькі ў адным корані слоў, а яшчэ і ў падабенстве значэння, але тэндэнцыя, што найстарэйшы дэпутат становіцца старшынёй Палаты прадстаўнікоў, пашырылася і на трэцяе скліканне. Ім у 2004-м стаў 64-гадовы Вадзім Папоў. Дарэчы, у корпусе была і яго аднагодка Марыя Худая, якая абраная на трэці тэрмін.

Узрост самага маладога дэпутата ў 2004 годзе — 29 гадоў. Па Салігорскай сельскай выбарчай акрузе № 91 у парламент прайшла начальнік аддзела па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Іна Пчэльнік.

У 2008-м па ўзросце ўсіх абышоў 63-гадовы галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Мікалай Казак з Мінска. На 33 гады маладзейшая за яго была самы юны дэпутат, першы сакратар Слуцкага гарадскога камітэта «Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі» Інеса Кляшчук.

У пятым скліканні 2012 года як самы ўзроставы дэпутат вылучыўся памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінскай вобласці Мікалай Іванчанка 1947 года нараджэння. Тады ж свае сілы на дэпутацкай пасадзе паспрабаваў 27-гадовы Ілья Мурашка, начальнік аднаго з цэхаў ААТ «Торфабрыкетны завод «Усяж», што ў Смалявіцкім раёне.

У бягучым складзе самы вопытны дэпутат — спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. Яму на момант выбрання было 67 гадоў. Самыя маладыя дэпутаты — 34-гадовы алімпійскі чэмпіён на каноэ-двойцы Аляксандр Багдановіч і дырэктар Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Павел Ждановіч. Па маіх падліках, сярэдні ўзрост дзеючага дэпутацкага корпуса салідны — 50 гадоў.

Партыі ў парламенце

Другое скліканне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адзначылася самым багатым прадстаўніцтвам партыйнай супольнасці. Шэсць партый тады мелі сваіх членаў у парламенце. Але ўсё роўна большасць дэпутатаў (94 чалавекі) вызначылі сябе беспартыйнымі. Шэсць чалавек мелі білет Камуністычнай партыі Беларусі, чатыры — Аграрнай партыі. Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС) і Партыя народнай згоды мелі ў сваім складзе на той час па адным дэпутаце ў ніжняй палаце парламента.

У трэцім скліканні, як і ў папярэднім, асноўная частка дэпутатаў не была партыйнай. Тры парламентарыі значыліся ў ліку Аграрнай партыі, нязначна (да дзевяці чалавек) павялічылася колькасць камуністаў. У дэпутаты ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі быў абраны толькі яе старшыня — Сяргей Гайдукевіч.

У 2008 годзе склад вылучыўся рэкорднай неактыўнасцю партый: камуністы ўзялі шэсць партфеляў і адзін застаўся за Беларускай аграрнай партыяй. Прадстаўляў яе Міхаіл Русы.

У пятае скліканне зноў вылучылася большасць беспартыйных дэпутатаў. Камуністычная партыя забрала тры месцы, Аграрная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — па адным.

2016 год выбрання дэпутатаў выдаўся, наадварот, багаты на партыі. Прадстаўнікі пяці з іх (РППС, КПБ, ЛДП, БПП, АГП) прайшлі ў парламент. Упершыню заявілі пра сябе трыма дэпутатамі Беларуская патрыятычная партыя (БПП) і адным членам Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП), якая пазіцыянуе сябе як апазіцыйная да ўлады.

Ад спартсменаў да намеснікаў міністраў

У дэпутацкі корпус другога склікання ўвайшлі спецыялісты рознага профілю — нядзіўна, бо гэта заўсёды з'яўляецца адным з патрабаванняў да складу парламенту.

Большасць з абраных раней займала высокія пасады — дырэктараў, кіраўнікоў дзяржаўных, прыватных кампаній, устаноў адукацыі, медыцыны. Мабыць, лёс заканадаўчай ініцыятывы беларусы давяраюць толькі вопытным людзям, якія ўжо нечага дасягнулі ў жыцці?

Ішлі ў дэпутаты і са значных дзяржаўных пасад — міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Папоў, намеснік міністра ўнутраных спраў Леанід Глухоўскі, намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Таццяна Голубева, намеснік Генеральнага пракурора Пётр Іваненка.

Разнастайнае па родзе заняткаў было і трэцяе скліканне дэпутатаў. Вядома, актыўна там прадстаўлены і настаўнікі, і ўрачы, але яшчэ больш юрыстаў і былых дэпутатаў. Сярод значных асоб — начальнік Галоўнага штаба — першы намеснік камандуючага ВПС і войск СПА Узброеных сіл Беларусі Анатоль Ваньковіч, старшыня Назіральнага савета ААТ «Белаграпрамбанк» Раман Унучка. Цікавую пасаду — афіцыйны прадстаўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у Службе бяспекі Украіны — займаў да дэпутацтва Уладзімір Кужанаў. З пасады кіраўніка аддзялення пасольства Беларусі ў Расіі ў горадзе Санкт-Пецярбургу прыйшоў у парламент Міхаіл Русы. Адзначыліся работай у тым дэпутацкім корпусе два былыя памочнікі Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Вінцэнт Козяк і яго калега, інспектар па Магілёўскай вобласці Юрый Кулакоўскі. Заняў парламенцкую пасаду і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік. Дарэчы, у той час ужо другі тэрмін у Палаце прадстаўнікоў працаваў сённяшні кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. У 2004 годзе ўпершыню атрымаў дэпутацкі мандат удзельнік сёлетняй парламенцкай кампаніі Генадзь Давыдзька. Ён у той час быў генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

У 2008 годзе ў дэпутаты абраны сённяшні старшыня Палаты прадстаўнікоў, былы старшыня Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Андрэйчанка і яго намеснік Пётр Южык. Ад Аршанскай гарадской выбарчай акругі ў Палаце прадстаўнікоў працаваў начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Жарэла. Аляксандр Папкоў, былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, таксама ў ліку дэпутатаў чацвёртага склікання. Прайшлі выбарчую гонку ў той год адразу 10 старшынь райвыканкамаў — ад Чашнікаў да Шклова.

2012 год стаў стартам дэпутацкай кар'еры для кідальніка молата, прызёра Алімпійскіх гульняў Вадзіма Дзевятоўскага. Тады ж з пасады першага намесніка Магілёўскага абласнога выканкама ў парламентарыі пайшоў сённяшні старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Пры гэтым склад дэпутатаў значна абнавіўся — на новы тэрмін былі выбраныя толькі 19 дэпутатаў мінулага склікання.

Цяперашні дэпутацкі корпус прадстаўлены старшынямі райвыканкамаў, дырэктарамі школ, музеяў (Вольга Папко ўзначальвала замкавы комплекс «Мір», а Павел Ждановіч — Гомельскі абласны музей вайсковай славы). Ёсць сярод дэпутатаў і дыпламат з рангам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Валерый Варанецкі. Акрамя кіраўніка дыппрадстаўніцтва ў Аўстрыі, ён быў пастаянным прадстаўніком Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене і ў АБСЕ. Нельга не адзначыць сярод дэпутатаў і заслужаную артыстку Беларусі, спявачку Ірыну Дарафееву.

Працуюць у дзеючым парламенце і цёзкі па прозвішчы. Ажно пяць пар! Так, прозвішча Кананчук маюць старшыня Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна Пятроўна і член Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Ігар Паўлавіч. Прозвішча Курсевіч — у намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валянціны Вацлаваўны і ў намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Валерыя Віктаравіча. Аляксандр Маркевіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве, мае аднолькавае прозвішча з членам гэтай камісіі Іванам Станіслававічам. Старавойтаў Аляксандр Генадзевіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, падзяляе прозвішча з Ганнай Валянцінаўнай, членам Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, а Святлана Чэкан, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы, з Васілём Іванавічам, членам Пастаяннай камісіі па нацбяспецы.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.