14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Гродна можа далучыцца да «Пагаднення мэраў»


Пакуль абласны цэнтр не ўваходзіць у лік гарадоў, якія ўзялі на сябе абавязацельствы знізіць на траціну выкіды парніковых газаў да 2030 года. Менавіта ў такім кірунку аб'ядноўваюцца гарады свету. А між тым гэты рух ужо даволі актыўны і ў Беларусі, тут налічваецца паўсотні гарадоў — прыхільнікаў еўрапейскай ініцыятывы. З Гродзенскай вобласці ў супольнасці 10 гарадоў і раёнаў. Да «зялёнага» пагаднення гатовы далучыцца і абласны цэнтр.


Трэба сказаць, што акрамя Гродна ў супольнасць пакуль не ўвайшла і Ліда, буйны горад рэгіёна. Менавіта ў гэтых гарадах знаходзіцца большая частка насельніцтва і прамысловых прадпрыемстваў вобласці. Зразумела, што такія гарады аказваюць і большы ўплыў на кліматычныя змены. А, значыць, і выкіды парніковых газаў тут будуць большыя.

Аб тым, як развіваецца ініцыятыва, нядаўна ішла гаворка на сустрэчы па выніках супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза і Гродзенскай вобласці. Старшыня міжнароднай арганізацыі «Экапартнёрства» Юлія Яблонская зазначыла, што пагадненне мэраў — гэта яшчэ і выгадная справа. Еўрапейскі саюз актыўна падтрымлівае крокі ў бок чыстай энергіі праз фінансаванне розных праектаў.

Некаторыя гарады Гродзенскай вобласці ўжо атрымалі такую магчымасць. Напрыклад, Навагрудку, які з'яўляецца падпісантам Пагаднення, выдзелены гранты на ўстаноўку ветрапарка (4 мільёны еўра) і сонечных панэляў (500 тысяч еўра). Апошнія ўстаноўлены ў раённай бальніцы. Можна сказаць, што кожны горад і раён, які ўваходзіць у супольнасць пагаднення мэраў па клімаце, ажыццявіў свой «зялёны» праект. У Мастах ды Іўі вядуцца работы па паляпшэнні якасці вады, У Дзятлаве, Карэлічах і Навагрудку пачалася перапрацоўка цвёрдых бытавых адходаў.

— Гэта ўнікальная ініцыятыва, — кажа Юлія Яблонская, — бо яна дапамагае адаптавацца да змены клімату. Гаворка ідзе аб скарачэнні ўжывання паліўна-энергетычных рэсурсаў у ЖКГ, транспарце, муніцыпальнай гаспадарцы, вулічным асвятленні. Да гэтых праектаў павінны далучыцца дэпутаты і актыўна іх прасоўваць.

На гэтую асаблівасць звярнуў увагу падчас сустрэчы кіраўнік Праграм супрацоўніцтва Прастаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Беранд дэ Гроат. На яго думку, «зялёная» эканоміка — актуальны аспект узаемадзеяння. І гаворка ідзе не проста аб пераводзе аб'екта з аднаго віда паліва на іншы, але аб эфектыўным выкарыстанні энергарэсурсаў. У прыватнасці, будаўніцтва ветрагенератараў, выкарыстанне сонечных батарэй, біяпаліва.

Дарэчы, першы вятрак па праграме ЕС у Навагрудку стаў прыкладам для прыватных кампаній. Яны ўстанавілі ў гэтай зоне ветрапарк, які налічвае 13 энергаўстановак. Такім чынам «зялёная» энергетыка тыражуецца ў краіне.

Аргументы сапраўды слушныя. На гэта звярнуў увагу намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Болтрык. Ён паведаміў, што гэта тэма ў хуткім часе будзе дэтальна абмяркоўвацца гарадскімі ўладамі.

— Трэба займацца «зялёнай» энергетыкай. Ёсць перспектыва падпісаць пагадненне мэраў, але напачатку трэба распрацаваць праграму ўстойлівага развіцця і зацвердзіць на сесіі гарсавета. Думаю, мы гэта зробім, — запэўніў Андрэй Болтрык. — Рэалізацыя праграмы дазволіць выканаць умовы па скарачэнні шкодных выкідаў. Я не магу сказаць, што ў нас пагражальныя абставіны ў гэтым плане. Такога няма. Ёсць рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі — замена вулічнага асвятлення, уцяпленне тарцовых фасадаў ды іншае. Мы вядзём гэтую работу, але па сваёй схеме. Трэба будзе ўзгадніць нашы пазіцыі, зыходзячы з еўрапейскага вопыту, каб палепшыць экалогію. Гэта цікавая ініцыятыва, і мы абавязкова ў ёй прымем удзел.

Усяго ў Гродзенскай вобласці зараз рэалізуецца 60 трансгранічных праектаў на 30 мільёнаў еўра.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: На шляху да «зялёнай» энергетыкі

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.