Вы тут

Жыхарка Бешанковічаў вырасціла 600 сартоў памідораў


Як гэта ні дзіўна, але менавіта на поўначы Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебшчыны, жыве Надзея Куц, якая вырошчвае 600(!) сартоў памідораў. Чырвоныя, жоўтыя, ружовыя, фіялетавыя, чорныя, паласатыя і плямістыя... Сваю ўнікальную калекцыю яна не толькі год ад году пашырае, але і з задавальненнем дзеліцца насеннем, ведамі і вопытам па вырошчванні з такімі ж аматарамі гэтай культуры. Мы пабывалі на прысядзібным участку і даведаліся, чаго не любяць памідоры, дзе выводзяць экзатычныя сарты і чаму многія імі захапляюцца, а галоўнае — чаго вартая гэта праца.


Ад гладыёлусаў да памідораў

У распараджэнні Надзеі Іванаўны не вялікая плантацыя ў гектар-два, а звычайны прысядзібны ўчастак у прыватнай забудове раённага цэнтра. На пятнаццаці сотках размяшчаюцца дом з гаспадарчымі пабудовамі і невялікі па вясковых мерках агарод, дзе значную частку займае бульба — куды ж без яе? У дзвюх васьміметровых цяпліцах, а таксама на некалькіх градках у адкрытым грунце і растуць таматы.

— Памідоры я вырошчваю даўно, ужо гадоў 30, але спачатку гэта не было такім захапленнем. Садзіла як і многія, звычайныя чырвоныя — для сябе. А захаплялася тады гладыёлусамі: у мяне іх было сартоў 200. Вазілася я з імі, напэўна, гадоў 20. А потым кветкі захварэлі.

Пасля Надзея Іванаўна пачала разводзіць лілеі і ружы, Яны і цяпер растуць побач з домам. І аднойчы, шэсць гадоў таму, убачыла ў часопісе незвычайныя сарты таматаў:

— Я спачатку падумала, што толькі на поўдні такія можна вырасціць, а не ў нашых умовах. Але так мне яны спадабаліся, што захацела пачытаць пра іх у інтэрнэце. Адразу трапіўся каталог калекцыянера з Сібіры. Ну і вырашыла: калі растуць у Сібіры, то і ў нас змогуць. І адразу заказала 100 сартоў! Памятаю, яшчэ моцна засмучалася, што нічога ўжо гэтым летам не ўдасца пасадзіць, бо быў канец жніўня.

Затое на наступны год у Надзеі Куц на градках красавала сотня экзатычных сартоў. За пяць гадоў яе калекцыя разраслася. Ужо летась у ёй налічвалася 400 сартоў і 500 раслін, сёлета сартоў ужо 600, а раслін — не менш за 700!

— У канцы высадкі я іх ужо перастала лічыць, таму, магчыма, і больш. Гэта і сапраўды вельмі шмат, — прызнаецца жанчына. — Але так атрымалася: я абмянялася з іншымі калекцыянерамі, набыла новыя сарты і ўсе ранейшыя вырашыла пасадзіць, каб сёлета сабраць паболей насення і менш давялося садзіць налета. Але ўжо разумею, што так не атрымаецца, — смяецца яна.

Кожны сорт у цяпліцах пазначаны біркай з назвай, а на памідоры ў адкрытым грунце маецца нават свая схема, занатаваная ў спецыяльным сшытку. Надзея Іванаўна кажа, што нічога складанага ў вырошчванні «экзотаў» няма: усё гэтак жа, як і са звычайнымі сартамі.

— Яны нічым не адрозніваюцца — могуць расці нават у адкрытым грунце, калі лета не халоднае. Сёлетняе было дажджлівае, але ж выраслі! Любыя памідоры не любяць дажджлівае надвор'е. Ад лішняй вільгаці расліны заўчасна пачынаюць хварэць. Вось летась да сярэдзіны верасня на градках была прыгажосць, а сёлета выгляд ужо не той, хоць ураджай усё роўна атрымаўся добры.

Клопаты з лютага да лістапада

Дарэчы, жанчына прызнаецца, што ў яе няма мэты вырасціць вялізны ўраджай. Памідоры для яе — больш чым проста плады.

— Калі трэба вырасціць максімальны ўраджай, тады варта пасадзіць гібрыды. Мае ж сарты могуць даць менш пладоў, але бяруць сваім асаблівым знешнім выглядам і смакам. Я вырошчваю таматы для душы.

Увагі да сябе гэтыя расліны патрабуюць дзевяць месяцаў у год. І ўвесь вольны час Надзея Іванаўна аддае ім. Памідорныя клопаты пачынаюцца з лютага, калі на падаконніках з'яўляюцца першыя слоікі з расадай. Дарэчы, толькі сяўба насення займае ледзь не месяц — заканчваецца ў сярэдзіне сакавіка. Пакуль дасяваецца апошняе, першае ўжо вырасла і просіць перасадкі ў большую пасудзіну. Высадка ж расады ў цяпліцы і адкрыты грунт займае ўвогуле больш за месяц: стартуе з сярэдзіны красавіка і заканчваецца ў канцы мая. А клімат паўночнага рэгіёна нярэдка ўносіць свае карэктывы.

— «Першапраходцаў» я сёлета высадзіла 14 красавіка, укрыла іх дадаткова спанбондам на ўсялякі выпадак. Пашчасціла, што вясна была цёплая, таму нічога страшнага не адбылося. У цяпліцах скончыла высаджваць у пачатку мая. А з 10 мая садзіла ў адкрыты грунт. Напярэдадні здарыўся такі лівень, што ўсё ў агародзе плавала. Але адну градку 10 мая я ў гумавых ботах усё ж пасадзіла.

Мульчыраванне, падвязка і абрэзка, паліў, збор насення і ўраджаю па сартах — кожная аперацыя па доглядзе вымагае вялікай працы і часу. А адпачыць можна з лістапада, калі глеба перакапана і цяпліцы падрыхтаваны да наступнага года.

— У мяне толькі тры месяцы ў год — лістапад, снежань і студзень — «беспамідорныя», — жартуе Надзея Іванаўна.

Парад сартавых «ягад»

Жанчына ўжо 38 гадоў працуе ў Бешанковіцкай раённай бібліятэцы, цяпер яна загадвае аддзе-лам абслугоўвання і інфармацыі. І вядомасць не толькі ў аматарскіх колах, але і сярод звычайных агароднікаў да яе прыйшла дзякуючы выстаўцы «Парад таматаў», якую яна ладзіць у чытальнай зале. Сёлета прайшла ўжо пятая па ліку. Надзеі Куц удалося заахвоціць і сваіх калег-бібліятэкараў: на прысядзібных участках яны таксама вырошчваюць экзатычныя таматы, а потым дэманструюць ураджай і дзеляцца вопытам. Прычым штогод у 2-3 сартоў плады вырастаюць вагой больш за кілаграм. Сёлетні год стаў выключэннем: самым вялікім быў 970-грамовы тамат сорту «Загадка прыроды».

А паглядзець на цуда-ўраджай прыязджаюць людзі нават з іншых гарадоў. Сёлета, напрыклад, на выстаўцы ў Бешанковічах пабывалі ўдзельнікі віцебскага клуба кветкаводаў-аматараў, перад якімі Надзея Іванаўна гэтай зімой выступіла з лекцыяй.

— Пачыналі мы ў 2015 годзе: усе выставілі тое, што вырасцілі. Было тады ўсяго каля 40 сартоў, — успамінае жанчына. — А сёлета — 237, яны занялі дзевяць сталоў. Сарты, якія былі раней, я не выстаўляла, іх ужо бачылі наведвальнікі. Старалася прадставіць навінкі. Усіх наведвальнікаў папярэджваю, каб запісвалі назвы сартоў, якія спадабаліся, — каб потым пры жаданні набыць.

Сама Надзея Куц можа доўга расказваць пра экзатычныя назвы:

— Гэта «Лета кахання» — прыгожыя «паласацікі», — гартае яна фотаздымкі на маніторы. — А вось «Сяржант Пэпер», дарэчы, сорт названы ў гонар знакамітага альбома групы «Бітлз» «Аркестр клуба адзінокіх сэрцаў сяржанта Пэпера». Такія цікавыя сарты выведзены ў ЗША. Там існуе кірунак селекцыі аматарскіх сартоў і асобна выводзяцца сарты для фермерства. Аматарскія менш ураджайныя і горш захоўваюцца. Яны ў гэтым плане такія далікатныя: тыдзень паляжаць — і псуюцца. Вось «Чырвоны вугаль», гэта «Сібірская пантэра», побач «Цёмны тыгр» — усе з антацыянам (пігмент, які абумоўлівае чырвоную, сінюю, фіялетавую афарбоўку пладоў).

«Фларэнційская прыгажуня», «Шахеразада», «Чорнае сэрца Брэда» — рамантычныя назвы ўпрыгожваюць і пакецікі з насеннем, акуратна раскладзеныя па каробачках. Многія аматары набываюць яго ў Надзеі Іванаўны. Пакупнікі праз сацсеткі звяртаюцца з усёй Беларусі: і з Брэсцкай, і з Гродзенскай, і з Гомельскай абласцей.

— Цяпер сартавыя таматы папулярныя. Па-першае, яны вельмі смачныя. Па-другое, многім надакучылі маленькія чырвоныя памідоры і хочацца паспрабаваць вырасціць штосьці іншае.

Для пашырэння ўласнай калекцыі сарты Надзея Куц заказвае і набывае ў Расіі. У кожным пакеціку ўсяго пяць зярнятак. Але ўзыходзяць звычайна ўсе.

— Я саджу кожны сорт толькі па адным зярнятку. Можна расліну зламаць выпадкова, вось тады — бяда. Прыходзіцца ўкараняць — яна вырасце і дасць ураджай, але пазней.

Жанчына сціпла кажа, што ніякага асаблівага вопыту ў развядзенні не мае і працягвае вучыцца на сваіх памылках. У вольны час вывучае публікацыі ў інтэрнеце, дзе дзеляцца досведам людзі з агранамічнай адукацыяй.

«Шкада зрываць плады»

Ураджай, хоць і не з'яўляецца мэтай, але штогод складае некалькі сотняў кілаграмаў, з'есці якія аднаму, вядома, не пад сілу. У сям'і жанчыны — адна дачка Алена, якая жыве ў Докшыцах і да маці наведваецца толькі ў выхадныя. Раней памідоры Надзея Іванаўна прадавала на рынку. Але прызнаецца, што часу на гэта заўсёды шкада. Ды і пакупнікі самі прыходзяць дадому. Астатняе ідзе на загатоўкі. Толькі соку сёлета выціснута 30 літраў — справа заняла цэлы тыдзень. Закручвае жанчына і салаты, кетчупы, соусы, аджыку.

Захапленне не столькі прыносіць прыбытак, колькі патрабуе вялікай працы:

— Калі палічыць працоўныя выдаткі, напэўна, і не трэба было б гэтым займацца, — кажа Надзея Іванаўна. — Гэта ж кожны дзень: у пяць я прыходжу дадому, бутэрброд зрабіла — і хутчэй на агарод. Працую, пакуль не сцямнее. Але па-іншаму я ўжо не магу. Раніцай устала, пайшла да памідораў, паглядзець, як там справы, — і добры настрой адразу з'яўляецца. Любуюся імі і калі зацвілі, і калі з кветачкі першы яблычак завязаўся. Нават калі толькі ўзышлі — глядзіш на малышоў і радуешся, як і пасля, калі вырастаюць прыгажуні. Сёлета адна цяпліца была занятая цалкам экзатычнымі памідорамі, я не магла там знімаць ураджай — мне шкада зрываць плады.

Алена КРАВЕЦ, г. п. Бешанковічы

Загаловак у газеце: Таматы для душы


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маршрут па крынічным краі

Маршрут па крынічным краі

Пер­шы­мі яго па­ча­лі асвой­ваць гро­дзен­скія твор­цы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.