Калі коратка сказаць пра падзею, якую я здымаў мінулымі выхаднымі, то гэта проста: фэст на вясковым падвор'і ў фармаце ўспамінаў, душэўных пасядзелак і заліхвацкіх танцаў пад зорамі. Але я павінен растлумачыць, чаму менавіта ў вёсцы Любкі Вілейскага раёна і чаму ў такім фармаце адбываўся незвычайны фэст...
Невялікая вёска Любкі летам ператвараецца ў дачны пасёлак — сюды на канікулы і адпачынкі вяртаюцца дзеці, унукі і праўнукі тых, хто будаваў хаты, гаспадарыў, гадаваў нашчадкаў, жыў сённяшнім днём і марыў пра «светлую будучыню», любіў свае традыцыі і святы. А фэсты і вяселлі тут былі даволі часта. Цяпер у Любках зімаваць застаюцца не болей за два дзясяткі чалавек пераважна старэйшага ўзросту, побыт вяскоўцаў змяніўся, а нашчадкі ўжо не ведаюць ні гісторыі, ні традыцый, тым больш сваіх радаводаў, прозвішчаў, мянушак... А яны таксама «любэцкія» — як раней казалі пра жыхароў вёскі Любкі.
А вось жыхарка Маладзечна Вольга Трубач з такім станам спраў не згаджаецца і ўжо трэцяе лета на падворку свайго прадзеда Міхала Кабака (ён быў з роду Палюшыных) праводзіць адмысловыя фэсты.
Летась і пазалетась імпрэзы нагадвалі фальклорныя і танцавальныя маладзёжныя летнікі, а сёлетні фармат быў напоўнены клопатам узнаўлення духоўнай памяці і сувязі любчанскіх пакаленняў: каб унукі і праўнукі не адрываліся ад сваіх спрадвечных каранёў, не забывалі сваю малую радзіму і продкаў. Нездарма адным з пунктаў мерапрыемства стала фотавыстаўка «Любэцкія», на якой былі прадстаўлены фотакарткі з сямейных альбомаў.
Адбылася і прэзентацыя незвычайнай карты «Любкі: сядзібы і ваколіцы», для якой Вольга са сваёю сястрою Ірынай даследавалі фамільныя вясковыя радаводы і зрабілі адмысловую «энцыклапедыю» накшталт турыстычнага даведніка вёскі — з вуліцамі, сядзібамі і прозвішчамі былых і цяперашніх гаспадароў. Убачыўшы сябе на адбітках, вяскоўцы не хавалі эмоцый і слёз. А потым усе разам фатаграфаваліся каля «сцяны памяці» і спявалі песні сваёй маладосці.
Фэст у Любках наведала каля васьмідзесяці чалавек. Акрамя аднавяскоўцаў Вольгі, былі і бабулі-пявунні з суседніх Каралеўцаў, і маладыя захавальнікі народных побытавых танцаў з Мінска, Гродна, Барысава, Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні, з літоўскага Друскінінкая. Давала танцавальны майстар-клас вядомы ў харэаграфіі педагог Зінаіда Губарава-Крупская. Пад зорамі працягваліся вясёлыя скокі пад традыцыйную музыку. Гарманісты Аляксей Крукоўскі, Уладзімір Ганчароў і Мікалай Кашкан, даведаўшыся пра фэст, прыехалі з Мінска, кларнетыст Раман Яраш з Беразіна, а дудар Антон Бельскі і цымбаліст Іван Валынец з Вілейкі, капэла «Гарадзенскіх дворыкаў» даехала з далёкага Гродна, а духавік Канстанцін Канцавы — з Магілёва, дзяўчаты-скрыпачкі з Маладзечна і Ракава. У выкананні музыкаў гучалі полькі і вальсы, факстроты і танга, кракавяк і абэрак, падэспань і нарэчанька, субота і мяцеліца, лявоніца і, нават, шаміль — болей за тры дзясяткі танцаў ведаюць і выконваюць заўзятары народнай традыцыйнай культуры.
— «Любкі-фэст» не адбыўся б, калі б у правядзенні не прынялі ўдзел мае сяброўкі з этнаграфічна-фальклорнага гурта «Кола» з Маладзечна, з якімі я не першы год прапагандую беларускую культуру, — кажа Вольга Трубач. — Спадзяюся, падзея надоўга застанецца ў памяці, а на наступны год фэст ператворыцца ў традыцыю.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.