Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды. Урачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Незалежнасці.
«Сёння мы з вамі сустракаемся напярэдадні нашага галоўнага дзяржаўнага свята — Дня Незалежнасці. Я з задавальненнем вітаю вас — таленавітых, працавітых, адданых сваёй справе прафесіяналаў, — адзначыў беларускі лідар. — Людзей, чые поспехі і дасягненні ствараюць нашу гісторыю. Аб’ядноўваюць народ у пачуцці гонару за сваіх суайчыннікаў. Фармуюць імідж краіны — моцнай, паспяховай, стваральнай і абавязкова прыгожай».
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў гэтыя дні мы адзначаем знакавую падзею — 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Паводле слоў беларускага лідара, успамінаючы вялікі подзвіг народа-пераможцы, які падарыў нам будучыню, мы асабліва ўсведамляем адказнасць за тое, якім яна будзе ў нашых дзяцей і ўнукаў.
«Кожны наш дзень павінен быць пражыты дзеля важнай мэты — абараніць свет, за які аддавалі жыцці ў гады Вялікай Айчыннай, і захаваць працоўныя традыцыі пасляваеннага пакалення, — сказаў Прэзідэнт. — Гэтыя традыцыі працягваюцца ў нашых поспехах і дасягненнях».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на ўрачыстай цырымоніі прысутнічаюць прадстаўнікі самых розных прафесій, але ўсіх аб’ядноўвае шчырае імкненне працаваць у імя роднай Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў супрацоўнікам праваахоўных органаў, сілавых ведамстваў, воінам-інтэрнацыяналістам за вернасць абавязку і адданасць Айчыне, за праяўленыя ў службе смеласць і мужнасць. Ён падкрэсліў: іх патрыятызм — найлепшы прыклад для падрастаючага пакалення.
«Мы таксама ўшаноўваем работнікаў аграрнай галіны за дасягненні ў мінулым годзе. Няхай і цяперашні, няпросты з пункту гледжання ўмоў надвор’я, год будзе рэзультатыўным і ўмацуе нашу харчовую бяспеку. Дзякуй за вашу напружаную і важную для краіны працу», — сказаў беларускі лідар.
У зале прысутнічалі спартсмены і трэнеры — на думку кіраўніка дзяржавы, самыя папулярныя сёння ў краіне людзі. Паводле яго слоў, II Еўрапейскія гульні дораць нам нямала яскравых перамог, і ў краіне ганарацца поспехамі нашых суайчыннікаў і чакаюць новых медалёў кожны дзень.
«Дасягненні кожнага з вас, працавітасць і дысцыпліна — галоўныя ўмовы эканамічнага дабрабыту краіны, яе незалежнасці. Дзякуй вам за адданасць справе, адказнасць і высокія вынікі ў прафесійнай дзейнасці», — заявіў беларускі лідар.
Каго ўзнагародзілі?
За шматгадовую пленную працу, высокі прафесіяналізм і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, выключныя дасягненні ў сельскай гаспадарцы і будаўнічай галіне, значны асабісты ўклад у развіцце прамысловасці, сферы сацыяльнай абароны насельніцтва, навукі, адукацыі, культуры і спорту Прэзідэнт узнагародзіў:
З першых вуснаў
Размаўляючы з журналістамі, узнагарожданы ордэнам Пашаны генеральны дырэктар холдынга «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка» Мікалай Мартынаў адзначыў, што сёння яго кампанія — гэта вялікі холдынг — і не толькі па беларускіх мерках. Сёння тут працуе амаль пяць тысяч чалавек. Гэты год для «Марка» ён назваў цяжкім і цікавым, паколькі запланаваны выхад на ўсе вытворчыя магутнасці.
«Вельмі прыемна, што да Дня Незалежнасці ёсць усведамленне — мы датычныя да стварэння нашай краіны, менавіта незалежнай, самастойнай. Напэўна, гэта сімвалічна, бо Беларусь не багатая на прыродныя рэсурсы, а багатая людзьмі, якія могуць рабіць справу», — адзначыў Мікалай Мартынаў.
Наколькі цяжка прарывацца «Марка» на замежныя рынкі? Генеральны дырэктар холдынгу адзначыў, што рынак мяняецца, яго трэба старанна адсочваць, бо тэндэнцыі ў модзе вельмі рухомыя. На шчасце, сёння гэта рабіць значна прасцей, бо ёсць інтэрнэт.
У чым сакрэт поспеху прадпрыемства? Мікалай Мартынаў звярнуў увагу, што ў нашай краіне на заканадаўчым узроўні створаны ўсе ўмовы для вядзення і развіцця бізнесу. Акрамя таго, ён адзначыў, што вялікае значэнне маюць кваліфікаваныя рабочыя кадры, якія ўмеюць вучыцца і могуць хутка перабудоўвацца пад новыя трэнды. «А далей — працаваць трэба, думаць трэба», — з усмешкай дадаў ён.
Узнагарожданая ганаровым званнем «Народны артыст Беларусі» Ірына Яромкіна — артыст балета (саліст) Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета — распавяла журналістам, што атрыманае званне — гэта вельмі высокая ўзнагарода. «Калісьці, калі я толькі пачынала танцаваць, я пра гэта нават не марыла», — сказала яна.
Аб атрыманні высокай узнагароды Ірына Яромкіна даведалася на гастролях у Мексіцы, ёй патэлефанаваў дырэктар тэатра і паведаміў, што ўказ падпісаны. З-за розніцы ў часе — у Беларусі быў дзень, там была ноч — балярына спрасонку не паверыла ў гэта, а потым і зусім заснула.
«А раніцай, калі я расплюшчыла вочы, мне падалося, што гэта прыснілася», — сказала балярына.
Яна адзначыла, што сёння беларускі балет гастралюе па свеце — у тым ліку па краінах, дзе такое мастацтва не вельмі вядома. «Мы стараемся пазнаёміць гэтых гледачоў менавіта з балетам, і ў нас з’явіліся гэтыя магчымасці. Раскрываюцца мяжы — больш шырокія тэрыторыі мы цяпер займаем», — сказала Ірына Яромкіна і прывяла ў прыклад тую ж Мексіку, Кітай, Карэю.
Яна звярнула ўвагу, што балет пастаянна развіваецца — гэта тычыцца і нашай краіны. «Наш беларускі балет ні ў чым не саступае», — падкрэсліла балерына.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Умець праводзіць вольны час цікава і з карысцю — свайго роду талент.
Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і духмяных раслін, дэкаратыўных кустоў, а таксама клубніц, суніц і «суніц-клубніц».
Зарадныя станцыі для электрамабіляў, дыстанцыйны заказ ежы, зоны адпачынку.