Летась краіны нагандлявалі на 800 мільёнаў еўра, і тавараабарот працягвае павялічвацца. Пра гэта паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі Марыа БАЛЬДЗІ падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, прысвечанай Дню абвяшчэння рэспублікі.
Як адзначыў пасол, Італія знакамітая трыма f: fооd, fаshіоn, furnіturе (ежа, мода, мэбля). Менавіта яны і з'яўляюцца традыцыйнай асновай тавараабароту. Да актуальных кірункаў апошняга часу належыць і супрацоўніцтва ў галіне аднаўляльнай энергетыкі, зялёнай эканомікі, а таксама вытворчасці станкоў і ўпаковачных машын.
Але «сэрцам» партнёрства паміж Беларуссю і Італіяй дыпламат назваў гуманітарныя адносіны. Напрыклад, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС каля паўмільёна беларускіх дзяцей атрымалі аздараўленне ў паўднёва-еўрапейскай краіне. Толькі летась 130 беларускіх дзяцей-сірот знайшлі новую сям'ю ў Італіі.
Марыа Бальдзі падкрэсліў, што палітычныя адносіны нашых краін зараз у стадыі «перазапуску», і выказаў надзею, што візавы рэжым паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам будзе спрошчаны ў найбліжэйшы час. Пасол адзначыў, што для італьянскіх вытворцаў беларускі рынак — прывабныя вароты ў ЕАЭС, а таксама вялікі лагістычны хаб.
Марыа Бальдзі ўпэўнены, што Беларусь можа стаць цэнтрам турыстычнага прыцягнення — нездарма ўсё больш ягоных суайчыннікаў наведваюць Сінявокую (асабліва дзякуючы бязвізаваму рэжыму). «У краіны ёсць усё, чаго шукаюць сучасныя вандроўнікі: чыстае наваколле, экалагічная ежа, распрацаваная інфраструктура, ветлівы народ. Беларусь — гэта сапраўды Белла Русь, bеllіssіmа!», — падзяліўся ўражаннямі пасол.
Варвара МАРОЗАВА
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.