Вы тут

Якія «фішкі» чакаюць гродзенскіх школьнікаў падчас канікул?


І гэта не толькі прышкольныя ці загарадныя ўстановы ў маляўнічых мясцінах. Усё большую папулярнасць набываюць турыстычныя, ваенна-спартыўныя, навуковыя, профільныя летнікі. Сёлета ўпершыню арганізаваны адпачынак для аграрных класаў. Школьнікі будуць сумяшчаць аздараўленне з вытворчым турызмам.

Летнікі, а іх у рэгіёне будзе працаваць каля адной тысячы, прымуць дзяцей з першых дзён канікул, а завершаць работу ў самым канцы жніўня.


Летнікі за горадам — у трэндзе

Па-ранейшаму карыстаюцца попытам пуцёўкі ў стацыянарныя летнікі-гарадкі. І гэта зразумела — экалагічная зона, шмат розных пляцовак, а некаторыя яшчэ і каля возера месцяцца. Як, напрыклад, летнік «Сузор'е» недалёка ад Гродна. Шмат гадоў арганізацыя аздараўлення тут лічыцца адной з найлепшых у краіне.

Разам з дырэктарам Андрэем Мацкевічам абыходзім тэрыторыю, якая ў хуткім часе напоўніцца дзіцячымі галасамі. Тут усё падрыхтавана для актыўнага адпачынку — спартыўны інвентар, ровары. Адноўлены ўсе карпусы. Сёлета пашыраны медыцынскі блок: зараз ён займае цэлы паверх — два ізалятары, фізіятэрапеўтычны пакой, кабінет псіхолага-педагагічнага суправаджэння і яшчэ адзін — для псіхалагічнай разгрузкі. Гэты аспект дырэктар лічыць вельмі важным. Асаблівая ўвага аддаецца ў першую чаргу тым, хто стаіць на ўліку, меў сутыкненні з законам альбо чыя сям'я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным стане. Падтрымкі чакаюць і іншыя.

— У школе дзеці — гэта вучні, а тут яны адпачываюць і могуць праявіць сябе інакш. І калі ёсць нейкія нюансы, мы павінны рэагаваць. Бывае, што патрэбна дапамога ў адаптацыі — зняць эмацыянальны стрэс, проста выслухаць і супакоіць. Псіхолагі працуюць па методыцы, якая разлічана на дзяцей у такіх умовах, — адзначае Андрэй Мацкевіч.

Дарэчы, ён прафесійны псіхолаг, а яшчэ майстар. Напрыклад, сам клаў плітку ў медыцынскім блоку, займаўся многімі рамонтнымі работамі. Гэта дазволіла сэканоміць бюджэтныя сродкі.

Галоўнае, на чым тут не эканомяць, — гэта меры бяспекі. Сапраўды, іх можна назваць беспрэцэдэнтнымі: уся зона летніка пад відэакантролем, тут устаноўлена 15 відэакамер. Ёсць свая ўласная служба аховы, акрамя гэтага дзяжурыць міліцыя і АМАП. У кожным корпусе свае пасты. Па словах дырэктара, такія ўмовы апраўданыя. Многія бацькі аддаюць перавагу менавіта такім летнікам, дзе прыняты максімальныя меры бяспекі.

А яшчэ бацькам вельмі падабаецца, што ў летніку ўведзены мараторый на гаджэты. Напачатку гэта быў толькі эксперымент, а зараз — узаконенае правіла. Пры неабходнасці выхаванцы могуць скарыстацца мабільнымі тэлефонамі атрадных важатых.

Дырэктар вядзе паказаць пляжную зону летніка. Пляж і сама акваторыя агароджаны, на беразе — невялікі амфітэатр для правядзення мерапрыемстваў. Па словах майго праважатага, возера чыстае, нядаўна пробы вады бралі спецыялісты санітарнай службы. Зона — толькі для дзяцей, а таксама іх бацькоў, для ўсіх астатніх праход забаронены. На пляжы дзяжурыць медык і ахоўнік.

У «Сузор'і» заняліся безбар'ерным асяроддзем. Тут прымаюць інвалідаў-калясачнікаў з усёй вобласці. Для іх абсталяваны першы паверх, пашыраны праёмы дзвярэй, устаноўлены пандусы, у тым ліку ў сталоўку.

З горада — у раён

У Гродзенскай вобласці сёлета будзе дзейнічаць 23 стацыянарныя летнікі — столькі, як і летась. Праўда, за апошняе дзесяцігоддзе страчаны да дзесяці такіх устаноў, утрыманне якіх уласнікі не забяспечылі. Дарэчы, і «Сузор'е» было ў ліку такіх, пакуль яго не перадалі Гродзенскаму райвыканкаму. Толькі тады летнік не толькі запрацаваў, але і стаў адным з найлепшых у краіне. А вось сусед «Сузор'я», які належаў УУС, прыйшоў у заняпад. Зараз ён перададзены спартыўнаму таварыству «Дынама». Там вядуцца работы па рамонце будынкаў, але аб узнаўленні летніка ніхто не заяўляў, паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Асмалоўская. Яшчэ адзін летнік «скінуў» завод-уласнік. Улады прымаюць меры, каб яго рэанімаваць, але пакуль гэта не ўдаецца.

І хаця сітуацыя са станам кругласутачных летнікаў у асноўным стабільная, іх не хапае. Для жыхароў Гродна дзейнічаюць аздараўленчыя ўстановы каля горада, але іх усяго дзве. Каб зняць ажыятаж і задаволіць попыт на такі адпачынак, юныя гараджане сёлета ўпершыню паедуць на аздараўленне ў іншыя раёны вобласці, у прыватнасці Зэльвенскі і Бераставіцкі.

Таксама ў рэгіёне пачалі адкрываць кругласутачныя летнікі на базе школ у экалагічна чыстых зонах. Навінка сезона — скарочаныя 9-дзённыя змены.

— Гэта першы вопыт у рэспубліцы, — кажа Таццяна Асмалоўская. — І ён паказаў, што гэта запатрабавана. Гарадскія дзеці едуць у сельскія школы і там праходзяць аздараўленне. Сёлета, напрыклад, так адпачнуць 1200 гараджан. Гэта арганізаваныя групы, якія едуць са сваімі педагогамі. Напрыклад, у Мастоўскай гімназіі сёлета будзе летнік ужо другі сезон.

Як паведаміў начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Анатоль Ганчар, у кругласутачныя летнікі пуцёўкі выдаюцца бацькам па месцы працы. Заявы падаюцца ў камісіі па аздараўленні, якія, у сваю чаргу, звяртаюцца да ўласнікаў такіх устаноў. Там, дзе няма адпаведных камісій, напрыклад у індывідуальных прадпрымальнікаў, можна звярнуцца да ўласнікаў наў-
прост, зарэзерваваць месца, а затым паведаміць спецыялістам па аздараўленні па месцы жыхарства.

Агульны кошт пуцёўкі складае 400 рублёў, палову аплачвае бюджэт. Астатнюю частку — альбо самі бацькі, альбо прадпрыемства. Сёлета з абласнога бюджэту на аздараўленне дзяцей выдаткавана сем мільёнаў рублёў, што больш, чым у мінулым годзе, на 700 тысяч. Пры гэтым кожны школьнік можа выкарыстаць датацыю двойчы: адзін раз у кругласутачным летніку, другі — у прышкольным. Некаторыя катэгорыі дзяцей маюць дадатковыя льготы.

Летнік з акцэнтам

Паколькі планка ўзнята даволі высокая — аздаравіць усіх, хто пажадае, — асноўная нагрузка прыпадае на прышкольныя летнікі. На такі адпачынак больш накіраваны бацькі малодшых школьнікаў, але і старэйшым таксама ёсць чым заняцца. Цікавы вопыт у гэтым кірунку мае Гродзенскі раён, дзе знаходзіцца максімальная колькасць усіх відаў летнікаў. Тут упершыню будзе арганізаваны адпачынак у кадэцкім вучылішчы. Напачатку для будучых кадэтаў, затым для адораных школьнікаў пачне працаваць змена «Навука».

Папулярныя сярод школьнікаў перасовачныя турыстычныя летнікі. У раённым дзіцячым цэнтры творчасці распрацавана некалькі маршрутаў — для аматараў горнага турызму, веласіпедыстаў, з навыкамі арыентавання і скалалазання.

Для тых, хто марыць звязаць свой лёс з пагранічнай службай, працуе летнік «Алмаз» на базе пагранзаставы.

Экалагічны атрад «прапісаўся» ў Індурскім школьным лясніцтве. На летніх канікулах школьнікі адпачываюць, працуюць і займаюцца навуковымі даследаваннямі. Іх навуковыя работы па ліквідацыі наступстваў забруджвання лясоў і вадаёмаў атрымалі прызы на абласных і рэспубліканскіх конкурсах. У летніку школьнікі могуць нядрэнна зарабіць — па 100 рублёў за 18 дзён.

— Наша ноу-хау — гэта новыя профілі, — адзначае Таццяна Асмалоўская. — Упершыню сёлета адкрываем летнік для аграрных класаў. Паколькі такія класы ёсць толькі ў райцэнтрах, мы збіраем навучэнцаў у Гродне. Кругласутачны летнік арганізаваны на базе інстытута развіцця адукацыі. У ім будуць сумяшчацца прафарыентацыя і аздараўленне.

Праграма распрацавана з аграрным універсітэтам, у яе ўключана наведванне лабараторый, запланаваны экскурсіі на прадпрыемствы.

Ёсць намер аздаравіць у рэгіёне 63 тысячы школьнікаў, гэта больш за палову ад усёй колькасці навучэнцаў. Шырокаму ахопу спрыяюць дадатковыя сродкі. Напрыклад, Гродзенскі раён атрымаў спонсарскую дапамогу ў памеры 60 тысяч рублёў. Гэта столькі, колькі выдаткаваў бюджэт. Уласнікі летнікаў зарабляюць у міжсезонны перыяд — здаюць у арэнду сталовыя, спальныя карпусы. Напрыклад, на базе лідскіх аздараўленчых летнікаў праводзіцца злёт байкераў. На некаторых працуюць навагоднія рэзідэнцыі. Гэта дапамагае развіваць аздараўленчую базу. Сёлета са сродкаў рэспубліканскага суботніка вобласць атрымала на летнюю кампанію 250 тысяч рублёў.

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Аздараўленчы марафон — на старце!

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.