«Калі чакаеш нараджэння дзіцяці, не звяртаеш увагі на рэжым, не так напружвае гэта абстаноўка. Я сябе суцяшаю тым, што часова жыву ў жаночым інтэрнаце», — расказвае адна з мам, якая адбывае пакаранне ў гомельскай папраўчай калоніі № 4. Яна прыціскае да сябе немаўля і ўдыхае яго малочны водар — праз пару гадзін малога трэба будзе зноў здаць на пост.
У чацвёртай калоніі працуе адзіны ў сістэме МУС Дом дзіцяці. Карэспандэнты «Звязды» з'ездзілі туды, каб паглядзець, як жывуць малыя, чые мамы аказаліся за кратамі. І даведацца, як гэта — бачыцца з дзецьмі па раскладзе.
«Бацькоўскіх правоў жанчын не пазбаўляюць»
Дом дзіцяці ўзнік у гомельскай калоніі яшчэ ў 1961 годзе. Побач з будынкам — пляцоўка з горкамі і арэлямі, персанал — жанчыны ў белых халатах. Падобна на звычайны дзіцячы садок — калі б не высокая агароджа з дротам і прапускная сістэма.
— Тут знаходзяцца малыя да трох гадоў. У такім узросце яны яшчэ не разумеюць, што жывуць у папраўчай установе, — кажа начальнік Дома дзіцяці Марыя ЗАПАРОВАННАЯ.
Па адукацыі яна ўрач. Раней працавала дзіцячым неўролагам, а шэсць гадоў таму перавялася на работу ў калонію. Спачатку ў медчасць, потым — да дзяцей.
За малечай тут наглядаюць кругласутачна: дзяжураць медсёстры і нянькі. У штаце ёсць таксама выхавацелі, педыятр, масажыстка, музычны кіраўнік, дэфектолаг. Марыя Запарованная сумна заўважае: некаторым дзецям пашанцавала, што яны апынуліся тут.
— Многія нараджаюцца з паталогіямі — з боку сардэчна-сасудзістай, стрававальнай, нервовай сістэмы. Па артапедыі шмат праблем. Не факт, што гэтыя дзеці своечасова трапілі б да ўрача: сярод мам ёсць тыя, хто вядзе асацыяльны лад жыцця. А тут мы можам пачаць лячэнне.
Два гады таму Дом дзіцяці адрамантавалі. У пакоях — новая мэбля, цацкі, развівальныя гульні. Для дзяўчатак стаяць куткі маленькай цырульніцы і кухара, для хлопчыкаў — пластмасавыя пазадарожнікі. У халадзільніку на кухні — слоічкі з фруктовым пюрэ.
— Пялёнак, памперсаў — усяго хапае, — запэўнівае начальнік установы. — Мы падаём гадавую заяўку, дзе ўказваем, колькі і чаго патрэбна. Плюс ёсць дапамога ад спонсараў і валанцёраў.
Па Крымінальна-выканаўчым кодэксе маці можа праводзіць з малым увесь вольны ад работы час. «Дэкрэт», падчас якога вызваляюць ад працы на швейнай фабрыцы, тут доўжыцца не тры гады, а тры месяцы. У тых, хто корміць грудным малаком, у пропуску дадаткова напісаны гадзіны кармлення.
— Немаўля ўзважваюць да і пасля яды, каб ведаць, ці сытае яно. Калі малака няма, цалкам пераводзім на сумесі.
— Іх таксама дае маці?
— Не, тады кормяць супрацоўнікі.
Што адбываецца з дзецьмі пасля трох гадоў? Калі іх не можа забраць бацька, аформіць апякунства прапануюць іншым сваякам. Калі гэта немагчыма, хлопчыкаў і дзяўчатак адпраўляюць у дзіцячы дом. Але апошнія два гады гэту стадыю стараюцца мінуць і адразу перадаць малога ў прыёмную сям'ю: там над ім афармляюць часовае апякунства, пакуль мама не вызваліцца.
— Бацькоўскіх правоў з-за таго, што жанчына знаходзіцца ў калоніі, не пазбаўляюць, на ўсынаўленне малых не аддаюць, — адзначае Марыя Запарованная. — Калі асуджанай хутка вызваляцца, а дзіцяці ўжо споўнілася тры гады, яна можа напісаць заяву, каб на некалькі месяцаў працягнуць знаходжанне тут сына ці дачкі. Як правіла, ідуць насустрач, каб не разлучаць сям'ю.
«Многім прасцей, калі дзяцей даглядаем мы»
Жывуць мамы разам з астатнімі асуджанымі ў атрадзе, асобна ад дзяцей — незалежна ад таго, колькі малым гадоў (ці месяцаў). Прынамсі, да гэтага года іншага варыянта і не было. Цяпер ёсць — у студзені ў калоніі адкрылі інтэрнат для сумеснага пражывання мам з дзецьмі.
— Ён створаны, каб, па-першае, мінімальна траўміраваць дзіця, па-другое — прышчапіць жанчыне мацярынскія пачуцці. Не ва ўсіх гэты сын ці дачка доўгачаканыя, — тлумачаць тут. — Можа, мама — адзіночка і баіцца не справіцца з усімі праблемамі.
Падобныя інтэрнаты ёсць у ЗША, Канадзе, Швецыі, Даніі, Германіі. Узрост дзяцей, што жывуць у папраўчых установах разам з маці, — ад трох месяцаў да шасці гадоў. У беларускі інтэрнат пры калоніі жанчыны могуць засяліцца, калі малому споўніцца год. Да гэтага часу персанал назірае за асуджанай: ці не пачалася ў яе пасляродавая дэпрэсія, ці спраўляецца яна са сваімі мацярынскімі абавязкамі.
У інтэрнаце кожнай жанчыне з дзіцем выдзяляецца асобны пакой (для параўнання: у атрадзе зняволеныя жывуць у пакоі больш чым па дзесяць чалавек). Ёсць пакой для гульняў і кухня — з халадзільнікам, чайнікам. Ці вялікая чарга з ахвотных пераехаць сюды?
— На жаль, ахвотных нямнога. Вось такі парадокс, — здзіўляе начальнік Дома дзіцяці. — Пакояў 15, занятыя толькі два. Спачатку яшчэ пару жанчын хацелі засяліцца, але адмовіліся: не спраўляюцца. Напэўна, многім прасцей, калі дзяцей даглядаем мы, а яны прыходзяць толькі пагуляць. На сумеснае пражыванне пераходзім паэтапна — начаваць жанчыны пакуль не застаюцца.
Ірына — адна з тых мам, што засяліліся ў інтэрнат. Толькі што вярнулася са спаткання з мужам. Яе дачка Улада на чужых у пакоі не звяртае ўвагі: распакоўвае ляльку, якую атрымала ў падарунак ад бабулі.
У калонію Ірына трапіла праз наркотыкі. Дома ў яе знайшлі дзевяць грамаў асабліва небяспечнага псіхатропу. Далі дзевяць гадоў зняволення. Падрабязнасцяў жанчына пазбягае. «Я ж не на судзе, не хачу пра гэта расказваць».
Пра тое, што цяжарная, Ірына даведалася ў следчым ізалятары. Успамінае, што на пятым-шостым месяцы ёй назначылі дыету (дадаткова давалі малако, тварог) і некалькі гадзін пасцельнага рэжыму. Нараджаць жанчыну вазілі ў звычайную радзільню, у суправаджэнні канвою.
Улада — не першае яе дзіця. Дома маму чакаюць двайняты-другакласнікі. Цяпер іх даглядаюць муж і мама Ірыны.
— Бачуся з дзецьмі раз у 2,5—3 месяцы, па правілах часцей немагчыма. І то гэта я на палепшаных умовах, бо стаю на шляху выпраўлення: дагэтуль сустрэчы былі раз у чатыры месяцы.
З маленькай Уладай жанчына гуляе па графіку — з 15 да 17 і з 18 да 19 гадзін. «Вядома, хацелася б больш. Мы катаемся на арэлях, малюем, складаем пазлы. Дачка ў лато любіць гуляць».
Зараз дзяўчынцы крыху больш за два гады. Тры ёй споўніцца дома — яна паедзе туды літаральна праз пару месяцаў.
— Са снежня пойдзе ў садок — запісалі ўжо. Я такое рашэнне прыняла адразу. Мне здаецца, гэта разумна і нармальна. Розніца ў чым? Аддаць яе ў тры гады ці на пару месяцаў раней — мне аднолькава будзе цяжка. Але дом — гэта дом. Ужо рыхтуюць пакой для дачкі. Усё ў яе будзе.
«Пасля кесарава выпісалі праз чатыры дні»
Пасля заканчэння працоўнай змены на фабрыцы ў Доме дзіцяці становіцца ажыўлена. Жанчыны падыходзяць да акенца, каб атрымаць немаўля. Свайго Арцёмку бярэ і мама Таццяна.
— Якія мы прыбраныя! Кожны дзень мяняем гардэроб, — усміхаецца, аглядаючы сына.
Таццяна пры макіяжы — цені, туш, бляск для вуснаў. Кажа, што фарбуецца практычна кожны дзень. «Любая жанчына хоча быць прыгожай, у якім бы месцы ні была».
Мама гушкае малога і расказвае, як апынулася тут. Спачатку атрымала два гады за наркотыкі — падсела на іх, пасля таго як пахавала мужа. Праз час замянілі пакаранне на больш мяккае і адправілі на дамашнюю «хімію». Заставалася дабыць 20 дзён, калі жанчыну за парушэнні рэжыму асудзілі яшчэ на год і тры месяцы.
Ад першага шлюбу ў Таццяны засталіся два сыны — 12 і 7 гадоў. Пра іх пакуль клапоціцца свякроў. Арцём — дзіця ад новага мужчыны.
— Цяжарнасць была незапланаваная. Доўга вырашала, ці захаваць яе, — прызнаецца жанчына. — Для майго мужчыны гэта першынец.
У радзільню Таццяну адвозілі на «хуткай» — пачалі адыходзіць воды. Экстранна зрабілі кесарава. Выпісалі праз чатыры дні. Арцёмка прыехаў да мамы пазней: перш чым адправіць немаўля ў калонію, яго абследуюць у бальніцы. Цяпер у мамы ёсць дазвол ад гінеколага на ціхую гадзіну — напрыклад, у будныя дні яна можа дадаткова адпачываць на спальным месцы з 10 да 12 гадзін.
— Вядома, цяжка дзяўчатам з вялікімі тэрмінамі, якія аддаюць дзіця дадому. Тут не бачыш сына пару гадзін — ужо здаецца, вечнасць прайшла... Самі вінаваты, з аднаго боку. Аступіліся — што цяпер зробіш, — разважае Таццяна. — Некаторыя кажуць: вой, дрэнна, што праз вокны калоніі горад відаць — па сэрцы рэжа. А мне лягчэй так. У «Алмі» ў думках хаджу (смяецца).
Мама стараецца захоўваць аптымізм: маўляў, час пралятае незаўважна, калі ёсць аб кім клапаціцца. Выйдзе на фабрыку — дні пабягуць яшчэ хутчэй. Таццяна ўжо ўяўляе, як 28 снежня паедзе з падарункамі дадому.
— Першай справа — да мамы ў Нясвіж. Пасяджу ў дэкрэце, калі будзе магчымасць, пастараюся раней выйсці на работу, бабуля з дзіцем дапаможа. Праўда, у мяне спецыяльнасці няма, бухгалтарскія курсы толькі заканчвала.
Пра тое, што сёлета чакаецца амністыя, Таццяна чула. Але вялікіх надзей адносна сябе не мае. «415-ы — такі артыкул (ухіленне ад адбывання пакарання. — Аўт.)... Табе па сутнасці ўжо давалі шанц, а ты не скарыстаўся».
***
Не ўсе гісторыі — са шчаслівым канцом.
— На жаль, часам гады, праведзеныя дзіцем у калоніі, — найлепшыя ў яго жыцці, — уздыхае Марыя Запарованная. — Тут яно пад наглядам, накормленае, а дома... Ведаю, пра што кажу, бо праз паўгода пасля вызвалення жанчыны мы пасылаем запыт у органы апекі, каб даведацца, як у сям'і справы. І нярэдка малое трапляе ў дзіцячы дом, а маці пазбаўляюць бацькоўскіх правоў.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Мінск — Гомель — Мінск
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.